Сутнасць плагіяту

ф

Уявіце сабе супольнасць, якая кожны дзень выдаткоўвае па 100 тыс. долараў на будаванне фікцыйных дамоў, дамоў з картону. Адзіная функцыя такіх дамоў - гэта аднаразовы візуальны эфект: на 10 хвілін паказаць умоўнаму гледачу нешта, што выглядае, як дом. І ўсё. Пасля гэтага "дом" падлягае зносу, каб заўтра на яго месцы зноў пабудаваць дом, такі ж фікцыйны, з такім жа эфектам. Такія дамы не прыдатныя да пасялення, працэс іх будавання не спрычыняецца да развіцця будаўнічых навыкаў у будаўнікоў. Усе прывыклі да такога стану рэчаў і мала хто ўспрымае гэту практыку як заганную. Падлічыце, колькі рэсурсаў такім чынам марнуецца цягам месяца, году, дзесяцігоддзя...

Пры найбольш аптымістычных ацэнках, як мінімум 50% белар. студэнтаў прыбягае да плагіяту. Пераважная большасць такіх плагіятаў прымаюцца выкладчыкамі і атрымліваюць станоўчую (часам высокую) адзнаку. То бок, адны робяць выгляд, што нешта робяць, іншыя робяць выгляд, што правяраюць. І адны, і другія, удзельнічаюць у стварэнні фікцыяў. Давайце падлічым, колькі часавых і энергетычных рэсурсаў траціцца на прадукаванне вось гэтых фікцый. У краіне колькасць студэнтаў вагаецца паміж 250 і 300 тыс. Калі хаця б палова з іх прыбягае да плагіяту, гэта значыць, цягам семестра траціцца ад 700 тыс. да 1 млн гадзінаў на прадукаванне фікцыяў. Да гэтага трэба дадаць 300 - 500 тыс. гадзін, сумарна трачаных выкладчыкамі на "праверку" фікцыяў. Ад мільёна да паўтара мільёна гадзінаў змарнавана толькі за паўгода. Дадайма яшчэ выдаткі ў форме псіхафізічных сілаў (каб стварыць і "праверыць" плагіят намаганні ўсё ж такі патрэбны, меншыя ці большыя), дадайма выдаткі ў форме паперы і тонера, якія выдаткоўваюцца на раздрукоўванне гэтых фікцыйных прац. Памножце на дзесяць, пятнаццаць, дваццаць гадоў трывання такога стану рэчаў - і вы пабачыце, што мы маем дачыненне ці не з самым маштабным марнатраўствам.

Але самае горшае наступства такога сістэмнага марнатраўства - што яно спрыяе прывыканню да прадукавання фікцый. Прывыкнуўшы да фікцый у адной сферы, чалавек будзе іх прымяняць у другой і трэцяй: у бізнэсе, у мэнэджмэнце, у палітыцы, дзе заўгодна. Не трэба мець ілюзій, што студэнт, каторы сістэматычна прыбягае да плагіяту ў ВНУ, перастане гэта рабіць, пакінуўшы ўстанову. Ён прадоўжыць плагіяціць (= марнаваць рэсурсы на стварэнне фікцый), толькі ў іншым месцы і з іншымі, ужо больш сур'ёзнымі, наступствамі для грамадства.

Плагіят у Беларусі - гэта перадусім форма марнатраўства, прычым сістэмнага, некантраляванага і масавага. Першы крок да пераадолення праблемы - усведамленне яе наяўнасці. Праблема ёсць, і яна сур'ёзная. Другі крок - усвядоміць, што яе пераадоленне залежыць ад нас. Не ад законаў гісторыі, не ад прагрэсу лічбавых тэхналогій, а ад дзеянняў або бяздзеяння людзей.