Беларускі штогоднік - 2011

Друкаваная версіяPDF версія

Выйшаў з друку "Беларускі штогоднік 2011». Яго прэзентацыя адбылася 26 чэрвеня ў сталічнай галерэі "Ў". Як адзначалі навукоўцы і эксперты, якія прынялі ўдзел у мерапрыемстве, кожны Штогоднік (ён выдаецца ўжо ў восьмы раз) — гэта не проста зборнік аналітычных матэрыялаў, гэта — найноўшая гісторыя краіны, якая пішацца незаангажаванымі, не залежнымі ад якіх-небудзь карпарацый даследчыкамі і аналітыкамі.

Між тым аўтары «Беларускага штогодніка 2011» канстатуюць, што асноўнымі тэндэнцыямі 2011 года сталі:

  • «Звужэнне дзяржавы» — тэндэнцыя выразна акрэслілася ў 2010 годзе і выяўляецца ў засяроджванні права прыняцця рашэнняў ў коле ўсё больш абмежаванага ліку асоб, якія не нясуць адказнасці за рэалізацыю прынятых рашэнняў;
  • інстытуцыйная трансфармацыя: фармаванне «другога» ўрада ў выглядзе сілавых структур пры нарастаючым крызісе дзяржкіравання на ўзроўні «першага» ўрада, Нацыянальнага банка і Адміністрацыі прэзідэнта;
  • крызіс дзяржаўнай палітыкі ў цэлым, які выяўляецца ў няздольнасці кіруючага класа прапанаваць праграму рэформаў;
  • максімальна шырока разумеецца крызіс даверу;
  • інтэнсіўнае купіраванне ўладамі ўсіх магчымых формаў пратэстнай дзейнасці і шырэй — палітычнага актывізму;
  • нарастаючая палітычная ізаляцыя Беларусі пры ўзмацненні залежнасці ад адзінага эканамічнага і палітычнага крэдытора — Расіі;
  • фінансавы крызіс як форма балючага збаўлення ад назапашаных макраэканамічных дыспрапорцыяў;
  • Беларусь як актыўны спажывец крэдытных рэсурсаў завяршыла год з няяснымі перспектывамі вяртання выкарыстаных сродкаў і пошукамі новых.

На думку складальнікаў «Беларускага штогодніка 2011», усе тэндэнцыі 2011 атрымалі свой працяг і ў 2012 годзе. Крызіс 2011 як яснае сведчанне дасягнення «беларускай мадэллю» пункту распаду паставіў ўлады і грамадства Беларусі перад выбарам паміж глыбокімі трансфармацыямі сацыяльна-эканамічнай мадэлі і перадачай адказнасці дзяржавы знешнім партнёрам. Ухіліўшыся ад гэтага выбару, беларускія ўлады паспрабавалі працягваць ранейшую палітыку з мэтай захаваць палітычнае кіраўніцтва. У выніку, да сярэдзіны 2012 года можна канстатаваць і абвал сацыяльна-эканамічнай мадэлі і адначасова перадачу часткі важных дзяржаўных функцый адзінаму знешнепалітычнаму партнёру — Расіі. Пакуль нельга сказаць, што пункт незвароту ў страце беларускай дзяржаўнай незалежнасці пройдзены, але пагроза такой страты надзвычай высокая.

У працы над «Беларускiм штогоднікам 2011» прынялі ўдзел незалежныя аналітыкі і эксперты, а таксама спецыялісты, якія прадстаўляюць розныя даследчыя цэнтры. Сярод іх BISS, Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», даследчы цэнтр Інстытута прыватызацыі і менэджменту, Агенцтва гуманітарных тэхналогій, лабараторыя аксіяметрычных даследаванняў НОВАК, Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), Беларускі эканамічны даследча-адукацыйны цэнтр (BEROC), Цэнтр ўсходніх даследаванняў (г. Варшава, Польшча), аналітычны цэнтр «Палескі фонд міжнародных і рэгіянальных даследаванняў» (г. Чарнігаў, Украіна), даследчы цэнтр eBelarus.

«Беларускі штогоднік 2011» цалкам даступны ў фармаце pdf на беларускай/рускай і англійскай мовах. У бліжэйшы час ён будзе надрукаваны у html фармаце на нашым сайце.