Паўгадавы маніторынг асноўных тэндэнцый BISS-Trends (студзень-чэрвень 2013 г.)

Друкаваная версіяPDF версія

Дадзены выпуск «BISS-Trends» прадстаўляе сабой паўгадавы маніторынг асноўных тэндэнцый у развіцці беларускай дзяржавы і грамадства ў першай палове 2013 г.

Маніторынг прысвечаны асноўным тэндэнцыям у наступных галінах: 1. палітычная дэмакратызацыя / палітычная лібералізацыя; 2. эканамічная лібералізацыя; 3. якасць кіравання і вяршэнства права; 4. геапалітычная арыентацыя; 5. культурная палітыка.

У сферы палітычнай дэмакратызацыі / палітычнай лібералізацыі ў першым паўгоддзі 2013 года працягнулася тэндэнцыя мінулага года — далейшая стагнацыя без скачка маштабаў рэпрэсій. З красавіка 2012 года, калі былі вызваленыя Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка, новых выпадкаў вызвалення палітвязняў не адбылося. На фоне захавання ранейшай тэндэнцыі стагнацыі паказчыкаў у сферы свабоды слова, свабоды асацыяцый, свабоды сходаў  значнымі падзеямі паўгоддзя сталі абмеркаванне і прыняцце змяненняў у заканадаўства, якое рэгулюе свабоду асацыяцый і парадак правядзення выбараў.

У эканамічнай сферы працягнулася тэндэнцыя захавання збалансаванай макраэканамічнай сітуацыі пры адсутнасці структурных рэформаў у эканоміцы. Неабходная для павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі і стварэння ў ёй новых пунктаў росту структурная перабудова падмяняецца абвешчанай у канцы мінулага года мадэрнізацыяй прамысловасці.

У галіне якасці кіравання і вяршэнства закона адбыліся толькі асобныя пазітыўныя з'явы, сярод якіх — ініцыятыва па рэфармаванні і скарачэнні колькасці дзяржапарату з адначасовым павышэннем узроўню аплаты працы чыноўнікаў. У цэлым  у першым паўгоддзі захавалася тэндэнцыя рэгрэсу, практыка дзяржаўнага ўмяшання ў эканоміку і іншыя сферы жыцця грамадства працягнулася.

У першым паўгоддзі 2013 года працягнуўся працэс узмацнення залежнасці Беларусі ад Расіі. Інтэграцыя ў рамках АЭП і пераход Расіі да палітыкі выключна дазіраванай эканамічнай падтрымкі для Беларусі істотна звужаюць поле для манеўру беларускаму кіраўніцтву.

Падзеі мінулага паўгоддзя толькі падцвердзілі адсутнасць у Беларусі сур'ёзнай канцэпцыі развіцця нацыянальнай культуры, паслядоўнай і ўзважанай дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне. "Мяккая беларусізацыя" працягваецца пераважна ў неафіцыйным культурным полі, пры падтрымцы асобных няўрадавых арганізацый і грамадзянскіх ініцыятыў.

Чытайце BISS-Trends ў фармаце pdf