«Трэці шлях» Беларусі

Зварот прэзідэнта на ўрачыстым сходзе з нагоды святкавання Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь у параўнанні са зваротам мінулага года хоць і стаў большым па аб'ёме, але ў цэлым захаваў набор «класічных» сэнсавых блокаў. Асноўнае ж адрозненне ад леташняга звароту — змена знешнепалітычнай рыторыкі, якая практычна не закранае адносіны з Захадам і Расіяй па асобнасці. Замест гэтага ў зварот быў прыўнесены новы пасыл - тэма інтэграцыі як асаблівага шляху развіцця Беларусі.

Інтэграцыя vs. «Глухі плот» і паглынанне

У пасланні гэтага года прэзідэнт традыцыйна спыняецца на тэме подзвігу, здзейсненага беларускім народам падчас Другой сусветнай вайны, і вялікую цану, якую прыйшлося заплаціць беларусам, каб «здабыць перамогу для ўсёй Еўропы». У далейшым гэты сэнсавы блок перарастае ў невялікі экскурс у гісторыю станаўлення дзяржаўнасці Беларусі, перад якой у свой час паўстаў выбар шляху, па якім павінна пайсці беларуская незалежнасць: незалежнасць нацыянальнай дзяржавы («глухі плот» і рудымент, ад якога «адмовілася большасць краін у канцы XX стагоддзя »), альбо «залежнасць» у складзе сваёй усходняй суседкі.
Як лічыць прэзідэнт, Беларусь змагла выстаяць і перад «нацыяналістамі», якія ірвуцца да ўлады, і перад цяжкасцямі, якія перашкаджаюць ёй існаваць у якасці асобнай самастойнай дзяржавы. Дзяржавай быў абраны трэці шлях развіцця — шырокая інтэграцыя і супрацоўніцтва, якія ў сучасным свеце выбрала большасць краін свету, у тым ліку Еўропа, якая «робіць усё для выратавання інтэграцыі», а таксама дзяржавы-гіганты — ЗША і Кітай.
Такім чынам, знік «абвінаваўчы» сэнсавы блок, які ўтрымліваў выказванні аб жаданні некаторых дзяржаў па розных прычынах «паставіць Беларусь на калені» — да яго прэзідэнт рэзка пераходзіў амаль у самым пачатку леташняга звароту. Наогул знешнепалітычны блок у пасланні гэтага года цалкам пазбаўлены любых катэгарычных выказванняў у адрас Захаду ці Расіі, у ім не толькі не гучыць тэма санкцый (у мінулым годзе адзначалася, што Беларусь «бамбуюць імі», каб «прымусіць скакаць пад брусельскую дудку»), але і ў прынцыпе адсутнічае якая-небудзь канкрэтыка.

Працягласць звароту павялічылася за кошт замены «абвінаваўчага» блоку на «інтэграцыйны», значную частку якога складае апісанне інтэграцыйнай стратэгіі развіцця Беларусі. Указваецца, што еўразійскі інтэграцыйны праект (Адзіная эканамічная прастора. - Аўт.), у якім удзельнічае Беларусь, разглядаецца ёю не як палітычны інструмент і спосаб «ізаляцыі» і «стварэння закрытага рынку», а як першы крок на шляху «далейшай інтэграцыі з Еўрасаюзам на Захадзе і дынамічнымі азіяцкімі эканомікамі на Усходзе». Прычым Беларусь будзе «пярэчыць» любым спробам змяніць такі інтэграцыйны прынцып. Асноўнай мэтай удзелу ў інтэграцыйным праекце прэзідэнт абвясціў аптымізацыю эканамічных адносінаў для павышэння ўзроўню жыцця простых беларусаў.
Ідэя свайго роду мега-інтэграцыі з удзелам Беларусі як яе злучнага звяна, — ход цікавы па дзвух прычынах. Па-першае, гэта спроба эканамічнай рацыяналізацыі праекта ўсходняй інтэграцыі, які дэ-факта з'яўляецца адным з метадаў «сыходу» ад санкцый ЕС. Па-другое, гэтая ідэя цікавая як «акно магчымасцяў» для рэалізацыі патэнцыйных эканамічных рэформаў у самой Беларусі.

Сацыяльная мадэль Беларусі — без акцэнту

Значная частка леташняга звароту ўяўляла сабой кароткі пераказ асноўных тэзісаў звароту да народа і парламента. Гэта было сціснутае, але шырокатэматычнае апісанне мадэлі беларускай сацыяльнай дзяржавы, якое ўключала ў сябе цэлы шэраг тэзісаў, ад пералічэння яе вартасцяў як формулы пераходу ад постсавецкай да развітай эканомікі, да правілаў паводзін эканамічных агентаў і пытанняў прыватызацыі. У звароце гэтага года сэнсавы блок «унікальнай мадэлі» скарочаны і ў цэлым зводзіцца да пералічэння дасягненняў.