Пасланне народу-2012: зменшанае, скарочанае, змякчанае

«Адкладзенае» пасланне Аляксандра Лукашэнкі, чытанне якога было перанесенае на тры тыдні праз «неабходнасць унясення правак», у асноўным сваім змесце мала чым адрозніваецца ад паслання папярэдняга года. Аднак, нягледзячы на захаванне большасці сэнсавых блокаў і іх асноўнага зместу, у параўнанні з папярэднім годам, пасланне інакш расстаўляе акцэнты па шэрагу пытанняў і дэманструе змякчэнне рыторыкі.

Сярод найбольш важных адрозненняў асабліва вылучаецца змена прыярытэтаў у знешнепалітычным блоку і ў частцы паслання, якая тычыцца дэмакратыі і правоў чалавека. У адносінах да заходніх краін і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі абвешчана аб гатоўнасці да дыялогу і адсутнасці варожасці, а ў дачыненні да паслоў краін ЕС зроблены ветлівы і падкрэслены рэверанс. На адрас Расіі Лукашэнка выказаўся вельмі асцярожна, што кажа аб жаданні «прамацаць глебу» ў адносінах пасля прыходу да ўлады Уладзіміра Пуціна.

«Вашы грошы на нашых умовах»

У параўнанні з мінулым годам, асноўны акцэнт эканамічнага блока перайшоў з пытанняў неабходнасці мадэрнізацыі, павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі і паляпшэння навукова-тэхнічнай базы на пытанні прыватызацыі і прыцягнення інвестыцый. Леташняя рыторыка ў духу «нельга прадаваць народнае!» знікла, яе змяніла сцвярджэнне аб тым, што «любое прадпрыемства сёння можа быць прададзенае» з умовай забеспячэння празрыстасці працэсу прыватызацыі і захаваннем адэкватнасці умоў куплі інвестарам.

Нягледзячы на тое, што ў якасці асноўнага механізму прыцягнення інвестыцый згадваецца выключна спрашчэнне доступу да інвестпраектаў і транспарэнтнасць умоў інвеставання, у пачатку паслання аб’яўляецца амаль дырэктыўнае «ёсць ідэя — шукайце інвестара!», што азначае нежаданне адыходзіць ад метадаў прамога прыцягнення інвестараў. У сувязі з гэтым узнікаюць асцярогі, што на практыцы закон «Аб інвестыцыях», адносна неабходнай дапрацоўкі якога ў пасланні даюцца дакладныя ўказанні, спасцігне лёс дырэктывы № 4, так і не выкарыстанай у якасці «дарожнай карты» стымулявання прадпрымальніцтва.

Акцэнт на пытаннях інвеставання і прыватызацыі – асноўнае адрозненне эканамічнага блока паслання гэтага года ў параўнанні з папярэднім. Пытанні эфектыўнасці рэгулявання, забеспячэння экспартнай канкурэнтаздольнасці і паляпшэння навукова-тэхнічнай базы, на якіх Лукашэнка падрабязна спыняўся ў мінулым годзе, згаданыя коратка і вельмі размыта, і ў цэлым зводзяцца да тэзіснага пераказу палажэнняў паслання мінулага года. Значна скарочаны аб’ём у мінулым годзе вялікага сэнсавага блока, што датычыцца ўкаранення інавацый і павышэння навукаёмістасці эканомікі, пры гэтым зместам ён фактычна паўтарае пасланне 2011 г.

У пытанні рэгулявання заробкаў адказнасць за іх рост фактычна была перакладзена на кіраўнікоў прадпрыемстваў: «заробак мусіць быць зароблены», прычым яго рост звязваецца з эфектыўнасцю кіравання канкрэтным прадпрыемствам і «кіраваным» павышэннем прадукцыйнасці працы. Тэма стрымлівання цэн і падзення курсу рубля згадваецца коратка і ў цэлым зводзіцца да тэзіснага сцвярджэння: трэба стрымаць і трэба ўтрымаць.

Верагодна, перастаноўка акцэнтаў у пасланні сведчыць аб тым, што ў цяперашняй сітуацыі на першы план выходзіць пытанне папаўнення бюджэту за кошт некрэдытных паступленняў, якое адсоўвае нават пытанне неабходнасці «выраўноўвання» сацыяльнага кантракту для забеспячэння далейшай пакупкі лаяльнасці насельніцтва.

«Яны любяць нашу краіну!», або гатоўнасць да дыялогу

Блок аб правах чалавека ў пасланні гэтага года дэманструе значнае змякчэнне рыторыкі і зместам непарыўна звязаны з каментарамі аб будучых парламенцкіх выбарах і дыпламатычным скандале напачатку гэтай вясны. Абрынуўшыся ў пасланні мінулага года з крытыкай на «пятую калону» і палітыку «празмернай дэмакратызацыі» перад прэзідэнцкімі выбарамі, у гэтым годзе Лукашэнка дэкларуе гатоўнасць да дыялогу з заходнімі краінамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ўнутры краіны, нягледзячы на рознагалоссі з Еўропай, якія ўзніклі ў пачатку гэтага года.

Акрамя таго, у гэтым блоку быў зроблены рэверанс у бок паслоў краін ЕС, якія гэтай вясной выехалі з краіны ў выніку дыпламатычнага скандалу. Паводле слоў прэзідэнта, ад’езд паслоў адбыўся супраць іх непасрэднай волі, пры тым, што яны расцэньваюць Беларусь як спакойную і прывабную для жыцця краіну, у якой «дэмакратыі не менш, чым у іх».

У тэме аб парламенцкіх выбарах падкрэсліваецца неабходнасць захавання працэдуры іх арганізацыі і правядзення без любых змяненняў заканадаўства. Пры гэтым у чарговы раз (у параўнанні з пасланнем 2008 г.) выказваецца надзея на тое, што «частка дэпутатаў цяперашняга склікання ўвойдзе ў новы парламент». Таму, нягледзячы на пастуліраванне ролі новага парламента ў якасці «цэнтра энергічнай заканатворчасці» і сцвярджэнне аб магчымасці пераходу на змешаную выбарчую сістэму («магчыма, у будучыні мы саспеем»), пасля выбараў парламент як інстытуцыянальная структура, хутчэй за ўсё, працягне граць ролю дадатку ў палітычнай сістэме, а пытанне аб справядлівасці і адкрытасці выбараў знятае не будзе.

Адначасова з гэтым, пасланне дэманструе сэнсавыя разыходжанні ў пункце забеспячэння свабоды асацыяцый. Нягледзячы на ўжо згаданую гатоўнасць да дыялогу з грамадзянскай супольнасцю і сцвярджэнне аб тым, што «дзяржава павінна даваць максімум свабоды», парламент дэкларуецца як ледзь не адзінае месца для дыскусій па грамадска-палітычных пытаннях.

«У інтэрнэце мы заклапочаныя тым жа, чым і Захад»

Частка блока аб інфармацыйных тэхналогіях замяніла сабой блок леташняга паслання, у якім прэзідэнт казаў пра месца і ролю СМІ ў дзяржаве і грамадстве. Гэты раздзел значна скараціўся і закранае пытанні выкарыстання інтэрнэту ў краіне і развіцця Парку высокіх тэхналогій.

У рыторыцы аб выкарыстанні інтэрнэту адчуваецца адгалосак маўклівых акцый пратэстаў мінулага года: Лукашэнка кажа аб выкарыстанні інтэрнэту для арганізацыі рэвалюцый у арабскіх краінах і канстатуе, што ў Беларусі такі сцэнар немагчымы, а інтэрнэт павінен выкарыстоўвацца для мірных мэтаў і ні ў якім разе не для спробаў падарваць сілу дзяржавы.

Асобная ўвага надаецца Парку высокіх тэхналогій, адносна развіцця якога, у параўнанні з мінулым годам (тады – проста згадка), даюцца досыць выразныя, хоць і кароткія ўказанні: прыцягненне венчурных інвестыцый і развіццё новых тэхналогій пры падрыхтоўцы адпаведнага дэкрэта ўрада.

Рэформа МУС у «бліжэйшы год»

Сэнсавы блок, які ў мінулым пасланні не закранаўся асобна нават у сувязі з тэрактамі, учыненымі ў мінскім метро 11 красавіка 2011 г. Тут расстаўлена 2 акцэнты: на дзеяннях сілавых структур і на працы судовай сістэмы.

Прэзідэнт паказвае, што ў працы сілавых структур больш недапушчальныя «расправы і звядзенне рахункаў з непажаданымі». Падобнае выказванне нельга адназначна трактаваць як падставу да зніжэння ціску на апазіцыю і «адкручванне гаек», паколькі ў гэтай сувязі Лукашэнкам асобна былі згаданыя злоўжыванні пры барацьбе з карупцыяй, а галоўным органам, кантралюючым дзеянні сілавых структур, быў названы Следчы камітэт.

Важная агаворка, зробленая прэзідэнтам, тычылася пачатку рэфармавання сістэмы сілавых органаў і канкрэтна структуры МУС на працягу бліжэйшага года.

У дачыненні да судовай сістэмы было ўказана на неабходнасць перагляду практыкі вынясення прысудаў з заключэннем пад варту па эканамічных злачынствах і «пераадоленні абвінаваўчага ўхілу» па такіх справах, а таксама зніжэння колькасці кантрольных праверак бізнесу.

На пытанне парламентарыя аб магчымасці ўвядзення ў Беларусі мараторыя на смяротнае пакаранне Лукашэнка адказаў, як і на любое нязручнае пытанне, вельмі неадназначна. Грамадства, быць можа, і гатова да ўвядзення мараторыя, але пытанне павінна вырашацца прэзідэнтам разам з насельніцтвам рэспублікі. Іншымі словамі, тут ясна тое, што нічога не ясна.

Будучыня без варожасці, але з інтэграцыяй

Блок аб міжнародных адносінах займае значную частку паслання, аднак змест яго практычна не змяніўся, і па-ранейшаму ўвага акцэнтуецца на шматвектарнасці беларускай знешняй палітыкі. Дыпламатычны скандал пачатку вясны гэтага года закрануты толькі ўскосна сцвярджэннем аб тым, што ў Беларусі няма варожасці да Еўрапейскага саюзу і для яе нехарактэрныя геапалітычныя «арэлі», хутчэй наадварот – у яе інтарэсах інтэграцыя і развіццё супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. Знешнепалітычны блок быў дадаткова змякчаны ветлівым зваротам да амбасадараў у раздзеле аб дэмакратыі.

Асобным пунктам прэзідэнт згадаў ініцыятыву «інтэграцыі інтэграцый» па стварэнні агульнай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока, і «вялікі прыход» Кітая ў Беларусь як канвертаванне «палітычных пераваг ў эканамічныя». Акцэнт пастаўлены таксама на неабходнасць далейшай інтэграцыі ў межах ужо існуючай Адзінай эканамічнай прасторы.

Вельмі мала – і вельмі стрымана ды карэктна – прэзідэнт казаў пра адносіны з Расіяй. Такі фармат гэтай часткі знешнепалітычнага блока паслання хутчэй за ўсё звязаны з нядаўнім уступленнем Уладзіміра Пуціна на пасаду прэзідэнта Расіі: Лукашэнка не ўпэўнены ў яго першых дзеяннях і на гэты раз вырашыў не «спрабаваць на зуб» межы дапушчальных паводзін.

Высновы

Пасланне прэзідэнта гэтага года ў цэлым мала змянілася па структуры ў параўнанні з леташнім. Нязменным у сваім змесце застаўся шэраг тэматычных блокаў, а агульны сэнс паслання змяніўся выключна за кошт перастаноўкі акцэнтаў з адных блокаў на іншыя. Асноўнае адрозненне паслання гэтага года – яго значнае змякчэнне ў блоку аб правах чалавека і асцярожнасць (хутчэй нават падкрэсленая ветлівасць) у знешнепалітычным блоку.

Хутчэй за ўсё, перанос чытання паслання быў звязаны менавіта з неабходнасцю ўнясення змяненняў у сэнсавы блок, які тычыцца знешняй палітыкі. У тэксце паслання неабходна было дакладна «вызначыцца» з вынікамі вырашэння крызісу ў адносінах з Еўропай і прадэманстраваць адпаведную пазіцыю Беларусі (у дадзеным выпадку гэта настроенасць на дыялог).

Яшчэ адна адметная асаблівасць паслання гэтага года – малы аб’ём у параўнанні з пасланнем мінулага года. Лукашэнка ніяк не закранаў тэмы СМІ і надаў мала ўвагі нязручным тэмам: росту заробкаў і тармажэнню інфляцыі. Акрамя таго, асобна не закраналася тэма прадпрымальніцтва (усплыла яна толькі ў частцы пытанняў і адказаў) і значна скараціліся часткі, якія тычацца мадэрнізацыі эканомікі, эфектыўнасці дзяржкіравання і ўкаранення інавацый. Відавочна, што ў гэтым пасланні прыярытэтам стаў мэсадж знешнепалітычнага і «дэмакратычнага» блокаў, важнасць якога была абумоўленая абвастрэннем адносін з ЕС у пачатку гэтага года.