Што здарылася з Украінай і якімі могуць быць наступствы для Беларусі?

Друкаваная версіяPDF версія

Палітычны крызіс ва Украіне, які пачаўся ў лістападзе мінулага года, ужо даўно перарос нацыянальныя межы, але ўсё яшчэ далёкі ад вырашэння. Нягледзячы на гэта, ужо цяпер можна зрабіць некаторыя высновы з сітуацыі, у тым ліку і для Беларусі. Што адбываецца ва Украіне? Чаму Расія анексавала Крым? Якая пазіцыя афіцыйнага Мінска, і якія высновы магла зрабіць беларуская ўлада? На гэтыя пытанні мы паспрабавалі даць адказ у гэтым кароткім бліцы.

Рэвалюцыя ці пераварот?

З моманту падзей на Майдане і наступнай змены палітычных элітаў прайшло пакуль занадта мала часу, і яшчэ рана казаць пра новы кансалідаваны палітычны рэжым. Пры гэтым аналізаваць украінскі пераход з выкарыстаннем класічных схем транзіталогіі немагчыма – тут вынік будзе залежаць не столькі ад барацьбы ўнутраных элітаў, колькі ад знешніх фактараў (гульня Расіі і Захаду).

На дадзены момант відавочна, што радыкальнага злому палітычнай сістэмы і грамадскага ўкладу не адбылося. Таму трактаваць падзеі, якія адбыліся ва Украіне, як рэвалюцыю ў поўным сэнсе гэтага слова нельга, можна казаць толькі пра сілавое адхіленне ад улады палітычнай групы, якая страціла легітымнасць[1].

Пры гэтым адхіленне Віктара Януковіча адбылося без правядзення належнай працэдуры імпічменту. Дадзеная акалічнасць дазволіла расійскаму боку выкарыстоўваць аргумент аб нелегальнасці новай украінскай улады пры адстойванні сваёй пазіцыі па Украіне на міжнароднай арэне.

Палітычны крызіс ва Украіне ўсё яшчэ знаходзіцца ў стадыі развіцця. Магчымы працяг развіцця падзей у рэвалюцыйнай логіцы, паколькі Майдан не рэалізаваў сваіх задач (выкараненне карупцыі, інтэграцыя з ЕС, змяненне сістэмы кіравання ў краіне), але стаў небяспечным інструментам барацьбы за ўладу. У прыватнасці, па-сепаратысцку настроеныя актывісты на ўсходзе Украіны капіююць метады Майдана, спрабуючы такім чынам сябе легітымізаваць.

Падзеі некалькіх мінулых месяцаў далі ўкраінскай эліце ўрок палітычнага кампрамісу і дамоваздольнасці. Баланс сіл ва Украіне, які склаўся з пачатку 1990-х гг., а каранямі сыходзіць у 1980-я гг., пры якім розныя бізнес-адміністрацыйныя групы канкуруюць за ўладу, але ніхто не здольны ўсталяваць поўны кантроль над апанентамі, быў відавочна парушаны. Адмова ад кампрамісу са старой уладай і няздольнасць лідэраў апазіцыі кантраляваць радыкальна настроеную яе частку прывялі да вакууму ўлады, паспешлівых няслушных палітычных рашэнняў новай улады[2] і, у рэшце рэшт, спрыялі таму, што для Расіі адкрылася акно магчымасцяў па захопе часткі тэрыторыі краіны.

Чаму быў страчаны Крым?

Насуперак канспіралагічным версіям аб планах расійскай улады, стратэгія Крамля па анексіі Крыма, хутчэй за ўсё, фарміравалася па меры назапашвання памылак новага ўкраінскага кіраўніцтва. Верагодна, першапачатковы план Уладзіміра Пуціна заключаўся ў тым, каб стварыць доўгатэрміновы ачаг нестабільнасці ва Украіне ў выглядзе непадкантрольнай Кіеву тэрыторыі (па прыкладзе Прыднястроўя) з мэтай недапушчэння поўнай пераарыентацыі Украіны на Захад і стварэння дадатковага інструмента ўплыву на ўнутрыпалітычныя працэсы. Аднак па меры паглыблення крызісу ва Украіне і пашырэння маштабу інфармацыйнай вайны Крэмль прыняў рашэнне выкарыстаць фактар Крыма для дасягнення ўнутрырасійскай мэты па кансалідацыі цэнтральнай улады. Аб паспяховасці вырашэння гэтай задачы мы можам судзіць па росце рэйтынгу Пуціна і ўзмацненні патрыятычных настрояў сярод расійскага насельніцтва.

Адмова новых уладаў абараняць Крым, з аднаго боку, дазволіла пазбегнуць ваеннай паразы Украіны і зневажальнай мірнай дамовы, навязанай з пазіцыі сілы, а з другога – прадэманстравала слабасць і нерашучасць новых украінскіх уладаў, а таксама адсутнасць баяздольнай арміі. Акрамя таго, дадзеная акалічнасць не дазволіла сусветнай супольнасці больш актыўна ўмешвацца ў сітуацыю і даць істотную дапамогу Украіне як аб’екту агрэсіі. Такая тактыка была б апраўданая ў выпадку поўнамаштабнага ваеннага ўварвання з выкарыстаннем узбраення. Аднак у Крыме мела месца не класічная ваенная агрэсія, а, хутчэй, палітычная спецаперацыя новага тыпу, да рэагавання на якую ўкраінскія ўлады (як і заходнія палітыкі) аказаліся не гатовыя і таму не змаглі нічога зрабіць для процідзеяння блакадзе, а потым і далучэнню паўвострава да Расійскай Федэрацыі.

Прававы аспект дзеянняў Расіі

Непрызнанне новых украінскіх уладаў з’яўляецца суверэнным правам Расіі і любой іншай дзяржавы, аднак ніякім чынам не змяншае палажэнні Статута ААН і нормаў міжнароднага права, якія гарантуюць захаванне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы.

Знаходжанне расійскіх узброеных сілаў па-за базамі дыслакацыі, абумоўленымі двухбаковымі пагадненнямі, і блакаванне імі ўкраінскіх ваенных частак у Крыме з’яўляецца відавочным парушэннем нормаў міжнароднага права, у прыватнасці, артыкула 2 (4) Статута ААН, які забараняе выкарыстанне пагрозы сілай або яе прымяненне супраць тэрытарыяльнай недатыкальнасці або палітычнай незалежнасці любой дзяржавы.

Міжнароднае права дазваляе замежнай дзяржаве ўводзіць свае войскі на тэрыторыю іншай суверэннай дзяржавы і выкарыстоўваць сілу ў трох канкрэтных выпадках: пры наяўнасці распараджэння Савета Бяспекі ААН, адпаведнай згоды ўладаў краіны, на тэрыторыі якой прымяняецца замежная ўзброеная сіла, а таксама ў рамках самаабароны. Пад апошні пункт як раз падпадае канцэпцыя «абароны грамадзян», якая і была выкарыстаная Расіяй. Згодна з ёй, адна дзяржава можа прымяніць сілу ў дачыненні да іншай з мэтай абароны сваіх грамадзян ад няўхільнай пагрозы, што ідзе ад немагчымасці або няздольнасці ўладаў абараніць цывільнае насельніцтва.

Савет бяспекі ААН, як вядома, не прымаў рашэння аб увядзенні войскаў. Згоды ўладаў Украіны таксама не было: нават калі лічыць В. Януковіча законным прэзідэнтам, рашэнне аб запрашэнні замежных войскаў павінна зацвердзіць і Вярхоўная Рада, чаго не адбылося. Адсутнічаюць і дакладныя дадзеныя аб маштабных парушэннях правоў чалавека ў Крыме, такія як напад на грамадзян Расіі або пагроза нанясення ім цяжкіх цялесных пашкоджанняў, таксама як і дадзеныя аб няздольнасці альбо нежаданні новай украінскай цэнтральнай улады забяспечыць бяспеку расійскіх грамадзян, якія пражываюць у Крыме. Такім чынам, выкарыстаныя Расіяй у Радзе Бяспекі ААН легальныя аргументы для апраўдання блакады Крыму і яго адрынання ад Украіны не вытрымліваюць крытыкі. Больш за тое, нягледзячы на частыя спасылкі расійскага боку на косаўскі прэцэдэнт для ўказання на «падвойныя стандарты» ЕС, крымскі выпадак мае прынцыповыя разыходжанні з выпадкам абвяшчэння незалежнасці Косава.

Урокі Крыма

Падзеі ў Крыме, безумоўна, сталі трывожным сігналам для лідэраў постсавецкіх дзяржаў, што выстройвалі інтэграцыйныя сувязі з Расіяй. Верагодна, на пазачарговай сустрэчы з Лукашэнкам і Назарбаевым у сакавіку 2014 года Уладзімір Пуцін прыклаў значныя намаганні, каб пераканаць сваіх партнёраў у тым, што радыкальны крымскі сцэнар зусім не варта прымяраць на іншыя сумежныя краіны і што ён гіпатэтычна магчымы толькі ў выпадку, калі яму папярэднічае «майданаўскі» сцэнар у Мінску ці Астане.

Яшчэ адным «трывожным званочкам» з’яўляецца абмеркаванне ў расійскім парламенце законапраектаў аб спрошчаным атрыманні расійскага грамадзянства, хоць прапанаваныя два гады таму законапраекты аб радыкальным спрашчэнні атрымання расійскага пашпарта для выхадцаў з постсавецкіх рэспублік былі адрынутыя Думай восенню 2013 г.[3]. Аднак пад уплывам украінскіх падзей у канцы лютага 2014 г. у расійскі парламент былі ўнесеныя абноўленыя праекты закона, адзін з якіх атрымаў ухвальны каментар прэм’ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева. У выпадку прыняцця адпаведнага закона жыхары Беларусі і Украіны змогуць пры жаданні атрымаць расійскае грамадзянства ўсяго на працягу трох месяцаў пры ўмове адмовы ад свайго ранейшага грамадзянства. Такі ход можа зрабіць яшчэ больш актуальнай пагрозу страты працаздольнага насельніцтва ва ўмовах і без таго складанай дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі.

Постсавецкія кіраўнікі будуць значна больш асцярожныя і з еўрапейскім выбарам развіцця, паколькі ён можа стварыць пагрозу незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці краін праз магчымыя агрэсіўныя дзеянні ў адказ з боку Расіі. У выніку вымалёўваецца наступная карціна постсавецкай прасторы: суіснаванне па-прарасійску настроеных дзяржаў (Арменія і Беларусь) і краін, арыентаваных на Захад, якія за сваю нелаяльнасць да Расіі будуць плаціць зацяжнымі канфліктамі (Малдова, Грузія і Украіна).

Крымскія падзеі пакінулі беларускім уладам усяго два магчымыя сцэнары развіцця адносінаў з Расіяй. Першы – зрабіць выгляд, што нічога асаблівага не адбылося і працягваць развіццё адносін у ранейшым духу. Другі сцэнар прадугледжвае паскоранае стварэнне інфраструктуры незалежнасці і мэтанакіраванае адасабленне ад Расіі. У чыстым выглядзе абодва гэтыя сцэнарыі малаверагодныя, паколькі факт далучэння Крыму – настолькі важная падзея для рэгіёну і міжнароднай сістэмы, што проста праігнараваць яго не атрымаецца, а рэзкая геапалітычная пераарыентацыя, безумоўна, успрымаецца беларускім кіраўніцтвам як пагроза ўласнай уладзе. Да таго ж, расійска-ўкраінскі канфлікт паказаў, што Захад не гатовы аказваць хуткую і рэальную дапамогу краіне, якая спрабуе выйсці з-пад уплыву Масквы.

Таму афіцыйны Мінск заняў прамежкавую пазіцыю: з аднаго боку, ён падтрымлівае ранейшы ўзровень адносінаў з Расіяй, а з другога – будзе ўсё ж больш асцярожна падыходзіць да разгляду розных аспектаў узаемаадносін з Расіяй; паспрабуе больш выразна сфармуляваць нацыянальную ідэалогію і ў будучыні, верагодна, распрацаваць план рэзкай змены знешнепалітычнага курсу на “пажарны выпадак” (гэта значыць, на выпадак стаўкі Расіі на альтэрнатыўнага Аляксандру Лукашэнку кандыдата). У любым разе, беларускім уладам нявыгадныя рэзкія крокі, прынамсі да наступлення “моманту ісціны” з вызначэннем канчатковых умоў дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе.

Больш за тое, беларускі прэзідэнт спрабуе навязаць сябе ў якасці пасярэдніка ва ўрэгуляванні расійска-ўкраінскага канфлікту, хоць Беларусь не можа ў поўнай меры граць ролю фармальнага арбітра, бо з’яўляецца блізкім саюзнікам Расіі (у тым ліку і ваенным). Тым не менш, паколькі Лукашэнка мае адрозныя ад Крамля інтарэсы ва Украіне, падтрымлівае цесныя кантакты з Кіевам і Масквой, добра разумее працэсы, што адбываюцца, і зацікаўлены ў вырашэнні канфлікту – ён можа сыграць ролю камунікатара і ініцыятара працэсу прымірэння бакоў. У выпадку поспеху гэтай ініцыятывы перад Мінскам адкрываецца зусім новая перспектыва ў рэгіёне, у тым ліку і ў адносінах з Еўрасаюзам. Акрамя гэтага, міратворчая роля беларускага прэзідэнта можа аказаць станоўчы ўплыў на яго падтрымку ўнутры Беларусі. Аднак пакуль яўнай зацікаўленасці бакоў і, перш за ўсё, Расіі ў пасярэдніцтве Беларусі не назіраецца. Кіеў больш добразычліва ставіцца да такой ініцыятывы, але Масква, відавочна, больш зацікаўленая ў перамовах аб будучыні Украіны з ЗША і Еўрасаюзам.

У такіх умовах адным з найбольш рэалістычных механізмаў гарантавання рэальнай незалежнасці Беларусі магло б стаць паступовае і планамернае выбудоўванне на тэрыторыі Беларусі балансу інтарэсаў уплывовых знешніх гульцоў (у тым ліку ЗША і Кітая). У дэстабілізацыі такой краіны не будзе зацікаўлены ніхто і, такім чынам, кампраміс знешніх гульцоў будзе садзейнічаць усталяванню нейтральнага статусу Беларусі, як гэта і пазначана ў яе Канстытуцыі.


[1] Паводле дадзеных сацыялагічнай службы «Socis», у сакавіку 2014 г. года зусім не давяралі ці хутчэй не давяралі Януковічу ў сукупнасці 89,1% насельніцтва краіны.

[2] У прыватнасці, рашэнне Вярхоўнай Рады аб адмене закона пра рэгіянальныя мовы, што аказала раздражняльнае ўздзеянне на частку рускамоўнага насельніцтва Украіны і было заблакаванае в. а. прэзідэнта Турчынавым.

[3] Гл. падрабязней: Елисеев А., «Белорусы между «картой поляка» и российским «соотечественником», BISS-Blitz, 25.02.2013, http://belinstitute.eu/ru/node/660

Чытайце BISS-Blitz у фармаце pdf