Фактар еўразійскай інтэграцыі

Друкаваная версіяPDF версія

Як ні дзіўна, але паступовае прыняцце Беларуссю еўрапейскіх стандартаў адбываецца праз яе ўдзел у інтэграцыйных утварэннях, якія прасоўвае Расія. Глыбіннае значэнне ініцыятывы ЕС «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю» палягае менавіта ў патэнцыяльнай магчымасці для нашай краіны складаць больш самастойную мадэрнізацыйную позву наўпрост з ЕС.

Як выглядае ўскоснае засваенне еўрапейскіх стандартаў?

У вядомым артыкуле пра Еўразійскі саюз, надрукаванай у газеце «Известия» ў кастрычніку 2011 г., Уладзімір Пуцін пераконвае, што ўдзел у інтэграцыйных утварэннях, якія прасоўвае Расія, не нашкодзіць еўрапейскаму выбару зацікаўленых краін. Наадварот, паводле яго меркавання, «уваходжанне ў Еўразійскі саюз, апроч прамых эканамічных выгод, дазволіць кожнаму з яго ўдзельнікаў хутчэй і на мацнейшых пазіцыях інтэгравацца ў Еўропу».

Для лепшага разумення мэтапакладання і намераў Масквы можна звярнуцца да графічнага выражэння еўразійскіх планаў Расіі, якое прапануе адзін з ключавых выканаўцаў гэтых планаў, экс-дырэктар Дэпартамента эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі СНД Міністэрства эканамічнага развіццё Расіі Сяргей Чарнышоў.

Крыніца: С. Чернышев. Интеграционная перспектива СНГ: осознанная необходимость. Российский внешнеэкономический вестник, № 6 (июнь) 2010, с. 41-51.

Як відаць, нарматыўна-прававая база Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП), краінамі-удзельніцамі якой цяпер з'яўляюцца Расія, Беларусь і Казахстан, развіваецца з улікам сумяшчальнасці з нарматыўна-прававой базай ЕС. Важнае ўдакладненне: настолькі, наколькі гэта адпавядае інтарэсам Расіі. Паралельна адбываецца перанос агульнаэканамічнага асяроддзя АЭП у Дамову аб зоне свабоднага гандлю СНД. Апошні грунтуецца на прынцыпах Сусветнай гандлёвай арганізацыі, а таксама часткова на тэхнічных стандартах ЕС (рэгуляванне канкурэнтнай палітыкі).

Сярод згаданых у артыкуле Чарнышова перавагаў Дамовы аб зоне свабоднага гандлю СНД:

· спрашчэнне адміністравання ўнутрырэгіянальнага гандлю і ў сувязі з гэтым зніжэнне транзакцыйных выдаткаў (шляхам замяшчэння дзясяткаў двухбаковых дамоў);

· зафіксаванае адзінае тлумачэнне тэрмінаў і працэдур;

· урэгуляванне магчымасці далучэння трэціх краін, а таксама ўсяго комплексу пытанняў па гандлі таварамі. Другі этап (левая частка схемы) прадугледжвае стварэнне стымулаў для далучэння іншых краін да Адзінай эканамічнай прасторы і паглыбленне ўзаемадзеяння ў рамках СНД. Паралельна (правая частка схемы) працягваюцца перамовы пра свабодны гандаль паміж ЕС і некаторымі краінамі СНД (напрыклад, у рамках «Усходняга партнёрства»).

Чакаецца, што ў перспектыве ўзаемнае перакрыжаванне гэтых двух працэсаў створыць умовы для дамоўленасці пра прынцыпы свабоднага гандлю ад Ціхага акіяна да Атлантычнага. Натуральна, адначасова мяркуецца развіццё інтэграцыі ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы ўглыб, у бок эканамічнага і валютнага саюза (Еўразійскі саюз).

У якасці прыкладу паступовага прыняцця (ці руху ў дадзеным кірунку) Беларуссю еўрапейскіх стандартаў шляхам супрацоўніцтва ў рамках АЭП з Расіяй можна прывесці транспартную сферу.

1 чэрвеня 2012 г. кіраўнікі чыгунак Расіі, Беларусі і Казахстана падпісалі спецыяльны мемарандум, у рамках якога краіны згаджаюцца паступова стандартызаваць і супольна развіваць транспартна-лагістычную сістэму на тэрыторыі АЭП, а ў перспектыве – на ўсёй прасторы чыгуначнай каляіны шырынёй 1 520 мм (тэрыторыя былога СССР, Фінляндыя, Манголія).

Расія ініцыявала праект «Стратэгічная прастора 1 520» з мэтай развіцця эканамічных і палітычных сувязяў паміж краінамі з шырокай чыгуначнай каляінай яшчэ ў 2006 г. Адначасова Расія вядзе працу па стандартызацыі і інтэграцыі чыгуначных прастораў з рознай шырынёй каляіны з Еўрасаюзам (там пераважна распаўсюджаны стандарт 1 435 мм).

Такім чынам, правядзенне двух паралельных працэсаў супрацоўніцтва спрыяе прыняццю Беларуссю мадэлі рынка чыгуначных перавозак, заснаванай на еўрапейскіх стандартах.

Адзначым, што эксперт Фінскага інстытута міжнародных адносін Катры Піннаніемі ўвогуле лічыць, што асноўнай ідэяй, якая стаіць за расійскім бачаннем еўразійскай інтэграцыі, з'яўляецца менавіта добраўпарадкаванне інфраструктуры і яе кантраляванне. Пад інфраструктурай разумеюцца не толькі чыгуначныя і лагістычныя ланцугі, але і нафта- і газаправоды, неабходныя для падтрымання лідарскай пазіцыі Расіі на еўразійскай эканамічнай прасторы.

У сваёй публікацыі для эстонскага Цэнтра даследаванняў расійска-еўрапейскіх адносін эксперт апісвае супрацоўніцтва Расіі і ЕС у сферы транспарта як адначасова і канкурэнтную гульню ў геаэканамічнай і геапалітычнай сферах (Katri Pynnöniemi, 2012).

Такім чынам, як гэта ні парадаксальна, назіраецца апасродкаваны мадэрнізацыйны ўплыў Расіі на Беларусь, пад якім, перш за ўсё, маецца на ўвазе прыняцце нашай краінай еўрапейскіх стандартаў у прававой, навукова-тэхнічнай і эканамічнай сферах, а не палітычная лібералізацыя.

Гэта зусім не азначае, што ўдзел у інтэграцыйных утварэннях, створаных Расіяй, адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі. Наадварот, без самастойнага мадэрнізацыйнага альянсу з ЕС Беларусь становіцца не суб'ектам, які самастойна вырашае надзённыя выклікі, а аб'ектам знешнепалітычных памкненняў Расіі.

Умацаванне Расіі ў рэгіёне СНД з дапамогай... ЕС

Ускосны мадэрнізацыйны ўплыў Расіі на Беларусь і яго патэнцыял у будучыні – не проста пабочная з'ява, якая вынікае з больш прагрэсіўнага развіцця адносін Захаду і Расіі і большай уцягнутасці апошняй у глабальныя эканамічныя працэсы. У значнай ступені такая сітуацыя – эфект рэалізацыі Расіяй сваёй доўгатэрміновай стратэгіі развіцця адносін з ЕС і краінамі СНД.

Яшчэ афіцыйная расійская Стратэгія развіцця адносін з ЕС на 2000–2010 гг. ставіла сваёй мэтай, з аднаго боку, процідзеянне «магчымым спробам перашкодзіць гаспадарчай інтэграцыі СНД, у тым ліку праз "асаблівыя адносіны" з асобнымі дзяржавамі – удзельнікамі СНД у шкоду расійскім інтарэсам». З другога – дакумент змяшчае задачу «выкарыстоўваць пазітыўны досвед інтэграцыі ў рамках Еўрапейскага саюза для замацавання і развіцця інтэграцыйных працэсаў на прасторы СНД».

Стратэгія літаральна гаворыць, што «развіццё партнёрства з Еўрапейскім саюзам павінна спрыяць умацаванню Расіі ў якасці вядучай сілы фармавання новай сістэмы міждзяржаўных палітычных і эканамічных адносін на прасторы СНД».

Стратэгія таксама мае палажэнне пра мэтазгоднасць збліжэння і гарманізацыі расійскага заканадаўства з прававымі нормамі ЕС «у абласцях найбольш актыўнага супрацоўніцтва». Прававой асновай для такога збліжэння паслужыла Дамова аб партнёрстве і супрацоўніцтве з ЕС, якая ўступіла ў сілу ў 1997 г.

Адзначым, што адносіны Беларусі і ЕС дагэтуль рэгулююцца Дамовай аб гандлі і супрацоўніцтве 1989 г. з СССР, якая не мае ніякіх палажэнняў адносна гарманізацыі з заканадаўствам ЕС.

У гэтым святле агучаную напачатку верасня пазіцыю пасольства Расіі ў Беларусі варта ўспрымаць не іншасказальна, а менавіта літаральна.

Нагадаю, старэйшы дарачык пасольства Валерый Бандарэнка заявіў, што «Усходняе партнёрства» ніколі не выклікала непрыязнасці ў Масквы. Наадварот, «ідэя "Усходняга партнёрства", якая першапачаткова выносілася як ідэя інтэграцыі дзяржаваў, іх уцягвання ў еўрапейскія працэсы, з нашага боку толькі падтрымліваецца. У тым ліку, магчыма, асабліва ў адносінах да Беларусі».

Па словах дыпламата, больш станоўчыя адносіны Мінска з Брусэлем «аўтаматычна станоўча ўплываюць і на адносіны з Расіяй. Бо ў рамках Саюзнай дзяржавы мы маем многа праграм па развіцці тых ці іншых сфераў. І калі да гэтага прыкладуць руку і еўрапейскія структуры, то калі ласка».

Іншымі словамі, Расіі пры рэалізацыі сваіх планаў рацыянальна выгадна часткова пакласціся і на беларуска-еўрапейскае супрацоўніцтва. Хоць, зразумела, Масква не зацікаўленая ў поўным сыходзе Беларусі і іншых краін СНД у еўрапейскае інтэграцыйнае поле.

Таму Расія імкнецца адначасова стварыць свае больш паглыбленыя інтэграцыйныя структуры з больш прывабным пакетам. Разам з мадэрнізацыйным супрацоўніцтвам і перспектывай утварэння адзінага рынка тавараў, паслугаў, працоўнай сілы і капіталу Расія прапануе кіруючым элітам краін СНД прывілеяваны доступ да танных энергарэсурсаў і не патрабуе ад іх палітычнай абумоўленасці ў выглядзе правядзення дэмакратычных рэформаў.

Улічваючы тое, што ў мэтах рэфармавання сваіх эканомік краіны СНД будуць змушаны звярнуцца да Еўрасаюза як да больш развітага актора, Расія ў сваіх геапалітычных і эканамічных інтарэсах (уплыў у рэгіёне, кантроль за энергарэсурсамі Каспійскага рэгіёна і інш.) фактычна гуляе з ЕС на апярэджанне, прычым даволі інавацыйна.

Замест таго каб весці прынцыповае суперніцтва з ЕС за ўплыў у рэгіёне, яна прапануе краінам СНД удасканаленне прававых і тэхнічных стандартаў, у тым ліку праз паглыбленне супрацоўніцтва з Еўрасаюзам.

Пры гэтым, згаджаючыся на збліжэнне краін СНД з ЕС да вызначанай ступені, Масква развівае яшчэ глыбейшую інтэграцыю ў рамках уласнага інтэграцыйнага ўтварэння.

Высновы

У цяперашні час набліжэнне Беларусі да еўрапейскіх стандартаў у шэрагу сфераў адбываецца праз удзел краіны ў інтэграцыйных утварэннях, якія прасоўвае Расія. Гэта з'ява становіцца магчымай найперш у сувязі з планаванай сумяшчальнасцю нарматыўна-прававых баз АЭП і ЕС у той ступені, наколькі гэта выгадна Расіі. У выніку Беларусь становіцца не суб'ектам, які самастойна вырашае надзённыя выклікі, а аб'ектам знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай стратэгіі Расіі.

У нацыянальных інтарэсах Беларусі – не здавольвацца апасродкаваным прыняццем еўрапейскіх стандартаў, а самастойна развіваць мадэрнізацыйны альянс з ЕС. Злучалым звяном можа стаць «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю», калі ЕС вырашыцца на якасна новы падыход у адносінах з афіцыйным Мінскам і ў перспектыве стане значным мадэрнізацыйным партнёрам краіны.

Літаратура

Katri Pynnöniemi.  «Russia and Eurasian Economic Space: The Case of ‘Strategic Partnership 1520′» EU-Russia Papers No. 6 (July 2012), Center for EU-Russia Studies.

С.Чернышев. Интеграционная перспектива СНГ: осознанная необходимость. Российский внешнеэкономический вестник, № 6 (июнь) 2010, с. 41–51.

Чытайце BISS-Blitz у фармаце pdf