Бітва за Украіну: туман вайны пакуль не рассеяўся

Друкаваная версіяPDF версія

Крызіс ва Украіне, які доўжыцца ўжо амаль год, прывёў да поўнага перафарматавання ўнутрыпалітычнага поля, тэрытарыяльных страт і кровапралітных баявых дзеянняў. Міжнародныя адносіны ў рэгіёне і на глабальным узроўні пад уздзеяннем украінскіх падзей таксама падвергліся істотным зменам. Парламенцкія выбары дазваляюць падвесці рысу пад яшчэ адным этапам крызісу ва Украіне і больш упэўнена меркаваць аб верагодных сцэнарах развіцця сітуацыі ў найбліжэйшай будучыні.

Вынік канфлікту: Украіна застаецца ўнітарнай, але кантроль страчаны

Мінскія дамовы паклалі канец гарачай фазе канфлікту на Данбасе больш за месяц таму. Узровень насілля на ўсходзе Украіны істотна знізіўся, урэгуляванне канфлікту перайшло ў палітычную і дыпламатычную плоскасці. Аднак бакі супрацьстаяння працягваюць абстрэлы пазіцый суперніка і вядуць баі за стратэгічна важныя аб’екты, напрыклад, за Данецкі аэрапорт.

Прычыны спынення агню

Кіеў вымушана пайшоў на спыненне агню з прычыны вялікіх ваенных страт і рэзкай змены сітуацыі на фронце ў канцы жніўня–пачатку верасня, якая было забяспечана, у тым ліку, верагодна, і за кошт частак рэгулярнай расійскай арміі. Пра гэта можна меркаваць па шэрагу ўскосных сведчанняў: фатаграфіі тэхнікі, допыты салдат, якія апынуліся на ўкраінскай тэрыторыі, страты асабістага складу 76-й пскоўскай дывізіі ПДВ. Крэмль ясна даў зразумець Кіеву, што перамагчы сепаратыстаў шляхам правядзення вайсковай аперацыі не атрымаецца: як толькі сітуацыя на фронце для сепаратыстаў станавілася крытычнай, Расія падавала апошнім неабходную падтрымку ва ўзбраенні і асабістым складзе. Аднак Расія ўстрымалася ад масіраванага ўварвання ва Украіну сіламі, засяроджанымі ўздоўж дзяржаўнай мяжы[1].

Ацэньваючы вынік гарачай фазы канфлікту, асобныя расійскія ваенныя эксперты[2] кажуць аб зневажальнай паразе Кіева і катастрафічных стратах у цяжкай тэхніцы і асабістым складзе. Ці так гэта?

Страты Украіны ў ходзе канфлікту

Паводле інфармацыі афіцыйных крыніц, у ходзе баявых дзеянняў беззваротныя страты Кіева ў тэхніцы склалі 8 ударных самалётаў, 75 танкаў і 140 адзінак бронемашын. Беззваротныя страты асабовага складу ўкраінскай арміі, уключаючы добраахвотніцкія батальёны і падраздзяленні Нацыянальнай гвардыі, складаюць каля 2 тыс. чалавек, прычым у гэтую выніковую лічбу ўключаныя таксама зніклыя без вестак. Аднак паводле справаздачы маніторынгавай місіі ААН, афіцыйныя дадзеныя аб колькасці загіблых і параненых украінскіх ваенных у баях на Данбасе з’яўляюцца «недакладнымі і супярэчлівымі».

Пры гэтым у боегатоўнасці ў страявых частках Украіны па дадзеных на 2013 год знаходзіліся каля 170 баявых самалётаў (яшчэ некалькі дзясяткаў Су-27 і МіГ-29 знаходзяцца на захоўванні і на авіярамонтных заводах), каля 700 танкаў (плюс больш чым 2000 танкаў на захоўванні) і 2500 адзінак цяжкай ваеннай тэхнікі розных тыпаў[3]. Гэта дазваляе зрабіць высновы, што хоць страты Украіны ў канфлікце значныя, аднак узброеныя сілы краіны ўсё ж маюць дастатковую матэрыяльную базу для папаўнення сваіх страт і нават нарошчвання колькасці цяжкага ўзбраення ў зоне канфлікту. Што тычыцца асабістага складу, то прыведзеныя вышэй страты ніяк нельга лічыць катастрафічнымі для абараназдольнасці краіны: па стане на канец 2013 года ў шэрагах узброеных сілаў налічвалася 139 тыс. чалавек, з іх у сухапутных войсках – 49 тыс. Акрамя таго, у краіне з насельніцтвам каля 40 млн. чалавек нават пры правядзенні няпоўнай мабілізацыі можна разгарнуць войска ў паўмільёна чалавек.

Табліца 1. Страты Украіны ў ходзе канфлікту

Тым не менш, нават страты такога ўзроўню, некрытычныя для ўзброеных сілаў у цэлым, аказалі магутнае псіхалагічнае ўздзеянне як на насельніцтва краіны, што раней не ваявала, так і на новы ўрад. Павелічэнне страт у жывой сіле і зацягванне вайсковай аперацыі супраць сепаратыстаў пагражала вялізнымі палітычнымі рызыкамі. Зыходзячы з гэтага, Пятро Парашэнка вымушаны быў пайсці на саступкі Расіі і перавесці канфлікт у замарожаную стадыю хоць бы на час, неабходны для правядзення парламенцкіх выбараў, рашэння праблем у эканоміцы і рэфармавання арміі.

Саступкі на карысць Расіі

У выніку Кіеў пагадзіўся на спыненне агню і на прадастаўленне адмысловага статусу сепаратысцкім рэгіёнам. Прынятыя законы «Аб асаблівым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей» і «Аб недапушчэнні пераследу і пакарання асоб–удзельнікаў падзей на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей» азначаюць фактычную адмову Кіева ад сваёй юрысдыкцыі на гэтых тэрыторыях пры фармальным яе захаванні ў складзе Украіны, а таксама забяспечваюць легалізацыю асоб, якія раней кваліфікаваліся як тэрарысты. Заявы прадстаўнікоў афіцыйнага Кіева аб тым, што закон аб адмысловым статусе асобных раёнаў Данбаса будзе выконвацца толькі пры ўмове правядзення там выбараў, узгодненых з Украінай, былі хутчэй спробай прадставіць сітуацыю грамадзянам у выгадным для сябе святле.

Фактычна такое становішча спраў адпавядае чаканням Расіі. Кіеў бярэ на сябе далейшае ўтрыманне рэгіёну і аднаўленне разбуранай падчас ваеннага канфлікту інфраструктуры. Пры гэтым канфлікт толькі ўмоўна замарожаны (пры жаданні Масквы ён можа з новай сілай разгарэцца) і тым самым служыць эфектыўным рычагом уплыву на ўнутраную і знешнюю палітыку Кіева.

У рыторыцы Еўрасаюзу і афіцыйнага Кіева асаблівы статус рэгіёну прадстаўлены як неабходны крок на шляху да паўнавартаснага перамір’я. Ва ўмовах рэзкага ўскладнення сітуацыі на фронце і эканамічнага становішча ў краіне Кіеў апынуўся перад наступнай дылемай: альбо забяспечыць рэальную юрысдыкцыю ў рэгіёне ва ўмовах федэралізацыі (гл. адпаведную канцэпцыю), альбо захаваць чыста намінальны кантроль над згубленымі тэрыторыямі і пры гэтым захаваць унітарны лад на падкантрольнай тэрыторыі. У выніку выбар быў зроблены на карысць другога варыянту.

Адкладзеная асацыяцыя з ЕС: Расія супраціўляецца глыбокім рэформам ва Украіне

Адным з самых важкіх дасягненняў Расіі ў канфлікце стала адкладанне да 2016 года ўступлення ў сілу зоны свабоднага гандлю (ЗСГ) Украіны з ЕС. Нягледзячы на выключную палітычную важнасць Пагаднення аб асацыяцыі для Кіева, Брусэль і ўкраінскае кіраўніцтва пад ціскам Расіі прынялі рашэнне адкласці ўступленне ў сілу самага важнага, IV раздзела Пагаднення («Гандаль і пытанні, звязаныя з гандлем»), які прадугледжвае стварэнне зоны свабоднага гандлю. Крэмль настаяў на такім варыянце ў надзеі на наступнае ўнясенне ў тэкст дагавора зменаў, якія пакідалі б магчымасць уступлення Украіны ў Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС). Адпаведныя прапановы па змяненні фармулёвак Дамовы былі ўнесеныя расійскім бокам у верасні. Згодлівасць Еўрасаюза ў ходзе перамоваў стымулюе Крэмль да далейшых намаганняў па пашырэнні поля для манеўру.

Акрамя стварэння ЗСГ, IV раздзел Пагаднення аб асацыяцыі ўключае ў сябе абавязацельствы Украіны па правядзенні важных рэформаў, звязаных з пераходам на еўрапейскія нормы і стандарты ў многіх сферах эканомікі. Калі Кіеў пачне ўкараняць хоць бы асобныя палажэнні чацвёртага раздзелу (напрыклад, у частцы прывядзення правілаў дзяржзакупак у адпаведнасць з еўрапейскімі), то Расія можа палічыць гэта парушэннем дамоўленасцяў і значна павысіць стаўкі ўвазных мытных пошлін на многія катэгорыі ўкраінскіх тавараў (зніжаныя ў межах Дамовы аб зоне свабоднага гандлю СНД), чым выкліча значныя эканамічныя страты Украіны. Уласна пра гэта Уладзімір Пуцін пісьмова папярэдзіў украінскага прэзідэнта[4], а расійскі міністр эканамічнага развіцця Аляксей Улюкаеў – еўракамісара па гандлі Карла дэ Гухта[5]. Такім чынам, увязванне Расіяй знаходжання Украіны ў ЗСГ СНД з адкладаннем IV раздзела Пагаднення аб асацыяцыі з ЕС стварае сур’ёзныя перашкоды не толькі для еўраінтэграцыі Украіны, але і для працэсу рэфармавання ў цэлым.

У той жа час, частка ўкраінскіх палітычных і эканамічных элітаў можа быць зацікаўлена ў такім раскладзе. З аднаго боку, Еўрасаюз у аднабаковым парадку адмяніў мытныя пошліны на ўкраінскія тавары яшчэ ў сакавіку 2014 года. З іншага – разам з пераносам запуску IV раздзела Пагаднення аб асацыяцыі з ЕС на больш позні перыяд адкладаецца і кардынальная перабудова ўсёй украінскай эканомікі, якая патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў пры пераходзе да еўрапейскіх стандартаў і якая стварае рызыкі для існуючай палітычнай сістэмы. Аднак у сярэднетэрміновай перспектыве адкладзеныя рэформы будуць падрываць легітымнасць дзейнай улады, ад якой насельніцтва якраз чакае кардынальных пераменаў у краіне і адыходу ад старой алігархічна-карупцыйнай сістэмы.

Таму ў такіх умовах украінскаму ўраду варта было б засяродзіцца на правядзенні рэформаў у сферах, непасрэдна не звязаных з гандлем і пераходам на еўрапейскія стандарты (гэта можа быць рэформа дзяржапарату, барацьба з карупцыяй, стварэнне новай арміі і сілавых структур і інш.), каб пазбегнуць ціску з боку Расіі і не ўпусціць важны момант для пераўтварэнняў.

Інтарэсы знешніх гульцоў адносна украінскага крызісу

Ацэньваючы вынікі актыўнай фазы канфлікту, не лішнім будзе яшчэ раз нагадаць пра матывы і інтарэсы Расіі, якія падахвочваюць яе ўмешвацца ў справы Украіны.

Як мы ўжо пісалі ў красавіцкім аналізе крызісу ва Украіне, расійскае кіраўніцтва ставіла сабе за мэту прадухіліць пераарыентацыю Украіны на Захад шляхам стварэння на яе тэрыторыі ачага доўгатэрміновай нестабільнасці і дэцэнтралізацыі ўлады. Нейтральны статус Украіны неабходны Крамлю з дзвюх прычынаў: ваенна-стратэгічнай і палітыка-эканамічнай. Для Расіі крытычна важна не дапусціць уступлення Украіны ў НАТА, бо ў перспектыве гэта можа прывесці да катастрафічнай уразлівасці Масквы ў выпадку размяшчэння амерыканскага ракетнага ўзбраення на ўсходзе Украіны і страты кантролю над Чорным морам. Палітыка-эканамічны матыў Крамля заключаецца ў жаданні далучыць Украіну да працэсу еўразійскай інтэграцыі і пазбегнуць эканамічных страт, звязаных з фарміраваннем зоны свабоднага гандлю (ЗСГ) паміж Украінай і Еўрасаюзам. Страта Украіны мае і важны псіхалагічны эфект: у Крамлі добра памятаюць знакамітую максіму Збігнева Бжэзінскага, згодна з якой Расія ніколі не зможа стаць вялікай дзяржавай без Украіны.

Такім чынам, з аднаго боку, Расія ў кароткатэрміновай перспектыве прасунулася ў рэалізацыі сваіх мэтаў: ЗСГ з Еўрасаюзам адтэрмінаваная, эканоміка Украіны яшчэ больш падарваная (прагназуецца, што ВУП краіны ў 2014 годзе зменшыцца на 10%), Масква атрымала дадатковы рычаг уплыву ў выглядзе канфлікту на Данбасе і анексаванага Крыма; аб уступленні Украіны ў НАТА не можа быць і мовы. Акрамя таго, у руках Расіі застаецца важнейшы козыр – пастаўкі прыроднага газу.

Аднак дзеянні Крамля спарадзілі і масу пагроз, якія ў доўгатэрміновай перспектыве могуць звесці на нішто прынятыя Расіяй намаганні па забеспячэнні ўласных інтарэсаў. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што барацьба за сэрца і душы украінцаў Масквой прайграна. Адказваючы на пытанне, які кірунак знешняй палітыкі павінен быць прыярытэтным для Украіны, адносіны з Расіяй у траўні 2014 года выбрала рэкордна малая частка рэспандэнтаў – 16,6%, у той час як адносіны з краінамі ЕС падтрымалі 52,5%.[6][7] Для параўнання, у лютым 2011 года гэтыя паказчыкі складалі 40,4% і 35,7%, адпаведна. Наўрад ці эканамічны ціск і ўсё больш жорсткая інфармацыйная вайна прымусяць украінскае насельніцтва змяніць свой геапалітычны выбар. Таму пра тэрмін «мяккая сіла»[8] ў Крамлі могуць забыцца. Акрамя таго, анексія Крыма і ўдзел Расіі ў канфлікце на Данбасе справакавалі рэзкае абвастрэнне адносін з Захадам, якое можа перарасці ў доўгае процістаянне, патэнцыйна вельмі хваравітае для расійскай эканомікі.

Зрэшты, пагаршэнне адносін з Расіяй і змяншэнне колькасці прыхільнікаў прарасійскага курсу сярод украінцаў не абавязкова азначае рост прыхільнікаў Еўрасаюза. У сувязі з даволі нявызначанай і запозненай палітыкай ЕС, праеўрапейскія настроі ва ўкраінскім грамадстве могуць таксама пахіснуцца. Пакуль Еўрасаюз не толькі не гатовы агучыць перспектыву сяброўства Украіны ў ЕС, але і не спяшаецца аказваць неабходную фінансавую дапамогу краіне. Гэта пры тым, што жорсткія дзеянні Расіі ў дачыненні да Украіны былі непасрэдна справакаваныя менавіта збліжэннем Кіева з Еўрасаюзам, а не скіданнем з пасады Януковіча. Паказальна, што ў лагеры краін ЕС, якія выступаюць супраць увядзення санкцый у дачыненні да Расіі, апынуліся адразу тры цэнтральнаеўрапейскія краіны (Чэхія, Славакія, Венгрыя)[9], якія самі ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў таму адчулі на сабе савецкую акупацыю і звярталіся па дапамогу да Заходняй Еўропы, падкрэсліваючы сваю еўрапейскую ідэнтычнасць.

Асноўны інтарэс Еўрасаюза заключаецца ў хутчэйшым урэгуляванні канфлікту для аднаўлення эканамічных адносінаў з Расіяй і бяспекі энергетычнага транзіту. Дзеля захавання прымальных адносінаў з Расіяй Еўрасаюз нават пайшоў на небяспечны прэцэдэнт: дапусціў умяшанне трэцяга боку ў працэс двухбаковых перамоваў аб імплементацыі Пагаднення пра асацыяцыю, якое фактычна паставіла пад пытанне суверэнітэт Украіны.

ЗША таксама не гатовыя актыўна падтрымліваць Украіну. Вашынгтон узяў на сябе мінімальныя фінансавыя абавязацельствы і адмовіўся пастаўляць Кіеву ўзбраенне. Зрэшты, зброя сама па сабе наўрад ці дапаможа Украіне пры захаванні дысфункцыянальнай арміі і нестабільнай палітычнай сітуацыі. Да таго ж, як было паказана вышэй, узброеныя сілы Украіны не маюць недахопу ва ўзбраенні. ЗША аб’ектыўна зацікаўленыя ва ўцягванні Расіі ў канфлікт нізкай інтэнсіўнасці з мэтай нейтралізацыі яе знешнепалітычнай актыўнасці ў іншых рэгіёнах свету, але не зацікаўленыя ў распаўзанні нестабільнасці па рэгіёне.

Калапс Ірака і рост уплыву «Ісламскай дзяржавы» моцна адцягваюць увагу Вашынгтона ад Украіны, якая ў цяперашні час разглядаецца хутчэй як праблема Еўрасаюза. Апошні, мяркуюць ЗША, і павінен граць асноўную ролю ва ўрэгуляванні канфлікту.

Беларусь зацікаўленая ў хутчэйшым урэгуляванні крызісу ва Украіне з некалькіх прычынаў.

Па-першае, Украіна з’яўляецца другім па значнасці гандлёвым партнёрам Беларусі пасля Расіі са значным станоўчым сальда (у 2013 годзе яно склала 2,1 млрд. даляраў), а працяг вайны, і як вынік – праблемы ў эканоміцы, прывядуць да зніжэння пакупніцкай здольнасці Украіны і падзення беларускага экспарту. У студзені–жніўні 2014 года ў параўнанні з такім жа перыядам мінулага года беларускі экспарт ужо знізіўся больш чым на 5%.

Па-другое, цэласная і стабільная Украіна вельмі важная для Беларусі як пункт апоры ў спробах ураўнаважыць уплыў Расіі ў рэгіёне. Ва ўмовах стаўкі Крамля на паскораную еўразійскую інтэграцыю роля Украіны як тактычнага саюзніка для Мінска толькі ўзмацняецца.

Па-трэцяе, Беларусь прыняла на сябе ролю пляцоўкі для перамоў па ўрэгуляванні крызісу, таму на ёй ляжыць і некаторая ступень адказнасці за наступствы дасягнутых дамоўленасцяў. Пасля правядзення Саміту ЕС-Украіна-Мытны саюз 26 жніўня ў Мінску і заключэння пагаднення аб спыненні агню Беларусь зарабіла мноства палітычных ачкоў. Такім чынам, у выпадку чарговага абвастрэння канфлікту Мінск панясе рэпутацыйныя страты як няўдалы пасярэднік-міратворац. Акрамя падарванага іміджу нейтральнага пасярэдніка, у выпадку аднаўлення актыўных баявых дзеянняў ва Украіне, Беларусі па патрабаванні Расіі яшчэ і прыйдзецца вызначыцца дакладней адносна таго, каго яна ўсё-ткі падтрымлівае ў гэтым канфлікце. А паколькі прыняць іншае рашэнне, акрамя падтрымкі Расіі, Мінск не зможа ў сілу вялікай эканамічнай залежнасці, то гэта будзе аўтаматычна азначаць і рэзкае пагаршэнне адносін з Кіевам, і страту надзеі на збліжэнне з Захадам.

У святле нядаўняй нарады ў прэзідэнта па пытанні стварэння вытворчасці перспектыўных узораў узбраення набывае асаблівую значнасць і супрацоўніцтва прадпрыемстваў беларускага і ўкраінскага ВПК. У Беларусі недастаткова патэнцыялу для самастойнага стварэння замкнёнага цыкла вытворчасці новых тыпаў узбраенняў у многіх сферах, і ўкраінскія напрацоўкі ды асобныя спецыялісты былі б вельмі дарэчы. У прыватнасці, беларускі бок цікавіць асваенне тэхналогіі вытворчасці ракет і іх кампанентаў для зенітна-ракетных комплексаў (напрыклад, для ЗРК «Алебарду» беларускай вытворчасці), што дазволіць зменшыць залежнасць ад іншых дзяржаў. Крызіс ва Украіне стаў магутным каталізатарам гэтага працэсу: украінскія абаронныя прадпрыемствы губляюць свае рынкі ў Расіі, а пагаршэнне эканамічнай сітуацыі наогул пагражае галіне дэградацыяй і стратай каштоўных кадраў. Пра гэта як раз і казаў А. Лукашэнка ў час наведвання 558 авіярамонтнага завода ў Баранавічах у красавіку гэтага года: «Давайце паспрабуем з украінцамі дамовіцца і разам папрацаваць, каб не зніклі інтэлектуальныя, інжынерныя цэнтры, канструктары ва Украіне. Момант нармальны ... гэты момант трэба выкарыстоўваць не толькі для сябе, але і для знешняга рынку»[10]. Інфармацыя пра тое, што беларускі бок пачаў прыцягваць спецыялістаў украінскіх ваенных прадпрыемстваў ужо пачала з’яўляцца ў публічным доступе.

Беларускі інтарэс праяўляецца яшчэ і ў выкарыстанні ўкраінскага крызісу для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Прыняцце і легалізацыя ўкраінскіх перасяленцаў – гэта ўнікальны шанец для Беларусі часткова кампенсаваць натуральнае змяншэнне насельніцтва і наблізіцца да выканання мэты Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі на 2011–2015 гг., павялічыўшы сальда знешняй міграцыі да 60 тыс. чалавек. У апошнія гады афіцыйныя справаздачы пра станоўчае міграцыйнае сальда былі вынікам скажэнняў у міграцыйнай статыстыцы, звязанай з недаўлікам памеру пастаяннай эміграцыі[11]. Прыцягненне тысяч украінскіх перасяленцаў зробіць магчымым дасягненне рэальнага, а не фіктыўнага станоўчага сальда міжнароднай міграцыі. Зрэшты, беларускім дзяржаўным органам яшчэ трэба будзе правесці сур’ёзную працу, каб прывабіць перасяленцаў, якія атрымалі дазвол на часовае пражыванне, выбраць Беларусь у якасці пастаяннага месца жыхарства.

Вынікі парламенцкіх выбараў і сцэнары развіцця падзей

Нечакана высокі вынік «Народнага фронту» на парламенцкіх выбарах дазваляе выказаць здагадку, што звязка Парашэнка–Яцанюк ва ўкраінскай палітыцы захаваецца і ў далейшым. Нягледзячы на тое, што пасля прэзідэнцкіх выбараў гэтыя палітыкі працавалі разам, яны маюць розныя пазіцыі[12] адносна перамоваў з Расіяй і ўнутраных пераўтварэнняў. І гэта будзе ствараць канкурэнцыю палітычных сілаў, што пры неабходнасці правядзення хуткіх рэформаў і ўрэгулявання крызісу непазбежна будзе зніжаць эфектыўнасць дзеянняў улады. Гэтымі супярэчнасцямі будуць спрабаваць скарыстацца як апаненты-папулісты, так і Расія.

Нядаўнія выбары таксама прадэманстравалі самую нізкую яўку на выбары ў Раду за ўсю гісторыю (52,42%), што кажа пра стомленасць электарату ад палітычнай барацьбы і наогул пра палітычную дэмабілізацыю насельніцтва. Гэта неабходна будзе ўлічваць пры правядзенні рэформаў – такі стан грамадства не дазваляе разлічваць на доўгае захаванне лаяльнасці ва ўмовах шокавых мер. Асабліва нізкая яўка была зафіксавана ў паўднёва-ўсходніх абласцях (ад 32% у Данецкай вобласці да 41% у Херсонскай), што сведчыць пра аддаленасць электарату ў гэтых рэгіёнах ад цэнтральнай улады і патрабуе ўзмацнення камунікацыі Кіева з дадзенымі тэрыторыямі. З іншага боку, нават у паўднёва-ўсходніх абласцях партыі «Блок Пятра Парашэнкі», «Народны фронт» і «Самапомач» разам набралі больш галасоў, чым «Апазіцыйны блок», які ў асноўным складаецца з былых сяброў «Партыі рэгіёнаў», што паказвае на падзенне папулярнасці былых паплечнікаў Януковіча і арыентацыю на рэформы.

З сённяшняга стану рэчаў ва Украіне праглядаюцца як мінімум тры сцэнары развіцця падзей у бліжэйшыя паўгода–год.

Сцэнар 1. Далейшыя саступкі Расіі з боку Кіева ў пытаннях статусу і кіравання на непадкантрольных тэрыторыях Данбаса, а таксама ўлік расійскіх прэтэнзій адносна Пагаднення Украіны з ЕС разам з млявымі рэформамі (альбо іх імітацыя) пры адсутнасці істотнай дапамогі з боку Захаду. Хутчэй за ўсё, гэты сцэнар прывядзе да згасання сепаратысцкага руху на ўсходзе краіны і паступовай нармалізацыі адносін з Расіяй, але пры частковым альбо поўным паўтарэнні сітуацыі пост-майдана 2004 года (росквіт карупцыі і перадзел уласнасці пры патрыятычнай і празаходняй рыторыцы).

Гэта створыць глебу для пратэсту патрыятычна настроеных слаёў грамадства, мабілізаваных Еўрамайданам і незадаволеных здрадай «рэвалюцыі годнасці», што можа выліцца ў спарадычныя усплёскі некантралюемага гвалту і самасудаў. Прыклады такой «народнай люстрацыі» ва Украіне можна назіраць ужо цяпер. Сітуацыя пагаршаецца тым, што за апошнія месяцы грамадзяне прывыклі да гвалту і на руках у іх шмат няўлічанай зброі.

Аднак калі ўлада зможа кансалідавацца і дзейнічаць на апярэджанне, то пры адсутнасці дэстабілізуючых дзеянняў з боку Расіі, сітуацыю ўдасца ўтрымаць пад кантролем і не дапусціць чарговага перавароту ў выніку масавых пратэстаў. Сацыяльна-палітычная сістэма, аднак, будзе закансерваваная яшчэ на некалькі гадоў.

Сцэнар 2. Радыкальныя эканамічныя рэформы пры заходняй падтрымцы разам з ігнараваннем патрабаванняў Расіі па ЗСГ з ЕС непазбежна пацягнуць за сабой больш актыўныя дзеянні Крамля па дэстабілізацыі сітуацыі і эканамічным ціску. Пад апошнім разумеецца перш за ўсё рашэнне Расіі аб вывадзе ўкраінскіх тавараў з-пад дзеяння Дамовы аб зоне свабоднага гандлю СНД і, тым самым, аб павышэнні стаўкі ўвазных пошлін, што пацягне за сабой шматмільярдныя страты для Украіны.

У межах дадзенага сцэнара высокая верагоднасць аднаўлення баявых дзеянняў і страты ўплыву Кіева на больш шырокіх тэрыторыях, аж да страты юрысдыкцыі на ўсёй тэрыторыі Данбаса і поўдня краіны. У такім выпадку Украіна атрымлівае паўнавартасны замарожаны канфлікт па прыкладзе малдоўскага на многія гады альбо страту тэрыторыі па крымскім сцэнары. У другім выпадку Украіна набывае шанец на паскораную інтэграцыю ў еўраатлантычныя структуры, а Расія атрымлівае неабходны ёй буфер у выглядзе ўсходніх абласцей Украіны, але адначасова – і доўгатэрміновую нестабільнасць у гэтым рэгіёне, паколькі эфектыўна кантраляваць гэтыя тэрыторыі яна не зможа.

Сцэнар 3. Адсутнасць сур’ёзных рэформаў палітычнай і эканамічнай сістэм пры захаванні высокага ўзроўню канфрантацыі з Расіяй і недахопе рэальнай фінансавай дапамогі ад ЕС і ЗША прывядуць да немінучага паглыблення эканамічных праблем, страты легітымнасці ўлады і трэцяга, «сацыяльнага», Майдану, вынікам якога можа стаць прыход да ўлады аўтакрата папулісцкага толку.

Па стане на канец кастрычніка ў дзеяннях украінскіх уладаў праглядаецца камбінацыя першага і другога сцэнараў. Спробы правесці радыкальныя рэформы натыкаюцца на пасіўны супраціў розных груповак у палітычнай эліце і бюракратыі (напрыклад, цяжкасці з прыняццем антыкарупцыйнага пакета). Таму з вялікай доляй верагоднасці можна казаць аб хуткім згасанні рэвалюцыйнага энтузіязму і скочванні Украіны да першага сцэнара. Хоць зменлівая палітычная, эканамічная і ваенная рэальнасць могуць унесці свае карэктывы.

Што датычыцца палітыка-эканамічнай сітуацыі на тэрыторыі Данбаса, падкантрольнай самаабвешчаным ДНР і ЛНР, у агляднай будучыні яна будзе толькі пагаршацца. Сепаратысцкія рэгіёны не маюць неабходнай інфраструктуры, сыравіны (у тым ліку доступу да вялікіх рэзервуараў прэснай вады, неабходнай для развіцця мясцовай прамысловасці), працоўных (значная эміграцыя спецыялістаў) і фінансавых (міжнародныя рынкі капіталу для непрызнаных сусветнай супольнасцю утварэнняў зачыненыя) рэсурсаў. Відавочна, што Расія будзе аказваць рэгіёну эканамічную падтрымку і імкнуцца ўплываць на палітычныя працэсы ў самаабвешчаных рэспубліках. Будучы фармальна па-за ЕАЭС, з часам яны могуць дэ-факта стаць часткай еўразійскага аб’яднання. Адначасова кіраўніцтва рэспублік будзе спрабаваць шантажаваць Кіеў большай дэстабілізацыяй, дамагаючыся выдзялення ўсё большых рэсурсаў з украінскага бюджэту.



[1] Па розным дадзеных, іх колькасць складала да 30-40 тыс. чалавек.

[2] Напрыклад, Міхаіл Хадаронак, Віктар Літоўкін, Канстанцін Сокалаў, Ігар Каротчанка.

[3] Біла книга 2013. Збройні сили Украіны. Киів, 2014. - http://www.mil.gov.ua/content/files/whitebook/WB_2013.pdf

[6] Размяшчэнне ракет у 450 км. ад Масквы скарачае падлётны час да 4-5 хвілін. У такіх умовах часу на прыняцце рашэння пра ўдар у адказ практычна не застаецца.

[7] У 2014 годзе апытанне праводзілася ва ўсіх рэгіёнах Украіны, за выключэннем Крыма. Гл. http://www.razumkov.org.ua/ukr/poll.php?poll_id=305

[8] Тэрмін, уведзены Джозэфам Наем; азначае здольнасць дзяржавы дамагацца жаданых вынікаў у знешняй палітыцы на аснове прывабнасці, сімпатыі і добраахвотнага ўдзелу, у адрозненні ад «жорсткай сілы», якая прадугледжвае ваенны, палітычны або эканамічны прымус. Механізмы «мяккай сілы» згадваюцца ў Канцэпцыі знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі, прынятай у пачатку 2013 года.

[9] Санкцыі ЕС супраць Расіі публічна раскрытыкавалі прэзідэнт Чэхіі М. Земан, прэм’ер-міністр Венгрыі В. Орбан і прэм’ер-міністр Славакіі Р. Фіца. Гл. http://carnegieeurope.eu/strategiceurope/?fa=56398

[12] Арсень Яцанюк займае больш жорсткую пазіцыю ў канфлікце з Расіяй і эксплуатуе мілітарысцкую рыторыку ва ўнутранай палітыцы.

Чытайце BISS-Blitz у фармаце pdf