Беларускі знешнепалітычны індэкс № 7 (сакавік-красавік 2012 г.)

BISS прадстаўляе чарговы выпуск Беларускага знешнепалітычнага індэкса, у якім аналізуюцца пяць накірункаў знешняй палітыкі Беларусі ў сакавіку-красавіку 2012 г.

На расійскім напрамку паглыбленне супрацоўніцтва, на еўрапейскім паслабленне негатыўнай рыторыкі і дэкларацыя гатоўнасці да дыялогу, на ўкраінскім абвастрэнне. Акрамя таго, упершыню намеціліся супярэчнасці з Кітаем. Такія асноўныя высновы робяць нашы эксперты.

Такім чынам, у разгляданы перыяд расійскі вектар заставаўся асноўным у знешняй палітыцы Беларусі, хоць медыйна ён знаходзіўся ў цені гучнага дыпламатычнага крызісу з ЕС. Чаканая перамога Пуціна на прэзідэнцкіх выбарах была ўспрынятая ў Мінску пазітыўна: беларускае кіраўніцтва робіць стаўку на інтэграцыйныя амбіцыі Пуціна, разлічваючы, што дзеля захавання знешняга іміджу інтэграцыі той пойдзе на шматлікія саступкі Беларусі.

Індэкс адносін з ЕС упершыню за ўвесь час маніторынгу (са студзеня 2011 г.) «выйшаў у нуль», дэманструючы патэнцыял для далейшага росту. З вызваленнем Андрэя Саннікава і Зміцера Бандарэнкі і вяртаннем паслоў краін ЕС у Мінск напрыканцы красавіка дыпламатычны крызіс можна лічыць вычарпаным. Аднак, нягледзячы на відавочнае імкненне беларускага боку выйсці са стану канфлікту з Еўрасаюзам, яго дзеянні насілі вельмі супярэчлівы характар.

У адносінах з Кітаем упершыню намеціліся супярэчнасці, звязаныя з разыходжаннямі адносна кошту і ўмоў рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў.

У разгляданы перыяд адбылося значнае абвастрэнне двухбаковых адносін з Украінай. У палітычным плане Мінск і Кіеў зараз не цікавыя адзін аднаму, а амбіцыйныя праекты, якія абмяркоўваліся раней, у апошні час «заглухлі».

Увогуле, кіраўніцтва Беларусі працягвае традыцыйную «ківачовую» знешнюю палітыку, прычым інтэрвалы ваганняў ківача маюць тэндэнцыю да скарачэння, а поле для манеўру афіцыйнага Мінска – да звужэння.

Поўны тэкст маніторынгу ў фармаце PDF.