Палітычны медыябарометр BISS №12 (студзень – сакавік 2015 г.): выбары ўплываюць на структуру палітычных паведамленняў, але іх лік не расце

Друкаваная версіяPDF версія

BISS прапаноўвае асноўныя вынікі даследавання “Палітычны медыябарометр BISS” за студзень – сакавік  2015 г. У ім аналізуюцца колькасныя і якасныя характарыстыкі сферы палітычнай камунікацыі незалежных палітычных сіл, а таксама робяцца высновы пра тое, якія галоўныя чыннікі паўплывалі на структуру палітычных паведамленняў.

У першым квартале 2015 г. сфера палітычнай камунікацыі вызначаецца наступнымі асновапалеглымі асаблівасцямі:

  • Пра старт перадвыбарчай кампаніі сведчыць не колькасць палітычных паведамленняў, а іх структура: змены ў рэйтынгу палітыкаў і палітычных сіл вызначаюцца іх планамі ўдзелу ў выбарах; расце доля асвятлення кантактаў беларускіх палітыкаў з замежнымі.
  • Якасныя характарыстыкі паведамленняў: іх “ініцыятыўнасць”, узровень асвятлення практычнай дзейнасці, збалансаванасць ўзроўню асвятляных падзей – зніжаюцца, хоць лік паведамленняў не павялічваецца.

У папярэднім выпуску “Палітычнага медыябарометра BISS” (кастрычнік – снежань 2014 г.) мы прыйшлі да высновы, што набліжэнне выбараў пачало ўплываць на палітычную камунікацыю. Гэта выявілася перадусім у рэзкім павелічэнні колькасці паведамленняў і ў змяненні іх тэматычнай структуры. Хоць аналіз палітычных паведамленняў напрыканцы 2014 г. засведчыў пачатак перадвыбарчага перыяду, у першым квартале 2015 г. не назіраецца заўважнага росту ліку палітычных паведамленняў. У студзені – сакавіку 2015 г. прааналізавана 4 965 згадак – усяго на 23 больш, чым у папярэднім квартале.

Графік 1.  Дынаміка ліку паведамленняў (колькасці згадак пра палітыкаў і палітычныя сілы)


Хоць заўважнага росту колькасці згадак не адбываецца, рэйтынг палітычных сіл паводле колькаснага індэкса прысутнасці ў інфармацыйнай прасторы фармуецца пад уздзеяннем выбараў. Такім чынам, гэты фактар вызначае структуру сферы палітычнай камунікацыі. Паводле колькаснага індэкса палітычныя сілы можна падзяліць на тры групы.

Першая — партыя БНФ і Аб’яднаная грамадзянская партыя. Яны маюць заўважна вышэйшы індэкс за найбліжэйшых суседзяў у рэйтынгу. Пры тэтым цягам усяго квартала лідарства захоўвала АГП, партыя БНФ апярэдзіла яе толькі ў апошняй дэкадзе сакавіка дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў арганізацыі Дня Волі. АГП паднялася з 4-га месца ў папярэднім квартале не 2-е. Прычынай была актыўная дыскусія вакол вылучэння Міколы Статкевіча “сімвалічным” кандыдатам у прэзідэнты, а таксама тое, што АГП падтрымала і вылучэнне свайго лідара Анатоля Лябедзькі.

Другая група – БХД, рух “За Свабоду” і кампанія “Гавары прайду!”. У першым квартале 2015 г. БХД менш актыўна ўдзельнічала ў абмеркаванні выбараў, таму і саступіла 3-е месца руху “За Свабоду!”. Абмеркаванне вылучэння кандыдата ад кааліцыі “Народны рэферэндум” дазволіла партыі БНФ захаваць 1-е месца, а руху “За Свабоду” – узняцца на 3-е. Пры гэтым незалежна ад пазіцыі палітычных сіл датычна канкрэтных кандыдатаў, калі згадваецца кааліцыя, часта пералічваюцца ўсе яе ўдзельнікі, што падвышае іх колькасны рэйтынг. Нягледзячы на ажыўленыя дэбаты вакол вылучэння Таццяны Караткевіч, кампанія “Гавары праўду!” не здолела захаваць свае пазіцыі ў рэйтынгу, бо знізілася актыўнасць Уладзіміра Някляева.

Да трэцяй групы належаць усе астатнія палітычныя сілы, якія традыцыйна не займаюць пазіцый лідараў і не выкарыстоўваюць перадвыбарчую рыторыку, каб папулярызаваць сябе ў СМІ.

Што да руху “За Свабоду”, варта таксама адзначыць, што заўважная частка яго паведамленняў прысвячалася ўдзелу Аляксандра Мілінкевіча ў конкурсе на пасаду рэктара ЕГУ. Гэтая тэма прынесла руху 14 згадак і 55 пунктаў індэкса, аднак гэта не мела вырашальнага ўплыву на яго 3-е месца ў рэйтынгу. Гэта можа зрабіць медыйны партрэт руху “За Свабоду” больш расплувістым, менш засяроджаным на палітычным жыцці краіны і інтарэсах грамадства.

Табліца 1. Агульная прысутнасць палітычных сіл у інфармацыйнай прасторы


На дынаміцы набірання колькаснага індэкса АГП перадусім моцна адбілася распачатае 6 студзеня абмеркаванне стварэння ініцыятыўнай групы, каб вылучыць Міколу Статкевіча “сімвалічным” кандыдатам на пасаду прэзідэнта. Другі чыннік, які істотна паўплываў на дынаміку індэкса АГП, – гэта выклік Анатоля Лябедзькі ў суд за ўдзел у пікеце ў падтрымку Charlie Hebdo.

Для ўсіх палітычных сіл – лідараў рэйтынгу значнай падзеяй з гледзішча набірання колькаснага індэкса стаўся прыезд у Беларусь 25 лютага прадстаўнікоў ЕС, Еўрапарламента і ПАСЕ. Таксама на колькасныя паказнікі шмат якіх палітычных сіл, і перадусім партыі БНФ, традыцыйна паўплывала правядзеньне Дня Волі – да 25 сакавіка назіраўся “скачок” у набіранні індэкса.

Абмеркаванне тэмы выбараў шмат у чым вызначыла структуру сферы палітычнай камунікацыі, таму ў першым квартале 2015 г. рэйтынг асобных палітыкаў падпарадкоўваўся тым самым заканамернасцям, што і рэйтынг палітычных сіл. Да пачатку перадвыбарчага перыяду рэйтынг асобных палітыкаў залежаў ад сітуатыўных чыннікаў і быў значна менш устойлівы за рэйтынг палітычных сіл. У рэйтынгу асобных палітыкаў можна вылучыць дзве групы, якія выразна адрозніваюцца паводле колькасных паказнікаў. Першая – гэта лідары, А. Лябедзька і М. Станкевіч, якія абодва разглядаюцца як прэтэндэнты на прэзідэнцкі пост.  Далей ідуць палітыкі – прадстаўнікі палітычных сіл у складзе кааліцыі “Народны рэферэндум”: Уладзімір Някляеў, Аляксандр Мілінкевіч і Аляксей Янукевіч.  Што да Аляксандра Мілінкевіча, на ягоны колькасны індэкс, адрозна ад індэкса руху “За Свабоду”, істотна паўплывала вылучэнне на пасаду рэктара ЕГУ. Выбары рэктара дадалі яму 46 згадак і 230 пунктаў індэкса. Калі выключыць гэты складнік, Аляксандр Мілінкевіч саступіў бы Аляксею Янукевічу і заняў бы 5-е месца.

Табліца 2. Агульная прысутнасць асобных палітыкаў у інфармацыйнай прасторы


Дынаміка набірання колькаснага індэкса таксама дазваляе заўважыць, што на паведамленні асобных палітыкаў уплываюць тыя ж самыя падзеі, што і на паведамленні палітычных сіл. У выпадку Анатоля Лябедзькі гэта вылучэнне Міколы Статкевіча і пікет у падтрымку Charlie Hebdo, а для ўсіх астатніх палітыкаў – лідараў рэйтынгу, апроч Міколы Статкевіча, – прыезд еўрапейскіх палітыкаў і правядзенне Дня Волі.