Polling Memo: Трэнды застылі

Друкаваная версіяPDF версія

BISS студзень 2013 г. Аналіз апытанняў грамадскай думкі

Узровень падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі застаецца нязменным, а “адчуванне эканамічнага крызісу” сярод беларускіх грамадзянаў дасягнула піку. Гэта найважнейшыя вынікі апошняга сацыялагічнага апытання, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) у снежні 2012 г.

Праз два гады пасля перавыбараў Лукашэнка страціў 20% электаральнага рэйтынгу (ці нават больш, калі параўноўваць з вынікамі даўнейшых апытанняў НІСЭПД). Узровень яго грамадскай падтрымкі трывала застыў на адзнацы 30%. Гэтая тэндэнцыя сведчыць, што па сутнасці ён стаўся лідарам меншасці. У некалькіх папярэдніх выпусках “Аналізу грамадскай думкі” BISS прадказваў, што пік папулярнасці для прэзідэнта пройдзены і яго рэйтынг спыніцца ў раёне 30% . Аднак асноўны прагноз развіцця грамадскай думкі, які прапаноўвае BISS на 2013 г., зводзіцца да таго, што няма ніякіх прыкметаў, каб Лукашэнка апынуўся перад рэальнай пагрозай страціць забяспечаную ў 2012 г. падтрымку адной траціны выбарцаў.

Хоць у 2012 г. Лукашэнка рабіў пэўныя інфармацыйныя высілкі і ажыццяўляў некаторыя іншыя захады (перадусім скіраваныя на падвышэнне заробкаў), колькасць тых, хто мяркуе, што беларуская эканоміка – у крызісе, дасягнула рэкорднай адзнакі – 88% у снежні 2012 г. Гэта на 10% больш, чым паўгоду таму (у ліпені 2012 г. – 77%), і нават больш, чым напрыканцы крызіснага 2011 г. (у снежні 2011 г. гэты паказнік складаў 81.5%).

Аднак з гэткім моцным “адчуваннем крызісу” кантрастуе колькасць тых, хто мяркуе, што краіна развіваецца ў няслушным кірунку, – “усяго” 46% у снежні 2012 г. Гэта на 10% менш, чым год таму (у снежні 2011 г. такіх рэспандэнтаў было 56%). Да таго ж падобныя вынікі фіксуюцца ў шмат якіх еўрапейскіх краінах і ў ЗША.

Праз два гады ад пачатку чарговага прэзідэнцкага тэрміну Лукашэнкі ў настроях беларускіх грамадзянаў значна больш песімізму. У снежні 2012 г. 33,5% апытаных сказалі, што краіна развіваецца ў слушным кірунку (дзеля параўнання: у снежні 2010 г. такіх было 55%). І ўсяго 23% рэспандэнтаў сказалі, што ў наступныя гады сацыяльна-эканамічнае становішча Беларусі палепшыцца (у снежні 2010 г. такіх было 30%).

Хоць у грамадстве пануе згода наконт эканамічнага крызісу , у кожнай вызначальнай сферы: эканоміцы, палітыцы, геапалітычнай арыентацыі – трэнды застылі. Пры тым, што ўсяго адна траціна насельніцтва мяркуе, што Лукашэнка – той лідар, які патрэбны Беларусі, большасць грамадзянаў гэтак і не ўбачыла іншай палітычнай, асабовай і праграмнай альтэрнатывы. Таму, на думку BISS, 2013 г. будзе годам застылых трэндаў. Застаецца адкрытым галоўнае пытанне: хто ці што зможа аб’яднаць інтарэсы большасці беларускіх грамадзянаў? Тым не менш, неабходнасць аб’яднання відавочная – пра гэта сведчыць рост даверу да незалежных СМІ, прафсаюзаў і даследчых цэнтраў.

Чытаць цалкам тэкст PollingMemo «Трэнды застылі: прагноз развіцця грамадскай думкі на 2013 г.» у фармаце pdf