"Палітычны медыябарометр BISS" №2 за ліпень – верасень 2012 г.

Друкаваная версіяPDF версія

 

BISS прадстаўляе другі выпуск "Палітычнага медыябарометра BISS", які ахоплівае перыяд з 1 ліпеня па 23 верасня 2012 года. Гэта першае ў Беларусі даследаванне, якое не толькі адлюстроўвае прысутнасць незалежных палітычных сілаў у СМІ, але і змяшчае яго якасны аналіз. Метадалогія даследавання была распрацавана камандай беларускіх і замежных экспертаў.

BISS абраў і прааналізаваў прысутнасць незалежных палітычных сіл на васьмі найбуйнейшых вэб-сайтах, у чатырох вядучых незалежных газетах, на адзінаццаці партыйных вэб-сайтах і на пятнаццаці старонках палітыкаў у "Facebook" і "LiveJournal". За гэты перыяд мы выявілі і каталагізавалі 3979 згадак у СМІ аб 28 асобных палітыках і 17 палітычных сілах.

Наша выбарка абмяжоўваецца незалежнымі палітычнымі сіламі і палітычнымі дзеячамі. Аналіз палітычнай камунікацыі дзеючай уладнай эліты выходзіць за рамкі гэтага праекта.

Асноўныя высновы даследавання

У перадвыбарчы перыяд палітычныя сілы павялічылі колькасць камунікацый праз уласныя каналы: 27% палітычных камунікацый ажыццяўлялася праз партыйныя рэсурсы, што на 22% больш за паказчык папярэдняга квартала. Такое актыўнае выкарыстанне партыйных медыяканалаў  - пазітыўная тэндэнцыя, якая паказвае, што палітычныя сілы больш сістэмна падыходзяць да камунікацый і лепш выкарыстоўваюць наяўныя ў іх інструменты.

У гэтым квартале мы сталі сведкамі большай разнастайнасці ў галасах, якія прадстаўляюць палітычныя сілы ў СМІ. Рэгіянальныя лідэры атрымалі магчымасць выказвацца ад імя сваіх палітычных структур. Не выключана, што гэты факт тлумачыцца перадвыбарнымі дэбатамі: палітыкі вылучаліся ў якасці кандыдатаў ці прасоўвалі ідэю байкоту. Дадзены тэзіс падмацоўваецца і тым, што па-ранейшаму рэгіянальныя лідэры сканцэнтраваны на нацыянальных, а не на рэгіянальных (мясцовых) праблемах.

Павялічыўся разрыў паміж тэмамі, якія закранаюць у сваіх выступах прадстаўнікі апазіцыйных сілаў, і тэмамі, якія могуць хваляваць насельніцтва. На працягу гэтага перыяду доля паведамленняў, якія тычацца эканамічных і сацыяльных праблем, скарацілася амаль у 2,5 разы ў параўнанні з перыядам да пачатку парламенцкай кампаніі. Нават калі палітычныя сілы падвышалі колькасць паведамленняў на гэтыя тэмы, іх доля ў падвышэнні ў перадвыбарчы перыяд у інфармацыйным патоку зніжалася, тым самым робячы гэтыя важныя праблемы менш бачнымі ў структуры палітычных камунікацый. У выніку, структура прадстаўленасці розных апазіцыйных сіл у медыя атрымліваецца практычна аднолькавай, не залежнаі ад таго, выступаюць яны за байкот ці за ўдзел у выбарах, прапаноўваюць вырашэнне сацыяльна-эканамічных праблем або не прапаноўваюць. Гэта дазваляе нам зрабіць выснову, што СМІ ў сілу сваіх рэдакцыйных палітык ці імкнення зрабіць матэрыялы больш цікавымі за кошт канфлікту, таксама фармуюць вобраз апазіцыйных палітыкаў. Між тым, разумеючы, у якіх складаных умовах даводзіцца працаваць незалежным палітычным суб'ектам у Беларусі, медыя, на наш погляд, маглі б больш увагі надаваць менавіта тым выступам прадстаўнікоў апазіцыі, у якіх яны прапаноўваюць рашэнні надзённых праблем грамадства.

Уся парламенцкая кампанія адзначана гарачымі дэбатамі паміж палітычнымі сіламі аб неабходнасці байкоту альбо ўдзелу ў выбарах. Адны лічылі кампанію добрым спосабам легальных  зносін з электаратам, іншыя сцвярджалі, што ўдзельнічаць у ёй бессэнсоўна. Так ці інакш, апазіцыйныя палітычныя сілы патрацілі шмат часу на дэбаты,  згубіўшы шмат магчымасцяў для паўнавартасных зносін з электаратам. Пры гэтым апазіцыйныя палітыкі, якія заклікалі да байкоту, на 30% часцей прыцягвалі ўвагу СМІ. Аднак, згодна з вынікамі апытанняў НІСЭПД, стратэгія байкоту практычна не паўплывала на грамадскую думку: колькасць рэспандэнтаў, якія ўказалі, што парламенцкія выбары не будуць свабоднымі і сумленнымі, павялічылася толькі на 3,2% у параўнанні з сітуацыяй выбараў 2008 года.

На працягу перыяду перадвыбарнай кампаніі прадстаўнікі апазіцыі па-ранейшаму часцей выступалі ў СМІ як палітычныя назіральнікі, аглядальнікі і эксперты: доля выказванняў аб новых праектах і стратэгіях апазіцыі ўпала ў 11 разоў, а доля агульных каментароў і разваг вырасла на 25%.

Чытаць поўны тэкст "Палітычнага медыябарометра BISS" за ліпень-верасень у фармаце pdf