Адзінаццаты выпуск BISS-Trends (чэрвень-верасень 2012 г.)

Друкаваная версіяPDF версія

У трэцім квартале 2012 г. эксперты адзначаюць стагнацыю альбо рэгрэс практычна па ўсіх разгледжаных трэндах. Так, у сферы палітычнай  дэмакратызацыі / лібералізацыі адбывалася відавочнае пагаршэнне становішча з правапрымяняльнай практыкай выбарчага заканадаўства.

Калі ў перыяд выбарчых кампаній у час умоўнай лібералізацыі (парламенцкія выбары 2008 г., мясцовыя выбары 2010 г., прэзідэнцкія выбары 2010 г.) выбары станавіліся падставай для пэўнага паслаблення абмежаванняў у выбарчай сферы, то асаблівасцю выбараў 2012 г. стала паслядоўнае згортванне раней прыўнесеных пазітыўных змяненняў у заканадаўства аб правядзенні выбараў.

Аналіз стану рэчаў у сферы якасці кіравання і вяршэнства права ў трэцім квартале таксама выяўляе рэгрэсіўную тэндэнцыю: большасць падзей і фактаў сведчаць аб цэнтралізацыі ўлады і дэлібералізацыі. Паказальным прыкладам “ручнога” кіравання краінай з’явілася пастанова Саўміна № 841, якая ўсклала на вышэйшых службовых асобаў персанальную адказнасць за лёс асобных прадпрыемстваў і інвестыцыйных праектаў у краіне.

У эканамічнай сферы зафіксавана вяртанне да практыкі паўсюднага субсідзіравання працэнтных ставак для прадпрыемстваў, якія рэалізуюць мадэрнізацыйныя праекты.  У выніку нястрыманай бюджэтнай палітыкі ўладаў па стымуляванні эканамічнага росту дзяржсектара крэдытна-грашовая палітыка для астатняй эканомікі становіцца залішне жорсткай. Бачыцца, што з мэтай выканання плана па забеспячэнні ўзроўню сярэдняй зарплаты ў 500 даляраў, для памяншэння ціску на спажывецкі рынак і абменны курс улады наўмысна павышаюць кантраляваныя дзяржавай цэны апераджальнымі тэмпамі.

У геапалітычнай сферы ярка выражаны дысбаланс у знешняй палітыцы Беларусі на карысць Расіі захоўваецца, аднак у трэцім квартале адзначаны рост канфліктнасці ў беларуска-расійскіх адносінах. Відаць, расійскае кіраўніцтва зноў звяртаецца да ціску на свайго саюзніка з мэтай забяспечыць выкананне ім узятых на сябе абавязацельстваў, перш за ўсё ў сферы прыватызацыі.

Адносіны з Еўрапейскім саюзам застаюцца стабільна дрэннымі. У гэты перыяд дзвюма галоўнымі адмоўнымі падзеямі ў адносінах ЕС—Беларусь сталі дыпламатычны канфлікт са Швецыяй і беларускія парламенцкія выбары, не прызнаныя міжнароднымі назіральнікамі свабоднымі і справядлівымі. У той жа час, былі вызваленыя ўсяго два палітычныя зняволеныя.

Нарэшце, у галіне культуры працягваецца палітызацыя і ідэалагізацыя культурнага жыцця Беларусі. Адбываецца далейшая дэвальвацыя культурнай прадукцыі, якая прадстаўляе афіцыйны дыскурс, і палярызацыя ў культурным жыцці краіны. Яшчэ больш выразнымі сталі вельмі непаслядоўныя, супярэчлівыя і нават няўклюдныя дзеянні ўладаў у галіне пазначанай раней “мяккай беларусізацыі”.

Чытаць цалкам маніторынг у фармаце pdf