Чалавечы капітал: З’ехаць нельга застацца

Дадзенае даследаванне працягвае цыкл работ BISS «Чалавечы капітал як фактар канкурэнтаздольнасці і мадэрнізацыі» і засноўваецца на выніках нацыянальнага апытання (снежань 2012 г.– студзень 2013 г.), замоўцам якога выступіў Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў. На падставе атрыманых намі дадзеных (варта сказаць, што тэма міграцыі была другараднай у апытальніку), а таксама даступных вынікаў іншых даследаванняў грамадскай думкі па тэме міграцыі, BISS прапануе наступныя папярэднія высновы:

1) Вынікі апытання грамадскай думкі не пацвярджаюць меркавання аб тым, што большасць беларусаў хоча пакінуць краіну. 35,6% насельніцтва маюць міграцыйныя настроі ў тым ці іншым выглядзе (на ПМЖ, з мэтай часовай працы ці вучобы), што параўнальна з паказчыкам 2006 г. (30,2%). Для параўнання, у 1998 г. намер з’ехаць за мяжу з той ці іншай мэтай праяўлялі 44,8% насельніцтва. Дадзеная лічба адлюстроўвае распаўсюджанасць так званай пасіўнай формы міграцыйных настрояў, то бок жаданне з’ехаць выказвалася, але канкрэтныя крокі для гэтага не абавязкова рабіліся.

2) Жаданне з’ехаць з краіны на пастаяннае месца жыхарства ў канцы 2012 г. выказала 15,1% насельніцтва, што прыкладна адпавядае гэтаму паказчыку ў больш ранніх апытаннях 1998, 2006 і 2009 гг. (13,5%, 13,5%, 18,8% адпаведна). Такім чынам, калі распаўсюджанасць намераў пакінуць краіну назаўсёды і ўзрасла падчас крызісу 2011 г., то ў канцы 2012 г. паказчык вярнуўся на ўмоўна дакрызісны ўзровень. Беларусь адносіцца да групы краін, у якіх адносна нязначная колькасць грамадзян хоча з’ехаць на ПМЖ (15,1%), разам з Расіяй (20% у 2012 г.)1, Украінай (15% у 2010 г.)2 і Польшчай (11% у 2010 г.). Пры гэтым, больш высокі ўзровень міграцыйных настрояў назіраецца ў такіх краінах, як Вялікабрытанія (33%), Румынія (31%), Мальта (26%) і Літва (23%)3. Верагодна, дадзены разрыў можа тлумачыцца больш высокай мабільнасцю грамадзян Еўрапейскага саюза.

3) У параўнанні з 2009 г. прыкметна знізілася доля тых, хто абгрунтоўвае сваё нежаданне эміграваць гонарам за сваю краіну (з 15,5% да 10,4%). Таксама паменшылася колькасць людзей, якія мяркуюць, што ў Беларусі ім жылося б лепш, чым за мяжой (з 46,7% да 37,7%).

4) Партрэт тыповага беларуса, які меў пастаянны досвед працы за мяжой: разведзены мужчына 30–44 гадоў, з сярэдняй або сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, які пражывае ў Мінску ці ў горадзе з колькасцю насельніцтва ад 50 да 100 тысяч жыхароў з Магілёўскай альбо Віцебскай вобласці. Сярод тых, хто жадае пакінуць Беларусь назаўсёды (з’ехаць на ПМЖ) непрапарцыйна шмат людзей з вышэйшай адукацыяй (пераважаюць спецыялісты з эканамічнай адукацыяй) і высокім сацыяльным статусам. Гэта значыць, што калі іх міграцыйныя настроі перарастуць у дзеянні, то Беларусь страціць значны чалавечы капітал.

5) Большасць патэнцыйных мігрантаў, якіх да міграцыі штурхае паляпшэнне матэрыяльнага становішча, гатовыя застацца ў краіне, калі іх сярэднямесячны даход будзе складаць 10 млн. рублёў (65,3% ад тых, хто ўказаў матэрыяльную матывацыю, ці 52,5% ад усіх патэнцыйных мігрантаў). Такім чынам, гэтая сума (прыблізна 1000 еўра) нашмат перавышае ўмоўны памер сацыяльнага кантракту ў 500 даляраў, да якога імкнецца ўрад.

6) Беларусы, якія жадаюць эміграваць, прытрымліваюцца больш ліберальных поглядаў, а таксама з высокай доляй верагоднасці з’яўляюцца прыхільнікамі інтэграцыі з Еўрасаюзам. За інтэграцыю з ЕС жадаючыя выехаць на ПМЖ выступаюць у тры разы часцей, чым тыя, хто не жадае з’язджаць з краіны.

7) Беларусы, якія мелі досвед працы за мяжой, больш зарабляюць у Беларусі, маюць больш ліберальныя погляды і ўдвая часцей спадзяюцца на сябе ў тым, што тычыцца дабрабыту і працаўладкавання, чым тыя, хто не мае досведу працы за мяжой. Пры гэтым яны па-ранейшаму чакаюць ад дзяржавы забеспячэння медыцынскай дапамогай і адукацыяй.

Чытаць даследаванне ў фармаце pdf