Двухмоўнае аднамоўе

https://www.ideasbank.vision/projects/12

ideasbank.vision

Моўная палітыка ў Беларусі: стан, тэндэнцыі і перспектывы. Даследаванне BISS/Beehive

Пазіцыі беларускай мовы ў якасці сродка камунікацыі даволі слабыя. Тым не менш,

для абсалютнай большасці беларусаў яна застаецца важнай культурнай каштоўнасцю

Дысананс паміж мовай-каштоўнасцю і мовай камунікацыі, з аднаго боку, стварае шанец для пашырэння камунікацыйнай функцыі беларускай мовы, з другога боку — рызыка заняпаду як каштоўнаснай функцыі.

Соцыюм: побытава рускамоўны, адкрыты на беларускасць

У Беларусі беларуская мова выконвае камунікацыйную функцыю ў невялікай ступені. Параўнанне з пяццю іншымі краінамі Усходняга партнёрства — на базе апытання пра мову медыя-спажывання — паказвае, што водле ступені прэферавання нацыянальнай мовы Беларусь месціцца далёка з тылу ад любой з гэтых краінаў.

1

У якасці нацыянальнага ідэнтыфікатара грамадскае значэнне мовы значна большае: у залежнасці ад часу і кантэксту апытання ад 15% да 40% рэспандэнтаў схільныя былі прызнаваць нацыянальна-ідэнтыфікацыйную важнасць мовы. Тым не менш, мова-як-ідэнтыфікатар прайграе па значнасці большасці іншым патэнцыйным ідэнтыфікатарам, такім як месца нараджэння, цяперашняе пражыванне ў адной краіне, тэрыторыя, агульнае паходжанне і інш.

q

Тое, наколькі праблемным для беларусаў ёсць прызнанне мовы нацыянальным ідэнтыфікатарам, асабліва яскрава бачна з параўнання з 33 іншымі еўрапейскімі краінамі: Беларусь апынулася, зноў жа, на апошнім месцы ў плане прызнання ідэнтыфікацыйнай важнасці нацыянальнай мовы.

3

Інакш выглядае справа, калі гаворка ідзе менавіта пра каштоўнасны аспект беларускай мовы: наколькі гэтая мова важная як частка культурнай спадчыны або нацыянальны сімвал.

4

Моўная палітыка праз прызму выдавецтва і адукацыі

Павольны рост беларускамоўнага кнігавыдавецтва і выдання беларускамоўных газет, які назіраўся цягам мінулай дэкады, прыпыніўся. У першым паўгоддзі 2022 года доля беларускамоўных кніг знізілася, як у плане тытулаў, так і ў плане накладу. Такое падзенне, хутчэй за ўсё, звязана з палітычнымі чыннікамі: выдаўцы адчулі на сябе ціск рэпрэсіўнага апарату.

5

У 2020 годзе ўпершыню за ўсю гісторыю дашкольнага выхавання ў Беларусі колькасць вясковых дашкольнікаў з беларускай мовай выхавання была меншай за колькасць тых, што выхоўваюцца па-руску. Пры гэтым, аднак, маюцца мінімальныя зрухі да беларускамоўя ў дашкольным (як, зрэшты, і школьным) выхаванні ў гарадах.

6

Агулам рэч беручы, усцяж захоўваецца лагодны кантраст паміж вёскай і малымі гарадамі, з аднаго боку, і вялікімі гарадамі — з другога.

Вясковая школа надалей застаецца абшарам дамінацыі беларускай мовы

У дашкольным выхаванні беларускамоўе хоць і згубіла даміноўную пазіцыю, усё ж пакуль што займае далёка не маргінальнае месца. Беларускамоўе пануе таксама ў раённых газетах, падчас як агульнадзяржаўныя і гарадскія газеты выходзяць пераважна на рускай мове.

Разам з гэтым заслугоўвае на ўвагу праламленне русіфікацыйнага трэнду ў гарадскіх садочках і школах, якое назіраецца з 2018 года. Яно можа сведчыць пра наспяванне попыту на беларускую мову ўнутры сярэдняга класу.

У цені рэпрэсій і вайны. Асаблівасці моўнай сітуацыі пасля 2020 года

Цягам 2020—2022 гадоў у Беларусі адбыліся сур’ёзныя змены грамадска-палітычнага характару: у другой палове выбухнулі ў Беларусі самыя масавыя ў гісторыя пратэсты, пасля якіх пачаліся жорсткія рэпрэсіі і працягваюцца на момант працы над гэтым даследаваннем. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі заняў выразна прарасійскую і антызаходнюю пазіцыю, а ў лютым 2022 ён выступіў саюзнікам Пуціна ў агрэсіі Расіі супраць Украіны. Усё гэта не магло не адбіцца на моўнай палітыцы ўнутры краіны.

Хоць беларусізацыйныя праекты не былі асноўным аб’ектам поствыбарных рэпрэсій, то ўсё ж яны таксама пад іх траплялі. Гэта было звязана з тым, што беларускамоўныя асяродкі пераважна сімпатызавалі пратэстам і падтрымлівалі іх. Апроч таго, інспіраваныя нацыянальным адраджэннем праекты, як правіла, не ўпісваліся ў ідэалагічную лінію беларускага рэжыму, якая пасля выбараў 2020 года стала руса- і савета-цэнтрычнай, антызаходняй і антыпольскай. Беларускі ПЭН-цэнтр, які вымушана цяпер дзейнічае за мяжой, налічыў 593 парушэнні культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры ў 2020 годзе і 1455 — у 2021-м. А сціслыя апісанні парушэнняў у 2022 годзе займаюць ужо некалькі старонак тэксту.

Сітуацыя расейска-ўкраінскай вайны і павышаная падазронасць Масквы да ўсякіх зрухаў у напрамку ўзмацнення нацыянальнай ідэнтычнасці вядзе да таго, што

ў агляднай будучыні беларуская дзяржава перастане адыгрываць якую-кольвечы ролю ў пашырэнні камунікацыйных функцыяў беларускай мовы

Калі нешта ў гэтым плане і будзе адбывацца, то за кошт дыяспары, цэркваў, рэшткаў грамадска-культурных ініцыятыў унутры краіны і індывідуальных асоб, якіх хвалюе лёс беларускай мовы і стан нацыянальнай тоеснасці беларусаў.

Поўная версія даследавання

Вынікі даследавання за 15 хвілін (ВІДЭА)

Результаты исследования на русском языке (ТЕКСТ)

Даследаванне падрыхтавана ў рамках праекта Belarus Beehive, каардынатар даследчай і экспертнай часткі праекта — Інстытут «Палітычная сфера».

лістапад 29, 2022
238
3
min read