У інтэрв’ю каналу “Еўраньюс” беларускі прэзідэнт заявіў пра гатоўнасць даслаць беларускіх міратворцаў ва Ўкраіну, калі «яго пра гэта папросяць». Гэтая заява адразу выклікала гарачыя дыскусіі як у экспертным асяроддзі, так і сярод беларускай апазіцыі, якія часта паўтараюць застарэлыя міфы.
Ці могуць беларускія міратворцы на законнай аснове знаходзіцца ва Ўкраіне?
На сённяшні дзень у беларускім заканадаўстве адсутнічае прамая забарона ўдзелу беларускіх узброеных сіл у баявых дзеяннях па-за межамі Беларусі. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, беларуская Канстытуцыя не ўтрымлівае такой забароны. Такога палажэння няма і ў законе “Пра Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь”, у ім толькі адзначана, што “накіраванне ваеннаслужачых па-за межы Рэспублікі Беларусь для выканання міжнародных абавязацельстваў дзяржавы, ўдзелу ў баявых дзеяннях і міратворчых аперацыях здзяйсняецца ў парадку, ўсталяваным заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь”.
У лістападзе 2003 года быў прыняты закон “Пра парадак накіравання ваеннаслужачых, асобаў кіроўнага і радавога складу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, пракурорскіх работнікаў, а таксама грамадзянскага персаналу па-за межы Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі (№ 254-3)”.
Артыкул 2 гэтага закону ўтрымлівае вызначэнне дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі: “аперацыі па падтрыманні міра і іншыя меры, якія прадпрымаюцца Радай Бяспекі ААН у адпаведнасці са Статутам ААН, рэгіянальнымі міжнароднымі арганізацыямі, або ў межах рэгіянальных міжнародных арганізацыяў або пагадненняў Рэспублікі Беларусь, або на падставе двухбаковых і шматбаковых міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь, і якія не з’яўляюцца згодна Статуту ААН прымусовымі дзеяннямі”, а таксама “міжнародныя прымусовыя дзеянні з выкарыстаннем узброеных сілаў, што здзяйсняюцца паводле рашэння Рады Бяспекі ААН, прынятаму ў адпаведнасці са Статутам ААН, для ліквідацыі пагрозы міру, парушэнняў міру або акта агрэсіі”. Іншымі словамі, у адпаведнасці з гэтым законам беларускія вайскоўцы маюць права ўдзельнічаць у любых аперацыях па падтрыманні міру і ў прымусовых дзеяннях (баявых аперацыях), якія прадпрымаюцца згодна з рашэннем Рады бяспекі ААН.
Што датычыць сіл і сродкаў для правядзення такіх аперацыяў, то ў 2005 годзе была сфармаваная міратворчая рота, якая зараз дыслакуецца ў Віцебску на базе 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады. Рота камплектуецца выключна з кантрактнікаў, якія праходзяць спецыяльнае навучанне, у тым ліку і за мяжой (Швейцарыя, Германія, Турцыя, Польшча і інш.), і рэгулярна ўдзельнічаюць у міратворчых вучэннях як пад эгідай АДКБ, гэтак і ў межах праграмы “Партнёрства дзеля міру” АПАД (NATO).
Міратворчая рота — не адзінае падраздзяленне, якое вылучаецца Беларуссю для ўдзелу ў міратворчай дзейнасці. Ад нашай краіны ў межах PARP (працэс планавання і ацэнкі сілаў АПАД) таксама заяўлены: патрульны ўзвод, вайскова-транспартны самалёт Іл-76МД з двума экіпажамі і двума групамі наземных спецыялістаў, афіцэры Ўзброеных сіл для працы ў шматнацыянальных штабах, група спецыялістаў-медыкаў (задзейнічаныя ў аперацыі ў Ліване), перасоўны шпіталь.
Такім чынам, атрымліваецца наступная сітуацыя: наўпроставай заканадаўчай забароны на ўдзел беларускіх вайскоўцаў у баявых дзеяннях па-за межамі Беларусі не існуе; за апошнія 10 год былі сфармаваныя нарматыўна-прававая база для ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у міратворчых аперацыях і адпаведныя падраздзяленні. Беларускае заканадаўства дазваляе праводзіць міратворчыя захады нізкай інтэнсіўнасці (ахова, патруляванне, праца на КПП, паліцэйскія функцыі) на тэрыторыі Ўкраіны нават на падставе двухбаковай дамоўленасці з Кіевам. Калі ж гаворка пра аперацыі па прымусу да міру (баявыя дзеянні высокай інтэнсіўнасці), то тут абавязкова мусіць быць дазвол Рады бяспекі ААН.