На фоне мяккай беларусізацыі

в

Вокладка кнігі

10 снежня з’езд Беларускай патрыятычнай партыі зацвердзіў новы партыйны сцяг: бел-чырвона-чорны з беларускім арнаментам з дзяржаўнага сцяга. Партыя не хавае сваёй праўладнасці, а ўзначальвае яе “казак” Мікалай Улаховіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Характэрна, што гэта ўжо не першая спроба з боку спецыфічных палітычных структур – прадзяржаўных альбо балансуючых на мяжы апазіцыйнасці і праўладнасці – сумясціць выкарыстанне першай і другой афіцыйнай беларускай дзяржаўнай сімволікі: гістарычнага бел-чырвона-белага сцяга і сучаснага чырвона-зялёнага.

Так, у чэрвені заяву аб палітычнай рэабілітацыі і легалізацыі бел-чырвона-белага сцяга зрабіла Ліберальна-дэмакратычная партыя. Што праўда, ЛДПБ хутка адступіла прад прэсінгам крытыкі з боку сваіх прыхільнікаў. Аднак амбіцый наконт БЧБ лідары партыі надалей не выракаюцца.

У падобнай плыні месціцца і грамадзянская кампанія “Гавары праўду”, якая з вясны 2014 года яна ўжывае абодва сцягі.

Не дзіва, што такія незвычайная для беларускага палітычнага поля манёўры выклікаюць паўсюдную крытыку. Для апанентаў “Гавары праўду” выкарыстанне ёю чырвона-зялёнага сцяга – яшчэ адзін аргумент на карысць ідэі, што гэта арганізацыя не апазіцыйная, а праўладная. На ЛДПБ пасля агалошвання ёю пазіцыі па БЧБ мінімум у сацсетках накінуліся іх жа прыхільнікі, якія прывыклі да савецкай інтэрпрэтацыі гэтай сімволікі (маўляў, гэта сімвалы памагатых фашыстаў, ворагаў дзяржавы, etc.). Навучаны горкім досведам, старшыня БПП Улаховіч адразу падкрэсліў: “Мы правая партыя, мы кансерватыўная партыя, але мы ж не нацыяналісты!”, сцяг будзе выкарыстоўвацца выключна як партыйны, суадносна прапаноўваць яго ў якасці дзяржаўнага БПП не будзе.

Кантэкст такой актыўнасці – грамадскі трэнд мяккай беларусізацыі, які сярод іншага наганяе попыт менавіта на гістарычную беларускую сімволіку. Назіраем супадзенне зацікаўленасці грамадскіх, бізнэсовых і дзяржаўных актораў у мяккай беларусізацыі. Гэта вядзе да спаду канфрантацыі, спробаў наладзіць дыялог ці прынамсі ўзаемаразуменне па пэўных прынцыповых пунктах – адным з якіх, безумоўна, з’яўляецца пытанне аб сучаснай дзяржаўнай сімволіцы і статусе той, што выкарыстоўвалася на пачатку 90-ых. Характэрна, што пачатак вышэйзгаданых прыкладаў прыпадае на вясну 2014 года, калі пасля падзеяў ва Ўкраіне беларуская дзяржава пачынае далучацца да трэнда мяккай беларусізацыі і выкарыстоўваць яго элементы як частку культурнай палітыкі.

Такія спробы намацаваць пэўныя кампрамісы і рэабілітаваць тое, што раней было сімвалам ворагаў, не могуць не прывесці да пратэсту ўнутры некаторых колах. Аднак між іншым у гэтым і палягае іх сэнс: з аднаго боку, праверыць грамадскае меркаванне, з другога боку – падрыхтаваць яго да зменаў. Насуперак тэорыям змовы лічу, усё гэта наўрад ці адбываецца па нейкім спушчаным зверху стратэгічным плане. Трэнд мяккай беларусізацыі даступны для асэнсавання ўсім, і кожны – ад бізнесу да партый – у меру сваіх інтэлектуальных рэсурсаў мяркуе, як гэты трэнд выкарыстаць сабе на карысць. Да таго ж нават без спецыяльнага мэтанакіраванага звароту мяккая беларусізацыя ўплывае на грамадскіх і палітычных актораў як кантэкст.

Згаданыя вышэй кампаніі палітыкаў могуць быць паспяховымі для іх партый і рухаў альбо не, аднак сам працэс нясе агульную карысць. З кожным такім выпадкам шырыцца грамадская дыскусія пра сімволіку дзяржавы і нацыі, распаўсюджваюцца веды пра гісторыю сімвалаў. У больш глыбінным сэнсе гэтыя працэсы ўмацоўваюць нацыянальную ідэнтычнасць, нават калі акторы, заангажаваныя ў гэтыя працэсы, некаму не вельмі падабаюцца.