"Перестройка" ў Беларусі: 2020-2022

перестройка

Чаму КПСС запусціў "Перестройку"? Чаму Піначэт дапусціў канкурэнтныя выбары? Чаму ўлады Польскай Народнай Рэспублікі пайшлі на кампраміс з апазіцыяй?

Бо ўсім ім надакучыла дыктатарская ўлада і яны самі захацелі ад яе пазбавіцца? Не. Яны пайшлі на гэта, таму што пад іх нагамі пачала хістацца зямля. І прыхільнікі перамен умела скарысталіся гэтым.

Чаму беларускі рэжым запускае "канстытуцыйную рэформу"? Чаму загаварылі пра "паслабленне прэзідэнцкай улады", "узмацненне іншых галінаў улады" і "развіванне партыйнай сістэмы"?

Бо Лукашэнку на старасць гадоў захацелася чагось новенькага? Бо пачуваецца настолькі ўпэўнена, што дазваляе закрануць "святое святых": непарушнасць прэзідэнцкай улады? Бо папулярнасць яго настолькі высокая, што яму ўжо не патрэбна канстытуцыйнае падмацаванне яго паўнамоцтваў?

Ясна, што не.

Пра канстытуцыйную рэформу рэжым загаварыў не ад лёгкага жыцця.

І тое, што зараз у прыспешаным парадку спрабуюць арганізаваць "народнае абмеркаванне" - таксама не ад лёгкага жыцця. Зямля хістаецца пад нагамі, а над галавой згушчаюцца хмары - вось прычыны такіх паводзінаў.

Ні КПСС, ні Піначэт, ні ўрад Ярузэльскага ні дзясяткі іншых аўтакратаў у падобнай сітуацыі не мелі асаблівага жадання запускаць "перестройки", канкурэнтныя выбары або ісці на кампрамісы. Яны вымушаны былі гэта зрабіць, бо знізу (грамадства) і збоку (частка элітаў) ціснулі.

Практычна любая аўтакратыя раней ці пазней сутыкаецца з сітуацыяй, калі праводзіць сістэмныя рэформы - страшна, але не праводзіць іх - яшчэ страшней. У такіх сітуацыях аўтакратыі асабліва слабыя.

Беларускі рэжым знаходзіцца прыблізна ў такой сітуацыі, што КПСС, Піначэт або Ярузэльскі ў другой палове 80-ых.

Вонкава гэтыя рэжымы стараліся дэманстраваць неймаверную маналітнасць і стойкасць. Дык гэта зразумела, што яны гэта рабілі - мусілі гэта рабіць.

Было б вялікай памылкай, калі б прыхільнікі пераменаў не скарысталіся "перестройкой" у СССР, канкурэнтнымі выбарамі ў Чылі або "круглым сталом" у ПНР дзеля прасоўвання дэмакратычнай аджэнды.

Удзельнічаць у "перестройке"? Вы што, хочаце гуляць па правілах КПСС? Не, лепш мы надалей будзем у падвалах страчыць маніфесты на старых друкарках і распаўсюджваць тыражом у 30 экземпляраў.

Удзельнічаць у выбарах, каторыя арганізуе хунта Піначэта? Гэта ж амаральна, нізка і негераічна. Лепш застанемся чыстымі і беззаганнымі, чым пойдзем на такое!

Круглы стол? З Ярузэльскім? Пасля таго, як увёў ваеннае становішча, ваяваў з уласным народам, знявольваў актывістаў, санкцыянаваў ці нават ініцыяваў палітычныя забойствы? Ісці на круглы стол, каб легітымаваць яго ўладу?

Што было б, калі б такі падыход перамог сярод дысідэнтаў СССР, Чылі, ПНР? Перакананы, што дэмакратычныя перамены ў гэтых краінах былі б адтэрмінаваны на 5, 10, 20 гадоў, а мо не адбыліся б і да гэтага часу.

З нагоды выбараў-2020 у Беларусі некаторыя настойвалі: Толькі байкот! Ніякага ўдзелу ў гульнях рэжыму! Ніякага плясання пад дудку рэжыму!

Цяпер бачым, што ў выніку грамадскага "плясання" "пад дудку рэжыму" сама дудка пачала плясаць пад рытм грамадскага ўздыму. Тымчасам адмова ад "плясання" зрабіла б магчымым лёгка і гладка аформіць элегантную легітымацыю аўтарытарнай улады.

Улады ініцыююць канстытуцыйную рэформу і рэферэндум. Паўтаруюся - не ад лёгкага жыцця, а робяць гэта па падобных прычынах, што КПСС пайшоў на "перестройку", Піначэт - на выбары, а польскія камуністы - на "круглы стол".

Ізноў загучала да болю знаёмае: "Гуляць у гульні рэжыму?!" "Плясаць пад іхнюю дудку?" "Удзельнічаць у псеўда-дыскусіях"?

Кожны крыміналіст ведае, што няма "ідэальна дасканалага злачынства", гзн. злачынства, якое пакінула 0 слядоў. Тым больш у сітуацыі палітычных інсцэнізацый:

няма такога сцэнарыя, які немагчыма было б парушыць.

Папунктава:

  • Калі ў рэлізацыі сцэнарыя ўдзельнічае 100% лаяльных актораў, то імавернасць паспяховай яго рэлізацыі вельмі высокая, але заўсёды ніжэй за 100% (бо лаяльныя могуць здрадзіць або зрабіць памылку).
  • Чым большая колькасць актораў (якіх-кольвечы), тым большая імавернасць таго, што падзеі могуць разгарнуцца па сцэнарыі іншым, чым задумвалася (рэжым цудоўна праілюстраваў разуменне гэтай заканамернасці з нагоды "таемнай інаўгурацыі").
  • Імавернасць ходу падзей па іншым сцэнарыі значна ўзрастае, калі на сцэну выходзяць нелаяльныя акторы. Само сабой зразумела, што чым больш такі актораў, тым большая імавернасць змены сцэнарыя ў ходзе яго рэалізацыі.

Ясна, што нелаяльным акторам адводзіцца роля статыстаў. Але

  •  Калі статыстаў шмат і калі яны дастаткова крэатыўныя, то яны могуць хутка ператварыцца ў асноўных актораў і навязаць свой спосаб рэалізацыі сцэнарыя.

Падагульнячы: вызваляймася ад міфу пра Усемагутнага Сцэнарыста і ангажуймася ў "перестройки", "выбары", "плебісцыты" ды "круглыя сталы", прасоўваючы тыя перамены, якія патрэбны дзеля поўнай дэмакратызацыі і ўмацавання суверэнітэту.

Замест дагэтулешніх акцый і ініцыятыў? Ніяк не. Адно другому не перашкаджае.