І. Бягучыя праекты
Дзейнасць BISS разгортваецца ў трох сферах: даследніцка-аналітычнай, дэлібератыўнай і адукацыйнай.
Даследаванні і аналітыка
1. Каштоўнасныя трансфармацыі ў Беларусі: дыягназ і фармаванне палітыкі.
Праект скіраваны на вывучэнне каштоўнасных зменаў беларусаў, што адбыліся цягам апошніх 30 гадоў.
Адной з важных задачаў праекта ёсць аналіз антыаўтарытарнага ўздыму беларусаў праз прызму выяўленых каштоўнасных установак, а таксама выпрацоўка практычных рэкамендацый датычна мірнай трансфармацыі Беларусі ў напрамку дэмакратыі і адшукання аптымальнай геапалітычнай пазіцыі краіны.
Мяркуецца, што цягам снежня 2020 - лютага 2021 з'явяцца два ёмістыя даследаванні па гэтай тэме.
Каманда праекта: Пётр Рудкоўскі, Андрэй Лаўрухін, Генадзь Коршунаў.
2. Індэкс ідэнтычнасці
Пілотны праект, які палягае ў (1) маніторынгу зменаў у сферы пашырэння сімвалічнай і камунікацыйнай функцыі беларускай мовы, гістарычных нацыянальных сімвалаў і гістарычнага нацыяналнага наратыву; (2) фіксаванні зменаў з дапамогай колькасных паказнікаў.
Мяркуецца, што цягам лістапада 2020 - лютага 2021 з'явяцца два выпускі індэксу.
Каманда праекта: Вадзім Мажэйка, Анастасія Ю'рева, Якуб Дынько.
3. CoViD19 у Беларусі - аптымальныя рашэнні ў сітуацыі непрадказальнасці.
Мэты даследавання наступныя: 1) аналіз розных стратэгій барацьбы з каронавіруснай пандэміяй, 2) ацэнка кароткатэрміновых і доўгатэрміновых рызыкаў гэтых стратэгій; 3) выпрацоўка практычных рэкамендацый; 4) спрыянне гарызантальнай салідарнасці ў пераадоленні наступстваў пандэміі. У галоўным фокусе знаходзіцца сітуацыя ў Беларусі, але аналізуем яе з улікам глабальнага кантэксту.
Цягам траўня - чэрвеня 2020 года з'явіліся два даследніцкія тэксты з практычнымі рэкамендацыямі; мяркуецца, што да канца 2020 года з'явіцца ёмістае даследаванне, а таксама некалькі кароткіх аналітычных матэрыялаў.
Каманда праекта: Пётр Рудкоўскі, Андрэй Вітушка, Андрэй Фаменка, Аляксандр Філіпаў.
4. У напрамку новай Беларусі: сцэнарыі развіцця падзей пасля выбараў-2020
Мэтай гэтага полісі-даследавання ёсць аналіз розных сцэнарыяў развіцця падзей у Беларусі ў перспектыве 3-5 гадоў на прадмет іх імавернасці і рызыкоўнасці.
Каманда праекта: Пётр Рудкоўскі, Якуб Дынько, Нікалас Бутылін, Тадэа Васкез.
5. Бліц-каментары
Праект, запушчаны ў 2018 годзе BISS, а са студзеня 2019 рэлізуецца ў партнёрстве з сайтам экспертнай супольнасці Беларусі "Наше мнение". Бліц-каментар - гэта хуткі (два-тры дні пасля падзеі) эксперцкі аналіз падзеі грамадска-палітычнага або рэгіянальнага значэння.
Характэрнай рысай бліц-каментара з'яўляецца сцісла акрэсленая структура: апісанне (прывядзенне рэлевантных фактаў - адзін-два абзацы) і каментар (экспертнае тлумачэнне, што значыць гэта падзея ў шырэйшым кантэксце, яе прычыны (фактары) і магчымыя наступствы - тры-сем абзацаў). Структура інспіраваная адным з жанраў аналітыкі Цэнтра усходніх даследаванняў у Варшаве (Ośrodek Studiów Wschodnich).
Прататыпам бліц-каментароў быў BISS-blitz - рэгулярны прадукт, які выпускаўся ў інстытуце ў 2009-2015 гадах.
Каардынатар з боку BISS - Пётр Рудкоўскі.
Дэліберацыя
6. Экспертна-аналітычны клуб
Праект, які рэалізуецца ў партнёрстве з сайтам экспертнай супольнасці "Наше мнение", штотыднёвым аналітычным маніторынгам Belarus in Focus і Прэс-клубам і палягае ў абмеркаванні важных падзей або працэсаў у краіне і рэгіёне.
У спатканнях ЭАК бяруць удзел вядучыя айчынныя і замежныя эксперты, дыпламаты, палітыкі і грамадскія актывісты.
Каардынатар праекта з боку BISS - Вадзім Мажэйка.
Адукацыя
7. Крытычнае мысленне
Праект палягае ў прасоўванні навыкаў крытычнага мыслення ў беларускім грамадстве, асабліва сярод моладзі.
На дадзены момант рыхтуецца цыкл відэа-лекцый, якія будуць з'яўляцца на сайце BISS і ў YouTube цягам снежня 2020 - лютага 2021 г.
Каманда праекта: Пётр Рудкоўскі, Андрэй Лаўрухін.
ІІ. Планаваныя праекты
tbp
III. Найбольш знакавыя праекты, якія рэалізоўваліся ў мінулым
Чалавечы капітал
Праект, які рэалізоваўся ў 2009-2015 гадах і быў скіраваны на аналіз беларускага чалавечага капіталу ў розных сектарах.
У фокусе аналізу была эфектыўнасць інвестыцый у адукацыю і чалавечы капітал, уплыў чалавечага капіталу на вытворчасць працы ў Беларусі. Даследаваліся арганізацыя навукі і вытворчасці інавацый, арганізацыя сістэмы вышэйшай і прафесійнай адукацыі. Аналізавалася ступень уключанасці беларускай навукі ў сусветны акадэмічны рынак і канкурэнтаздольнасць беларускага чалавечага капіталу.
Сацыяльныя кантракты
Даследаванне BISS 2008–2009 гг. выявіла ўмовы, якія забяспечваюць згоду беларусаў з наяўным палітычным рэжымам і складаюць негалосны “сацыяльны кантракт” паміж дзяржавай і грамадзянамі.
У 2013-2015 г. BISS, грунтуючыся на выніках нацыянальнага сацыялагічнага апытання і інтэрв’ю ў фокус-групах, працягнуў гэта даследаванне. Яно дапаможа зразумець дынаміку “сацыяльнага кантракта” ў Беларусі.
Мадэрнізацыя і інстытуцыйныя змены
У межах гэтага накірунку эсперты BISS у 2012 - 2017 гадах вывучалі рэформы эканамічнага рэгулявання і выпрацоўвалі рэкамендацыі скіраваныя на засваенне найлепшага практычнага досведу розных краін. Прапаноўваліся захады дзеля павышэння інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі. Асаблівая ўвага надзялялася якасці чалавечага капіталу сярод чынавенства.
Міжнародныя адносіны і транснацыяналізацыя
У гэтым абшары можна выдзеліць тры розныя блокі: еўразійская інтэграцыя, Беларусь - ЕС і адносіны Беларусі з развіваючыміся краінамі.
Еўразійская інтэграцыя: у межах гэтага блоку даследавалася ўздзеянне інтэграцыйных працэсаў у СНД на палітыку, эканоміку і грамадства Беларусі. Таксама аналізаваўся ўплыў Беларусі на фармаванне агульных правілаў гульні ў рэгіёне.
Асноўныя тэмы: інстытуцыйная структура еўразійскай інтэграцыі, новыя правілы для беларускага бізнесу, транснацыяналізацыя беларускай эканомікі і палітыкі і розныя аспекты беларуска-расійскіх дачыненняў.
Беларусь - ЕС: у межах гэтага блоку даследаваліся розныя аспекты беларуска-еўрапейскіх дачыненняў. Аналізаваліся магчымасці ЕС у сферы мадэрнізацыі Беларусі. Эксперты аналізавалі варыянты выйсця з канфрантацыі і пераходу да нармалізацыі стасункаў. Прапаноўваліся рэкамендацы па павышэнні якасці дачыненняў Беларусі з ЕС, асабліва ў галіне кантактаў паміж людзьмі.
Адносіны Беларусі з развіваючыміся краінамі: у рамках гэтага напрамку вывучаліся пытанні аб фармаце дачыненняў Беларусі з развіваючыміся краінамі. Гэтыя дачыненні ўспрымаліся як важны складнік палітыкі, накіраванай на кампенсацыю дысбалансу сіл у адносінах з Расіяй з аднаго боку і на пераадоленне міжнароднай ізаляцыі - з другога.