Паспрабую падагуліць у тэзіснай форме тое, што ўжо казаў журналістам і абмяркоўваў з калегамі адносна візіта ў Беларусь сербскай дэлегацыі.
1. Томіслаў Нікаліч наўрад ці выконваў нейкую пасярэдніцкую місію па даручэнні Брусэля. Гэта не той чалавек, якому ледзі Эштан магла б даручыць такую ролю. У Брусэлі на Нікаліча глядзяць з падазрэннем.
2. Ініцыятарам візіту быў менавіта беларускі бок. 15 студзеня амбасадар Беларусі ў Сербіі перадаў Нікалічу ліст ад Лукашэнкі з запрашэннем. Візіт быў арганізаваны досыць хутка па дыпламатычных мерках. Таму калі і шукаць нейкія пасярэдніцкія матывы, то шукаць іх трэба ў Мінску, а не ў Белградзе ці Брусэлі.
3. Выглядае, што асноўныя матывы візіту ўсё ж не эканамічныя, а палітычныя. Піяр- эфект быў на карысць абодвум бакам.
4. Прэзідэнт Нікаліч, верагодна, пераследаваў наступныя мэты: выкананне палажэнняў праграмы сваёй партыі па паляшэнні адносінаў з Расіяй і традыцыйнымі саюзнікамі (канцэпцыя моста паміж Усходам і Захадам); актуалізацыя пытання Косава і Метохіі (Беларусь паслядоўна падтрымлівае цэласнасць Сербіі); шантаж Брусэля магчымым збліжэннем з Адзінай эканамічнай прасторай, калі ЕС не пойдзе на больш спрыяльныя для Белграду ўмовы еўраінтэграцыі і вырашэнне косаўскага пытання (надта падобна да стылю адносінаў Беларусі з РФ, праўда?). Трэба адзначыць, што, мяркуючы па каментарах да навінаў пра візіт у сербскіх медыях, сербы даволі станоўча паставіліся да гэтай падзеі.
5. У Беларускага боку былі свае мэты: прадэманстраваць адсутнасць ізаляцыі краіны (па прапагандысцкаму эфекту гэты візіт можна параўнаць з прыездам Берлусконі ў 2009-м); знайсці слабое звяно ў шэрагу краін, якія ўслед за ЕС увялі санкцыі супраць Мінска; паказаць заганнасць палітыкі санкцыяў - Нікаліч публіча прызнаў памылку; прадэманстраваць вернаць саюзніцкім абавязкам (Нікаліч падзякаваў за падтрымку і ўзнагародзіў Лукашэнку ордэнам). Гэтай сустрэчай Мінск дасягнуў сваіх мэтаў.
Ці будзе нейкі доўгатэрміновы вынік з візіту? Наўрад ці варта чакаць нейкіх прарываў, але пэўны патэнцыял нарошчвання стасункаў (перадусім у галіне гандлю) маецца і яго можна рэалізоўваць.