70 дзён без карантыну. Асаблівы шлях Беларусі ў барацьбе з CoViD-19

11 сакавіка 2020 года Сусветная арганізацыя па ахове здароўя пры ААН абвесціла стан пандэміі новага каронавіруса. Незадоўга пасля гэтага бальшыня краінаў свету ўвялі тзв. карантынныя меры дзеля стрымлівання распаўсюду інфекцыі і змяншэння колькасці захворванняў. Беларусь – адна з нямногіх краін, дзе карантынныя меры былі і застаюцца мінімальнымі. Што можам сказаць пра такі падыход з перспектывы часу – прыблізна 70 дзён пасля абвяшчэння пандэміі?

 

Асноўныя тэзісы і прагнозы

  • Камунікацыя. Пандэмія заспела Беларусь у сітуацыі, калі ўжо чвэрць стагоддзя нефармальна абавязвае эпістэмалагічная іерархія: прэзідэнт ведае/разумее найлепш, рэшта – па меры набліжанасці да прэзідэнта. Неабходнасць дапасоўваць прафесійныя высновы да (хаатычных) выказванняў прэзідэнта адмоўна адбіваецца на камунікацыі – як унутры дзяржаўнай сістэмы, так паміж дзяржаўнымі органамі і грамадствам.
  • Лукашэнка. Рызыкі, звязаныя з распаўсюдам SARS-CoV-2, кіраўнік Беларусі не лічыць сур’ёзнымі – ні для яго самога, ні для грамадзян Беларусі. Было б, аднак, перагібам, трактаваць яго жартоўныя выказванні пра вірус («я тут не бачу яго») як спробу адмаўляць рэальнасць і аспрэчваць агульнапрызнаны факт, што вірус распаўсюджваецца ў Беларусі.
  • Мінздароўя імкнецца дзейнічаць у парадыгме больш справаў – менш слоў. Але гэта той выпадак, калі «менш слоў» негатыўна адбіваецца не толькі на іміджы ведамства, але таксама шансах на ўключэнне ў змаганне з пандэміяй розных сфераў грамадства.
  • «Статыстычная анамалія»: чаму колькасць «ковідных» смерцяў у Беларусі ў афіцыйнай статыстыцы нашмат меншая, чым у большасці іншых краінах? Існуе рэальная імавернасць, што дадзеныя заніжаны, але наўрад ці гэта значнае заніжэнне. Тут варта ўзяць пад увагу наступнае: (а) адносна добрая шпітальная інфраструктура ў Беларусі; (б) стасаванне адроз нення паміж смерцямі пры наяўнасці віруса і смерцямі па прычыне віруса.
  • Рэкамендацыі СААЗ. Невыкананне Беларуссю некаторых рэкамендацый СААЗ не пацягне за сабой ні іміджавых, ні тым больш фінансавых наступстваў. Апраўданасць карантынных мераў – частка рэкамендацый – ставіцца пад сумнеў шэрагам экспертаў; імаверна, што таксама ўнутры СААЗ няма кансэнсусу на гэты конт.
  • Салідарнасць замест карантыну. У наяўнай сітуацыі важна выбудоўваць гарызантальную салідарнасць дзеля пераадолення наступстваў пандэміі. Сацыяльнае дыстанцыяванне застаецца актуальным этычным імператывам. Не рэкамендуем, аднак, выступаць з заклікамі да ўвядзення паўсюднага карантыну, паколькі яго этычная перавага дужа сумнеўная.

Чытаць цалкам