Сіліцкі: Абарона ад фальсіфікацый, вулічная барацьба і палацавы пераварот

Выбары ў аўтарытарных рэжымах маюць адну асаблівасць, якую калісьці вызначыў Сталін: “Неістотна, як галасуюць, істотна, хто лічыць галасы”. Удакладню — важна і першае, і другое. Параўнанне досведу Сербіі і Беларусі дазваляе зрабіць вывад: калі апазіцыя перамагае са значнай перавагай, яна мае шанцы абараніць перамогу. Калі не — яна атрымае столькі галасоў, колькі ёй “напішуць” улады.

Фота: https://www.ipwatchdog.com/

Працягваем серыю "Выбары-2020 праз прызму ідэй Сіліцкага" (падрабязней пра ідэю - тут). Сёння - фрагмент з кнігі Віталь Сіліцкі. Адкладзеная свабода. Посткамуністычны аўтарытарызм у Сербіі і Беларусі. Вільня 2012.

Абарона ад фальсіфікацый, вулічная барацьба і палацавы пераварот

Важным і неабходным чыннікам таго, што перамога ў Сербіі была паспяхова абароненая, было здабыццё сербскай апазіцыяй значна большай колькасці галасоў, чым Мілошавіч здолеў сфальсіфікаваць. Тут адыграла ролю і прафесійна арганізаванае назіранне, і ўдзел сяброў апазіцыі ў выбарчых камісіях. Гэта дапамагло апазіцыі абвесціць свае падлікі вынікаў да таго, як гэта зрабіў рэжым. Самае галоўнае, аднак, у тым, што абвяшчэнне перамогі апазіцыі гучала як праўда і для самой апазіцыі, і для грамадства, і для рэжыму. Самі выбарчыя камісіі (а гэта некалькі дзесяткаў тысячаў чалавек) — гэта каласальны зрэз грамадства, які пэўным чынам рэпрадукуе сацыяльную атмасферу. Калі ў грамадстве пераважная большасць настроеная супраць рэжыму, то, хутчэй за ўсё, такая ж атмасфера і ў выбарчых камісіях — і наадварот. Безумоўна, на пэўным этапе імі кіруе страх. Страх, аднак, памяншаецца, калі бачная магчымасць перамогі іншага боку, болей за тое, ён можа саступаць месца іншаму страху — быць прыцягнутым новымі ўладамі да адказнасці за фальсіфікацыі.

Існуе, аднак, іншы слой інсайдэраў, якіх рэжым можа выкарыстаць для выкрадання перамогі, — гэта карныя органы і, у выпадку фіксацыі вынікаў выбараў, цэнтральныя выбарчыя камісіі. Гэтыя рычагі кантралююцца “ўнутраным колам” рэжыму, і любая спроба непадпарадкавання жорстка караецца. Арганізацыя “апаратнага перавароту” ва ўмовах аўтакратыі максімальна абцяжараная менавіта наяўнасцю рычагоў кантролю за ўладнай вертыкаллю з боку “ўнутранага кола”. Любая “праца з наменклатурай” адсочваецца, а яе ўдзельнікі нейтралізуюцца.

Арганізаваць пераварот у стане і само “ўнутранае кола”, але яно занадта шчыльна павязваецца “кругавой парукай” з лідэрам (удзел у карупцыі, нелегальным бізнэсе, палітычных рэпрэсіях і г. д.), каб мець матывацыі здаць яго (выключэннем у Сербіі быў кіраўнік аналагу беларускага КДБ, што зноў пацвярджае: праца з “наменклатурай” мае поспех, толькі калі яна закранае “ўнутранае кола”).

Адзіным выйсцем у гэтай сітуацыі з’яўляецца арганізацыя масавага вулічнага ціску на ўрад, што само па сабе немагчыма без усведамлення грамадствам сваёй перамогі і веры ў яе (зноў падкрэсліваем неабходнасць папярэдняга, выбарчага этапу для эфектыўных неінстытуцыйных дзеянняў). Прычым перамога павінна быць рэальнай, а не выдуманай у прапагандысцкіх мэтах.

Сацыяльны канфармізм у аўтарытарным грамадстве фарміруецца не столькі “спіраллю маўчання” (неабгрунтаванай перакананасцю ў тым, што лідэр усё роўна больш папулярны), колькі адэкватнай ацэнкай сітуацыі на падставе ўласнага жыццёвага досведу. Калі апытанні сведчаць, што, напрыклад, 10% падтрымлівае апазіцыю, а 35% — Лукашэнку, гэта азначае, што з кожных дзесяці чалавек, з якімі сярэднестатыстычны беларус паўсядзённа сутыкаецца, тры ці чатыры падтрымліваюць рэжым, адзін — апазіцыю, а пяць або шэсць ці абыякавыя да палітыкі, ці не вераць Лукашэнку, але не ведаюць, за каго галасаваць. Таму 75% тых, хто лічыць, што прэзідэнтам зноў будзе Лукашэнка, прагназуюць вынікі адэкватна. Было б дзіўна, каб пры ліку 4:1 падчас футбольнага матчу хтосьці сумняваўся ў перамозе каманды, якая вядзе ў ліку. Грамадская думка была адэкватнай і на падзенне рэйтынгу Лукашэнкі. Калі ён знізіўся за год з 46 да 27%, больш за палову апытаных адчулі гэтае паніжэнне рэйтынгу, і толькі 16% заўзятых прыхільнікаў Лукашэнкі гэтага не заўважылі.

Важна падкрэсліць, што вулічныя пратэсты ў Сербіі пачаліся не з Бялграда, а з правінцыі, з тых гарадоў, дзе ў 1996 г. перамагла апазіцыя і дзе мясцовыя ўлады здолелі перацягнуць частку адміністрацыйнага рэсурсу для арганізацыі пратэсту. Дарэчы, тое, што можна назваць “сербскай апазіцыйнай наменклатурай” (апазіцыйныя лідэры паходжаннем з дзяржапарату), аказалася надзвычай эфектыўным у справе супрацьдзеяння магчымым карным акцыям супраць дэманстрантаў. Менавіта яны здолелі правесці сакрэтныя перамовы з кіраўніцтвам “чырвоных берэтаў” (аналаг беларускага спецназу) аб неўмяшальніцтве. У сваёй масе гэта былі былыя вайскоўцы і паліцыянты. Як зацеміў адзін з іх, “не кожны ведае, як размаўляць з паліцэйскім, як пераканаць узброенага вайскоўца”1.

Якраз адэкватнае разуменне рэчаіснасці, абумоўленае перавагай прыхільнікаў апазіцыі ў грамадстве, і зрабіла магчымымі масавыя акцыі пратэсту падчас падзеяў 5–6 кастрычніка 2000 г. у Бялградзе. І акурат вулічныя пратэсты прывялі да калапсу ўладнай сістэмы Мілошавіча.

“Палацавы пераварот” быў толькі апошняй, а не першай яго стадыяй. Галоўныя апоры ўлады — унутраныя войскі, паліцыя і паравайсковыя фармаванні кшталту Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання ды “службы бяспекі прэзідэнта” (усім ім быў дадзены загад страляць) — здаліся перад абліччам колькаснай перавагі дэманстрантаў (дарэчы, паводле некаторых звестак, за Мілошавіча галасавалі толькі 18% паліцэйскіх — удвая менш, чым у сярэднім па грамадстве). Вось як гэта растлумачыў былы загадчык службы дзяржаўнай бяспекі Сербіі Радамір Маркавіч: “Пасля выбараў усведамленне таго, што Каштуніца перамог, засела ў галовах паліцэйскіх. <...> Ці набраў ён 49, ці 50 адсоткаў, для іх гэта не мела значэння. Для іх важна было тое, што Каштуніца набраў нашмат болей галасоў, чым Мілошавіч. “Каштуніца безумоўна перамог, — сказаў мне адзін афіцэр, — я сам за яго галасаваў!” <...> Паліцэйскіх бянтэжыла адно пытанне — ці варта ім было абараняць гэты адсотак ці адну дзесятую адсотка на карысць Мілошавіча”2.

Карныя структуры, такім чынам, былі ў асноўным дэзарганізаваныя знізу. Акрамя службы дзяржаўнай бяспекі, кіраўнік якой вёў перамовы з апазіцыяй ужо з красавіка, другой структурай, дзе сабатаж Мілошавіча пачаўся з галавы, была армія. Яе статус быў прыніжаны на карысць іншых элементаў паліцэйскай дзяржавы (паліцыі і паравайсковых фармаванняў), якая не была асабліва зацікаўленая ў яе існаванні. (Як распавёў пасля падзеяў 5 кастрычніка былы шэф генеральнага штаба Югаслаўскай арміі Перышыч, ён яшчэ ў канцы 1990-х падумваў пра пераварот, але адмовіўся ад гэтай ідэі, бо не быў упэўнены, што атрымае пасля яго ўнутраную і міжнародную падтрымку). У астатнім спрацаваў прынцып “той, хто атрымлівае ўладу на вуліцах, губляе яе таксама на вуліцах”. Калі параўнаць фальсіфікацыю вынікаў выбараў у дзвюх краінах, можна зрабіць цікавы вывад: у адрозненне ад Беларусі, фальсіфікацыі ў Сербіі былі мінімальнымі.

У той жа час, у адрозненне ад Сербіі, фальсіфікацыі прынцыпова не мянялі выніку выбараў у Беларусі. Менавіта гэты факт, таксама як і безумоўная ўпэўненасць і саміх сяброў выбарчых камісій, і назіральнікаў, і публікі ў канчатковым выніку выбараў зрабілі супраціў фальсіфікацыі немагчымым. Урэшце, абарона “розніцы ў галасах” не мела вялікага сэнсу: яна не мяняла канчатковага выніку выбараў, але пэўна выклікала б рэпрэсіі з боку пераможцы. Болей за тое, да абароны вынікаў не была падрыхтавана і сама апазіцыя.

Варта прыгадаць успаміны аднаго з кіраўнікоў Сербскага цэнтру за свабодныя выбары і дэмакратыю Зорана Лучыча, які быў назіральнікам на выбарах 9 верасня.

Я быў назіральнікам на ўчастку №1 у Ленінскім раёне Менска. Пасля таго як галасаванне скончылася, а галасы яшчэ не былі падлічаныя, я паспеў разгледзець, як разбіраюць купу бюлетэняў, і быў уражаны, што тут, у цэнтры Менска, вельмі шмат людзей галасавала за Лукашэнку. Паводле маіх назіранняў, Ганчарык усё ж выйграваў на гэтым участку, але толькі з вынікам прыкладна чатыры галасы супраць трох. І калі перавага тут, у сталіцы, толькі чатыры на тры, безумоўна, ва ўсёй краіне Лукашэнка пераканаўча перамагае. Гэта я ведаю з свайго сербскага досведу. Да мяне падышоў мясцовы незалежны назіральнік. Ён спытаўся ў мяне, ці бачыў я, як падтасоўваліся вынікі. Я адказаў, што так, бачыў. “Што мне рабіць?” — “Калі б гэта здарылася ў маей краіне, я проста адчыніў бы вокны і паклікаў бы людзей з вуліцы на дапамогу”.

Што перашкаджала гэтаму назіральніку зрабіць менавіта так? Магчыма, уласны страх. Магчыма, ілюзія, што “заграніца нам дапаможа”, якая доўга культывавалася ў шэрагах апазіцыі. Магчыма, усведамленне таго, што яго заклік не будзе пачуты, і таго, што гэтая кампанія была прайграная яшчэ да яе пачатку.

У адрозненне ад Сербіі, дзе апазіцыяй была вытрыманая паслядоўнасць “выбары — вулічныя пратэсты — палацавы пераварот”, у Беларусі апазіцыйная стратэгія канцэнтравалася толькі на апошніх двух этапах, прычым акцэнт рабіўся на трэцім. Усе базавыя элементы кампаніі — і выбар кандыдата, і падрыхтоўка да выбараў, і пераадоленне адміністрацыйнага рэсурсу — былі ўскладзеныя апазіцыяй на былую партыйна-гаспадарчую наменклатуру, якая, на яе думку, была здольная выкарыстаць свае старыя сувязі ў дзяржапараце для нейтралізацыі дзеянняў лукашэнкаўскай вертыкалі і карных органаў.

Заўважым, што ініцыятыва выкарыстання наменклатуры зыходзіла менавіта ад апазіцыі: менавіта Каардынацыйная рада дэмакратычных сіл у снежні 2001 г. прапанавала, паводле рэкамендацыі сваіх “мазгавых цэнтраў”, апаратную тройку “Домаш — Чыгір — Ганчарык” у якасці сваіх кандыдатаў. Таму з паслявыбарнымі заўвагамі аднаго з лідэраў БНФ, што

наменклатура нясе адказнасць за правал кампаніі. Мы таксама нясём адказнасць за тое, што паставілі на наменклатуру. Яны казалі нам, што змогуць забяспечыць сапраўдны кантроль над выбарамі і падтрымку Расіі. Яны нам сказалі, наша справа — мабілізаваць масы. І мы гэта зрабілі3

можна згадзіцца толькі ў плане “размеркавання адказнасці”. Але ж, папраўдзе кажучы, менавіта апазіцыйныя СМІ і апазіцыйныя лідэры за паўгода-год да выбараў рэкламавалі грамадству (да таго ж, далёка не змабілізаванаму) перавагі “наменклатурнага сцэнара”. Фактычна, яго ажыццяўленне прывяло да электаральных страт і нічога не дало ў плане нейтралізацыі адміністрацыйнага рэсурсу. У электаральным плане гэты сцэнар сутыкаўся са старанна культываваным рэжымам на працягу апошніх год стэрэатыпам аб дзяржаўным апараце як асяроддзі карумпаваных жулікаў. Гэта толькі ўзмацніла лукашэнкаўскую контрагітацыю супраць апазіцыі, якую ён паказваў як кучку былых апаратчыкаў, што цяпер прагнуць рэваншу.

Што да нейтралізацыі адміністрацыйнага рэсурсу, то было б дзіўна, калі б цяперашнія апаратчыкі, значная частка якіх прыйшлі ва ўладу з ніжніх эшалонаў наменклатуры, добраахвотна вярнулі на свае пасады былых апаратчыкаў. Наменклатура кіравала перадвыбарнай кампаніяй прыкладна так, як перадвыбарны штаб Кебіча падчас выбараў 1994 г. “Наменклатурны сцэнар” быў абраны хутчэй таму, што ацэнка лідэрамі апазіцыі шанцаў на ўласны поспех насамрэч была невысокай, а паколькі сярод іх не знайшлося нікога, хто б адважыўся “падставіцца”, на гэтую ролю быў запрошаны “ахвярны казёл”.

Што далей? Тры сцэнары

Аўтарытарызм у поставецкую эпоху — гэта свайго роду кампрамiс памiж таталiтарызмам i дэмакратыяй, сiтуацыя раўнавагi, у якой механiзмы таталiтарнага панавання ўжо нельга адрадзiць, а дэмакратычныя iнстытуты яшчэ не здолелi ўсталявацца. Посткамунiстычны аўтарытарызм у той форме, у якой ён iснаваў у Сербii i існуе ў Беларусi, — даволi трывалая канструкцыя, што сумяшчае ў сабе элементы, наяўнасць якiх можа назiрацца i ў дэмакратычных сiстэмах (такiя, як пэўная ступень дэмакратычнай легiтымнасцi гэтых рэжымаў), з найбольш жорсткiмi механiзмамi падтрымання аўтарытарнага панавання, што iснуюць у найбольш зачыненых для палiтычных зменаў аўтакратыях.

Можа, Беларусь застаецца ў аўтарытарным стане проста таму, што яна яшчэ “не дарасла” да дэмакратыі?

На наш погляд, існуе вялікая імавернасць штучнага замаруджвання працэсаў дэмакратызацыі ў Беларусі акурат з прычыны дэфіцыту прапановы, а не попыту. Да гэтай высновы падводзіць той факт, што за два гады, якія прайшлі з моманту пераабрання Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта (рэд. — у 2001 г.), імкліва (прыкладна ў паўтара разы) скарацілася сацыяльная база паноўнага рэжыму, працягвалася эвалюцыя масавай свядомасці ў бок усё большага прыняцця дэмакратычных і заходніх вартасцяў. Таксама акрэсліўся крызіс у беларуска-расійскіх дачыненнях, што прывяло да сітуацыі, калі колішні галоўны замежны спонсар беларускай аўтакратыі можа ператварыцца ў адзін з галоўных фактараў яе дэстабілізацыі. У той жа час не пахіснуўся кантроль рэжыму за адміністрацыйнымі і карнымі рэсурсамі свайго апарату. І самае галоўнае — нельга не заўважыць відавочнага крызісу апазіцыі, які складаецца з дэмабілізацыі і дэмаралізацыі яе чалавечых рэсурсаў ды разгубленасці, адсутнасці стратэгічнага мыслення і страты палітычных арыенціраў яе элітай.

Пры такім раскладзе першы магчымы сцэнар развіцця падзеяў у Беларусі — гэта захаванне сітуацыі, якую я вызначаю як “перадумовы без дэмакратыі”. Ён прадугледжвае развіццё падзеяў, пры якім далейшая сацыяльная эвалюцыя, паступовыя змены ў эканамічнай сістэме, ладзе жыцця грамадства будуць весці да стварэння ўсё больш глыбокіх перадумоваў для развіцця краіны ў дэмакратычным кірунку.

Аднак пры гэтым існы палітычны баланс сілаў будзе захоўвацца на карысць паноўнага рэжыму дзякуючы ўсё тым жа чыннікам (слабасць і “несістэмнасць” апазіцыі плюс эфектыўнае вынішчэнне паноўным рэжымам палітычных альтэрнатываў). Такое становішча здольнае справакаваць маштабныя сацыяльныя канфлікты ў тым выпадку, калі “квазідэмакратычная легітымнасць” цяперашняга рэжыму будзе цалкам (ці амаль цалкам) страчаная і ён пяройдзе да выкарыстання выключна султанісцкіх метадаў самазахавання. Магчымасцяў негвалтоўнага выхаду з аўтарытарызму пры такім сцэнары амаль не застанецца.

З іншага боку, лукашэнкаўскі рэжым можа пазбегнуць такога сцэнара, калі ў будучым праявіць здольнасць да пэўнай саматрансфармацыі. Для гэтага патрабуецца адначасова працягнуць паўнамоцтвы дзейнага прэзідэнта і ажыццявіць частковую канстытуцыйную рэформу, якая перавядзе Беларусь з “гегеманічнага” аўтарытарызму да аўтарытарызму канкурэнтнага (напрыклад, праз пашырэнне паўнамоцтваў парламента і мясцовых уладаў). Але такі сцэнар, дарма што ён здольны ўзмацніць стабільнасць паноўнага рэжыму і легітымнасць прэтэнзій Лукашэнкі да ўлады, урэшце здольны прывесці да фарміравання мацнейшай і больш структураванай апазіцыі, што пакідае мала шанцаў на тое, што ён калінебудзь зматэрыялізуецца.

Другі варыянт развіцця падзеяў — гэта трансфармацыя існага рэжыму пад уздзеяннем вонкавых фактараў, у першую чаргу расійскага. Наўрад ці гэты сцэнар набудзе рысы югаслаўскага, паколькі стварэнне ў Беларусі ўнутранай апазіцыі, якая б кантралявалася з Расіі, малаімаверна. Аднак магчыма такое развіццё падзеяў, пры якім ціск звонку (у першую чаргу эканамічнымі сродкамі) згальванізуе крызісныя працэсы ўнутры рэжыму ці не дазволіць яму ажыццявіць дзеянні для працягу свайго існавання, напрыклад, праз рэферэндум. Гэты сцэнар можа выліцца ў захоп улады існай наменклатурай, і максімум, да чаго ён прывядзе, — гэта трансфармацыя персаналісцкай дыктатуры ў канкурэнтную аўтакратыю на расійскі ці ўкраінскі ўзор.

На жаль, найменш імаверным сёння ўяўляецца сцэнар прарыву, пры якім апазіцыя здолее не толькі супрацьпаставіць лукашэнкаўскаму рэжыму эфектыўную дэмакратычную альтэрнатыву, але і рэалізаваць яе ў “сістэмнай” ці “пазасістэмнай” палітыцы, гэта значыць забяспечыць пераход да дэмакратыі ці праз выбары, ці праз масавую кампанію грамадскага непадпарадкавання.

Каб зрабіць гэты сцэнар больш імаверным, беларуская апазіцыя і апазіцыйная грамадзянская супольнасць мусяць за кароткі час вырашыць як мінімум тры задачы. Першая — гэта ператварэнне ўжо складзенай грамадскай дэмакратычнай большасці ва ўласны электарат, што перадугледжвае прафесійны ўдзел у “сістэмнай палітыцы”. Другая — гэта мацаванне ў грамадстве “пачуцця адзінага лёсу”, што стварае аснову для нацыянальнага самавызначэння. Важна знівеляваць і зменшыць разбуральную для сябе сілу тых культурных падзелаў, што стваралі на працягу дзесяцігоддзя сацыяльную базу аўтарытарызму. Нарэшце, трэцяе: апазіцыя мусіць быць здольнай да стварэння пазітыўнага іміджу сваёй палітычнай дзейнасці і мэтаў у вачах існых у Беларусі элітаў, чыё асяроддзе не абмяжоўваецца “паралельным грамадствам”.

Любы іншы варыянт трансфармацыі, пры якім дэмакратычныя сілы не будуць кантраляваць яе працэс, хутчэй за ўсё, прывядзе да ўсталявання новай аўтарытарнай сістэмы, хоць, магчыма, і мякчэйшай за лукашэнкаўскую.

______

1 Bujosevic Dragan, Radovanovic Ivan. October 5: A 24-hour Coup. Belgrade: Media Centar, 2001. P. 57.

2 Bujosevic Dragan, Radovanovic Ivan. Op. cit. P. 57.

3 Отдельные мухи на политической кухне // Белорусская деловая газета. 2001. 30 октября.

Усю кнігу можна спампаваць тут