"Пачалі набліжацца да Захаду не ад лёгкага жыцця" - Рудкоўскі ў інтэрвію для "Белсат"

Узаемнае вяртанне амбасадараў Беларусі і Злучаных Штатаў Амерыкі можа заняць месяцы ці нават гады. Заявіў на паседжанні Атлантычнай рады ў Вашынгтоне прадстаўнік беларускага Міністэрства замежных справаў. Алег Краўчанка, намеснік міністра замежных спраў Беларусі:

«Да пазіцыі краінаў, як нашая, на маю думку, на жаль, усё менш прыслухоўваюцца і ўсё менш прымаюць яе да ўвагі. Сітуацыя ўсё больш робіцца падобнай да халоднай вайны, калі два асноўныя акторы вырашалі ўсе пытанні бяспекі ў Еўропе. Я не думаю, што гэта ў чыіхсьці інтарэсах. Я таксама хацеў бы падкрэсліць, што Беларусь і параўнальныя з намі краіны разглядаюцца праз прызму канфрантацыі ў рэгіёне».

Адмыслоўцы сцвярджаюць, што за падобнай рыторыкай хаваецца жаданне ўладаў Беларусі без лішніх стратаў для свайго іміджу паказаць намер да збліжэння з Захадам. Аднак намер усё ж даволі стрыманы. Пётр Рудкоўскі, дырэктар цэнтру «BISS»:

«Беларусі ў першую чаргу патрэбная вось гэтая частка пацяплення адносінаў з Захадам, якое мы назіраем апошнія пяць гадоў… З боку Злучаных Штатаў – тут будаванне і паляпшэнне ўласнай рэпутацыі можа прысутнічаць».

Летась Менск наведвала група амерыканскіх аналітыкаў, у тым ліку былы камандуючы войскамі ЗША ў Еўропе генерал Бэн Годжэз і экс-намеснік памочніка міністра абароны Майкл Карпэнтэр. З імі асабіста сустракаўся Лукашэнка. Таксама кіраўнік Беларусі абмяркоўваў двухбаковыя стасункі з памочнікам дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Ўэсам Мітчэлам. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Ад згуртаванасці краінаў у рэгіёне, захавання вайскова-палітычнай ролі Штатаў у еўрапейскіх справах залежыць бяспека ўсяго кантыненту. І тут мы не перабольшваем. Без Амерыкі, на жаль, мы не вырашым ніводнага тут пытання, у тым ліку ўкраінскага канфлікту».

Такая рыторыка не можа не выклікаць занепакоенасці ў Крамлі. Аднак на меркаванне экспертаў, Масква мусіць таксама лічыцца і з меркаваннем расейскай грамадскасці, якая ставіцца да Лукашэнкі ледзь не лепш, чым да Пуціна. Асабліва на фоне падзення рэйтынгу кіраўніка Расеі апошнім часам. Пётр Рудкоўскі, дырэктар цэнтру «BISS»:

«Рэжым Лукашэнкі застаецца саюзнікам Расеі. Па вялікім рахунку, у ментальным плане ўсё-такі ён бліжэй, чым да заходніх каштоўнасцяў. Пачалі набліжацца да Захаду не ад лёгкага жыцця. Ні Пуцін, ні ягоныя стратэгі не ёсць наіўнымі. Яны ведаюць, якая тут гульня вядзецца».

Адпаведна, у бліжэйшай перспектыве нейкага сур’ёзнага прарыву ў беларуска-амерыканскіх дачыненнях чакаць не варта. Бо перад кожным крокам улады Беларусі будуць асцярожна азірацца на крамлёўскія вежы.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu