Вадзім Мажэйка: "Выпускнікі павінны самі браць за сябе адказнасць"

Рэпартаж радыё "Свабода"

Усё больш беларусаў атрымліваюць вышэйшую адукацыю за мяжой. Аднак усё менш выпускнікоў прэстыжных заходніх ВНУ вяртаюцца пасьля завяршэньня вучобы ў Беларусь. А калі і вяртаюцца, толькі 17% працуюць па спэцыяльнасьці, а 20% наагул не паказваюць свае замежныя дыплёмы. 

Вадзім Мажэйка, экспэрт BISS (Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў) перакананы, што часьцяком малады чалавек, які імкнецца трапіць на вучобу за мяжу, ня мае дакладнага ўяўленьня пра сваю будучую спэцыяльнасьць, наколькі яна запатрабаваная на рынку працы Беларусі. І прывёў у прыклад Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт і некаторыя польскія ВНУ, у якіх дзясяткі беларусаў навучаюцца на аддзяленьнях паліталёгіі ці філязофіі. На яго думку, відавочна, што дзясяткі палітолягаў, якія штогод выпускаюцца з ЭГУ, Беларусі не патрэбныя.

«Але тыя, хто арганізоўвае адукацыйныя праграмы для Беларусі, і тыя, хто едзе зь Беларусі навучацца на Захад, павінны думаць над тым, як пасьля заканчэньня вучобы выпускнікі будуць працаўладкоўвацца. Бо, як вынікае з дасьледаваньня, большасьць разьлічвае, што ім дапаможа ці то дзяржава, ці то нейкая прыватная некамэрцыйная агенцыя.

А было б клясна, каб маладыя беларусы самі разумелі, што ім давядзецца браць на сябе адказнасьць за сваю будучыню, каб яны не чакалі патэрналізму, што ім дапаможа ці то NGO, ці то дзяржава — хоць беларуская, хоць замежная. А каб яны разумелі, што калі ты паступаеш на паліталёгію і плянуеш вярнуцца, трэба падумаць, што ж ты такое будзеш рабіць у Беларусі.

Таму браць на сябе адказнасьць — гэта адзін з галоўных момантаў, які трэба зразумець таму, хто зьбіраецца вучыцца за мяжой. Калі малады чалавек гэтага не разумее, яму не дапаможа ні дзяржава, ні агенцтва „Тваё заўтра“, ні хто-небудзь яшчэ. Адказнасьць за сябе — гэта вельмі складана, але бяз гэтага — нікуды», — перакананы Вадзім Мажэйка.

Чытаць увесь рэпартаж