"Галоўнае зараз для Беларусі – навучыцца мысліць стратэгічна".

Версия для печатиPDF версия

Незалежны Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) апублікаваў аналітычны агляд «Беларусь праз прызму міжнародных рэйтынгаў», у якім намаляваў часам нечаканую карціну плюсоў і мінусаў сучаснага беларускага грамадства і дзяржавы.

 

Фота: Viktor Drachev/TASS/FORUM

Гэтак, з пункту гледжання аўтараў агляду, Беларусь перажывае павольную палітычную трансфармацыю, існуе кансэнсус адносна існавання дзяржавы, але ў той жа час уладам і грамадству крытычна не хапае стратэгічнага мыслення, а таксама культуры палітычнай дыскусіі.

І тое, і другое паказалі рэйтынгі, якія складаюць для нашай краіны і іншых краін свету аўтарытэтныя аналітычныя структуры – «Фонд Бэртэльсман», «The Economist Intelligence Unit», праект «V-Dem», «Цэнтр сістэмнага міру», «Фонд міру».

«Адна з ключавых задач BISS – даваць цэласную карціну грамадска-палітычных працэсаў у Беларусі. Дадатковым матывам было тое, што ў СМІ часта з’яўляюцца паведамленні пра асобныя рэйтынгі, якія – хоць самі ў сабе могуць быць вартасныя – не даюць цэласнага ўяўлення пра краіну», – распавёў Belsat.eu дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі пра матывы.

У чым мы сярод лепшых?

Згодна з аналізам BISS, рэйтынгі сведчаць, што ў нашай краіне вялікі попыт на дэмакратыю і імкненне да дасягнення не толькі індывідуальнага, але і супольнага дабра. Акрамя таго, беларуская дзяржава вельмі самастойная ва ўнутранай палітыцы, а таксама ў сферы заангажавання жанчын у грамадскай дзейнасці.

У гэтых сферах мы часта лепшыя за Фінляндыю і Італію, Польшчу і Францыю, Украіну і Славаччыну.

Таксама, згодна з ацэнкамі замежных экспертаў, Беларусь адна з найлепшых у рэгіёне па тэмпах пазітыўнай палітычнай трансфармацыі ў 2016-2018 гг. У чым жа пазітыў?

«Сутнасць паляпшэння – не столькі ў дэмакратызацыі або пашырэння грамадзянскіх свабодаў (хоць тут таксама некаторыя зрухі ёсць), а ва ўмацаванні кансэнсусу наконт існавання беларускай дзяржавы, яе тэрыторыі і яе асноўных атрыбутаў. На фоне іншых еўразійскіх краін гэта нямала, зважаючы, што Беларусь фактычна адзіная постсавецкая краіна, якая кантралюе ўсю сваю тэрыторыю, не мае глыбокіх канфліктаў з суседзямі», – каментуе Пётр Рудкоўскі.

Пры гэтым сутнасных паляпшэнняў па лініі адносін паміж дзяржавай і грамадствам не заўважана, дадае ён.

У чым мы горш за Замбію і Таджыкістан?

Дзяржава і грамадства ў Беларусі, калі верыць рэйтынгам міжнародных арганізацый, крытычна адстаюць у колькасці і якасці публічных дыскусій (дэлібератыўнай культуры), у стратэгічнай кампетэнцыі элітаў, у сферы акадэмічнай свабоды і культурнай экспрэсіі, у здольнасці шукаць і знаходзіць кансэнсус, у інавацыйнасці прыняцця рашэнняў.

Ці згодны BISS з тым, што ў Беларусі нізкі ўзровень стратэгічнай кампетэнцыі, то бок эліты, якія прымаюць рашэнні, адэкватна прызначаюць доўгатэрміновыя прыярытэты палітыкі і эканомікі, а потым паслядоўна выконваюць гэтую стратэгію?

«Так, цалкам згодзен. Гэта пацвярджаюць – наўпрост ці ўскосна – выказванні шэрагу асобаў, якія ведаюць функцыянаванне дзяржаўнага апарату знутры, напрыклад, Наталлі НікандравайКірыла Рудага. Ён звяртае ўвагу на хранічную праблему, якая заключаецца ва ўстаноўцы «Хочу быстро», або сітуацыю, якую ён апісвае метафарычна як «пʼяная паходка»: калі адзін крок не залежыць ад папярэдняга», – кажа дырэктар BISS.

Заснаванне дзяржаўнага «Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў» дае нейкую надзею, што сітуацыя будзе выпраўляцца, але гэта пакуль што толькі бляклая надзея, лічыць Рудкоўскі.

Стратэгія і дыскусія

Па меркаванні Пятра Рудкоўскага, галоўнае зараз для Беларусі – гэта выпрацоўка стратэгічнага мыслення.

«Заўважу тут, што гэты момант нават не закранае пытанне дзяржаўнага ладу: дэмакратыя, аўтарытарызм або гібрыдны рэжым. Стратэгічныя кампетэнцыі – гэта неабходная ўмова любой дзяржавы, якая жадае існаваць не 2-3 гады, а дзесяцігоддзі або стагоддзі», – кажа Рудкоўскі.

Другая важнейшая задача – выпрацоўка і ўдасканальванне культуры публічнай дыскусіі.

«І вось гэта, магчыма, выклік перадусім для грамадзянскай супольнасці. Дэмакратызацыя не мае асаблівага сэнсу без дэлібэратыўнай культуры», – адзначае ён.

Крыніца: Белсат