Сямнаццаць прагнозаў на 2020 год ад Кацярыны Шмацінай

Радыё "Свабода" зьвярнулася да шэрагу экспэртаў з просьбай адказаць — чаго яны чакаюць у 2020 годзе, што яны бачаць у чароўным шары свайго вопыту, ведаў і інтуіцыі?​ Ніжэй - адказы Кацярыны Шмацінай, эксперткі BISS:

Кацярына Шмаціна

1. Якім будзе курс рубля на канец году?

Каля 2 р. [за даляр], у тых межах, у якіх рубель трымаўся апошнія пару гадоў.

2. Колькі кандыдатаў возьмуць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах?

Чалавек 5.

3. Ці будзе сярод іх кандыдат, якога публічна падтрымае Расея?

Хутчэй не, Расея застанецца ў баку. Можна чакаць, што аглядальнікі СНД і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва традыцыйна абвесьцяць, што выбары прайшлі празрыста і дэмакратычна і без парушэньняў – у параўнаньні з супрацьлеглымі заявамі назіральнікаў АБСЭ.

4. Хто зойме другое месца на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году?

Прадзяржаўны «no name» кандыдат.

5. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2020 году?

Чарговы «крепкий хозяйственник», з надзейным паслужным сьпісам і адукацыяй накшталт Акадэміі кіраваньня ці расейскай вайсковай вучэльняй.

То бок, на жаль, не малады энэргічны беларускі рэфарматар з прэстыжнай заходняй ступеньню кшталту Оксфарду і досьведам, атрыманым па-за межамі постсавецкай прасторы.

6. Ці пакажуць па расейскім фэдэральным тэлебачаньні фільм кшталту «Хроснага бацькі», як гэта было ў 2010 годзе?

Залежыць ад таго, наколькі пазыцыі афіцыйных Менску і Масквы будуць канфліктаваць. Але таймінг сапраўды падобны – прэзыдэнцкая кампанія і перамовы па інтэграцыі – у паралель з 2010 годам і тагачаснымі перамовамі па мытным саюзе.

7. Ці абнародуе Аляксандар Лукашэнка свае прапановы па зьмене Канстытуцыі?

Прапановы могуць быць агучаныя, але распрацоўка і ўнясеньне саміх зьменаў зойме час – Канстытуцыя 1994 распрацоўвалася тры гады.

8. Колькі бізнэсоўцаў з ТОП-100 «Ежедневника» за 2019 год будуць на працягу 2020 году прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці?

Яны сапраўды ў «групе рызыкі». Калі не затрымаюць кагосьці ў 2020 годзе, то гэта ня значыць, што гэта не здарыцца годам пазьней. Прыгадваецца інтэрвію Аляксандра Кныровіча незадоўга да яго затрыманьня, дзе ён казаў, што «пасадкі» бізнэсоўцаў прадказаць немагчыма.

9. Ці будзе ў 2020 годзе прынятая праграма паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі?

Так, і будзе датычыцца эканамічных пытаньняў. Але адкрытае пытаньне – ці пяройдзе эканамічная інтэграцыя ў палітычнае вымярэньне.

10. Ці атрымае Беларусь кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр і калі так, то ў якіх памерах?

Кампэнсацыя будзе залежыць ад таго, ці пагодзіцца Менск на рэальную імплемэнтацыю саюзных дамоўленасьцяў, у тым ліку па гарманізацыі заканадаўства.

11. Якой будзе цана на газ для Беларусі ў сьнежні 2020 году?

Ня так істотна, які будзе кошт менавіта ў 2020 годзе, цікавей, ці будзе створаны супольны рынак газу ў 2021 у межах саюзной дзяржавы, як гэта цяпер гучыць у плянах.

12. Ці прымуць у Беларусі ў 2020 годзе закон аб прадухіленьні хатняга гвалту?

Асобны закон наўрад ці зьявіцца, паколькі наратыў кіраўніка дзяржавы, які перакрэсьліў законапраект, спасылаючыся на «традыцыйныя каштоўнасьці», не зьмяніўся. Але з улікам працяглай грамадзкай кампаніі і ў тым ліку супрацы актывістаў/актывістак з МЗС (праз зварот прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці да Макея на сьвяткаваньні гадавіны «Ўсходняга партнэрства» у Брусэлі) можа зьявіцца ініцыятыва ўнясеньня правак/дапаўненьняў ва ўжо існуючае заканадаўства. Такія заявы гучалі ад МУСа, якое займалася распрацоўкай першапачатовага законапраекту.

13. Ці будзе лібэралізаванае антынаркатычнае заканадаўства і яго праваўжываньне?

Ня факт, што зьменіцца менавіта заканадаўства, але зыходзячы з заяваў Караева і Лукашэнкі, праваўжываньне можа стаць больш лагодным, магчымыя менш жорсткія тэрміны, пашырэньне амністыі і кейсы памілаваньня прэзыдэнтам.

14. Ці будуць масавыя пратэсты?

Так, па меры зьяўленьня інфармацыі пра інтэграцыю і падчас прэзыдэнцкай кампаніі.

15. Колькі будзе каштаваць для беларусаў шэнгенская віза?

80 эўра, а потым 35. Наўрад ці пасьпеюць падпісаць пагадненьне па спрашчэньні візавага рэжыму да моманту падаражаньня візаў да 80 эўра.

16. Які адсотак грамадзянаў Беларусі з роднай беларускай мовай агучыць Белстат па выніках перапісу 2019 году?

Нязначная лічба, адсоткаў 20.

17. Каго абяруць прэзыдэнтам ЗША ў 2020 годзе?

Заўзею за Джо Байдэна – ён выпуснік таго ж унівэрсытэту, што і я. Але калі сур’ёзна, то сярод кандыдатаў ад дэмакратаў высокая канкурэнцыя паміж сабой, і ня факт, што менавіта Байдэн выйдзе ў фінал гонкі. Рэспубліканцы з высокай імавернасьцю падтрымаюць Трампа. Тое, што вызначыць вынік выбараў – галасы маладых выбаршчыкаў і агульная яўка на выбарах, якая была нізкай у 2016 годзе і паўплывала на перамогу Трампа.

Першакрыніца: svaboda.org