I. BISS ЯК ФАБРЫКА ДУМАК

cw

BISS – гэта публічны, даследніцкі, палітычна неангажаваны і полісі-арыентаваны інстытут.

Публічнасць. Тое, што інстытут з'яўляецца «публічным», азначае перадусім, што пэўная група людзей заўважыла ў грамадскай прасторы пэўныя праблемы і вырашыла на некамерцыйнай аснове дзейнічаць у напрамку іх вырашэння. У аснове «публічнага дзеяння» ляжыць валанцёрскі імпульс, гзн. жаданне прыносіць карысць грамадству без гарантыі матэрыяльнага ўзбагачэння.

Валанцёр можа звяртацца да спонсараў («фінансавых валанцёраў») з просьбай матэрыяльна падтрымаць тую ці іншую ініцыятыву або і саму публічную арганізацыю. Такая практыка – фандрэйзінг – з'яўляецца шырока распаўсюджанай і апраўданай. Тым не менш, мяжа паміж фандрэйзінгам для публічных патрэб і фандрэйзінгам для самаўзбагачэння вельмі тонкая і ў канчатковым плане ад сумлення валанцёраў залежыць ці яна будзе перакрочана, ці не.

Публічнасць азначае таксама тое, што дадзеная інстытуцыя вядзе сваю дзейнасць адкрыта і стала інфармуе грамадства пра сваю дзейнасць, у тым ліку пра важныя кадравыя або арганізацыйныя змены, за выключэннем сцісла канфідэнцыйных момантаў. У беларускіх рэаліях захаванне прынцыпу публічнасці несла (і, хутчэй за ўсё, надалей нясе) некаторыя рызыкі, таму можна з пэўным разуменнем паставіцца да таго, што многія НДА непаслядоўна яго трымаюцца. Тым не менш, пасля свайго аднаўлення BISS намераны быць публічным у як мага больш поўнай меры.

Даследчыцкі характар. Даследаваць – значыць вывучаць пэўны абшар рэчаіснасці з мэтай прадставіць як мага больш адэкватную карціну дадзенай рэальнасці. Даследчыцкае вымярэнне можна параўнаць да люстэрка ў доме. Для біялагічнага існавання яно неабавязковае. Але калі хтось жадае жыць культурным жыццём, то люстэрка – гэта неабходнасць.

Даследаванне, як правіла, прадугледжвае адказ на два фундаментальныя пытанні: што (здарылася або адбываецца) і чаму (здарылася або адбываецца). Часам даследаванне ўключае ў сябе таксама прадказанне што будзе.

Даследчыцкае вымярэнне для BISS было і застаецца асноўным. Падрабязней пра метадалагічны профіль інстытута – гл. раздзел ІV.

Палітычная неангажаванасць палягае перадусім у тым, што ў ходзе даследавання мы кіруемся прынцыпам навуковага аб'ектывізму, а ў ходзе ацэнкі падзей, выпрацоўкі рэкамендацый, выбару тэмаў і партнёраў кіруемся ўласным стратэгічным бачаннем АГАН (гл. раздзел VII). Важна падкрэсліць, што

прынцып палітычнай неагажанаванасці не азначае, што мы ўвогуле не ацэньваем палітычных актораў або іх дзеянні; ён азначае, што ў ходзе ацэнкі мы паслядоўныя ў прымяненні акрэсленых крытэраў,

напр. спрыянне або неспрыянне дасягненню стратэгічнай мэты Беларусі, суадносіна рызыкаў і спадзяваных выгадаў, адэкватнасць мераў да пастаўленых мэтаў ігд.

Полісі-арыентаванасць палягае ў тым, што нашы даследаванні і аналітыка ажыццяўляюцца такім чынам, каб яны дапамагалі грамадскім акторам (палітычным і непалітычным) у прыняцці рашэнняў. Джэмс МакГэн выдзяляе чатыры этапы палітыкатворства (policy-making):

  1. Распазнанне і акрэсленне праблемы.
  2. Вынясенне праблемы на парадак дня.
  3. Абранне палітычнай стратэгіі.
  4. Рэалізацыя.

На думку МакГэна, асаблівая роля фабрыкі думак – на этапах (1) і (2)1. Менавіта так BISS і ўспрымае сваю ролю: наша задача – ідэнтыфікаваць і выносіць на парадак дня наяўныя ў грамадстве праблемы і выклікі, як мага больш грунтоўна растлумачыўшы, у чым яны палягаюць і якія магчымы тут спосабы іх вырашэння. BISS лічыць таксама сваім заданнем аналізаваць і ацэньваць ужо існуючыя праграмы, праекты, канцэпты, законапраекты з перспектывы стратэгічнай мэты Беларусі і з дапамогай аналізу рызыкаў.


1 McGann, James G. Think Tanks and Policy Advice in the US. Academics, advisors and advocates, New York: Taylor & Francis e-Library, 2007. С. 40.

Адобрана Радай BISS у красавіку 2019 года

ліпень 11, 2020
145
2
min read