Апошні месяц адзначыўся цэлым шэрагам важных для Беларусі знешнепалітычных падзеяў: сустрэча кіраўніцтва Беларусі і Расеі ў Маскве, правядзенне Парламенцкай Асамблеі АБСЕ ў Мінску, а таксама візіт Лукашэнкі ва Украіну. Па заявах беларускіх уладаў усе мерапрыемствы прайшлі паспяхова і будуць мець пазітыўны эфект для Беларусі. Аднак, пры больш пільным спаглядзе, не ўсё так радасна і аптымістычна.
Беларусь – Расея: удалося не пасварыцца
Усё пачалося з серыі беларуска-расійскіх мерапрыемстваў, якія, па сведчанню ўдзельнікаў, прайшлі ў сяброўскай атмасферы і былі даволі плённыя. Афіцыйныя асобы адрапартавалі аб падпісанні кантрактаў амаль на $ 0.5 млрд. На пасяджэнні Вышэйшай дзяржаўнай рады Саюзнай дзяржавы, паводле відавочцаў, таксама ўсё было спакойна і неканфліктна.
Менавіта бесканфліктнасць падкрэсліваецца як галоўны вынік і дасягненне сустрэч на вышэйшым узроўні, што выклікае пэўныя сумненні ў паспяховасці візіту. А як жа інстытуцыйныя зрухі ў Саюзнай дзяржаве? Што з новымі важнымі дамовамі або дасягненнямі іншых прынцыповых дамоўленасцяў? А можа, вырашана надзённае пытанне з Рассельгаснаглядам? Пра гэта ні слова. Атрымліваецца, што сабрацца, пагаварыць і не пасварыцца – ужо з'яўляецца поспехам.
Дарэчы, калі казаць пра Рассельгаснагляд, то адчувальнае сёння для Беларусі пытанне паставак беларускіх прадуктаў у Расею па-ранейшаму з'яўляецца актуальным. Больш за тое, у забаронены спіс ледзь не штотыдзень уносяцца новыя беларускія прадпрыемствы.
Таму пра мінулы візіт лепш казаць у нейтральным ключы. І дакладна не ва ўзнёслым тоне.
Беларусь – АБСЕ: удалося ўхіліцца ад удару
Сесія ПА АБСЕ ў Мінску – гэта, бадай, першае ў суверэннай гісторыі Беларусі настолькі прэстыжнае мерапрыемства. І гэта безумоўны поспех беларускай дыпламатыі. Аднак не варта перабольшваць яго рэальнага значэння, як і значэння прынятых па ім рашэнняў.
Парламенцкая Асамблея АБСЕ з'яўляецца свайго роду форумам па абмене меркаванняў. Рэзалюцыі, якія на ім прымаюцца, маюць пераважна дэкларатыўны характар. Ды і па праўдзе кажучы, калі б большая частка дэлегатаў не пакінула форум у апошні дзень, калі прымаўся фінальны дакумент Асамблеі, мы не былі б сведкамі нястрымнай радасці беларускай дэлегацыі па прычыне неўключэння ў выніковы дакумент крытычнай у стасунку да Беларусі рэзалюцыі.
Вядома, пасля столькіх гадоў знешнепалітычнага лузерства (а што было б казаць, калі б хтосьці геніяльны не падказаў, што Беларусь можа быць пляцоўкай па ўрэгуляванню канфлікту паміж Украінай і Расеяй), правядзенне такога мерапрыемства падаецца як несумненны поспех. Аднак рана спяваць оды. Ці з'яўляецца гэта тэндэнцыяй, ці выключэннем з правілаў – пакажа час. Заўважым толькі, што новыя смяротныя прысуды і суткі грамадскім актывістам вяртаюць зноў у суровую беларускую рэальнасць і відавочна працуюць супраць іміджу краіны, які ўлады так старанна спрабуюць абяліць. Атрымліваецца анекдатычная карціна: адна рука чысціць, а іншая зноў пэцкае.
Беларусь – Украіна: удалося задзейнічаць сімвалы
Візіт Лукашэнкі ва Украіну меў, хутчэй, сімвалічны характар. Былі заключаныя пагадненні ў сферы культуры і навуковых даследаванняў, падпісаныя кантракты як мінімум на $ 45 млн. Бакі дамовіліся аб правядзенні беларуска-ўкраінскага форуму рэгіёнаў, а таксама стварэнні большых магчымасцяў для вывучэння роднай мовы для этнічных украінцаў у Беларусі і для этнічных беларусаў ва Украіне. Але пагадненні па гэтых пытаннях наўрад ці былі вяршыняй мараў для якога-кольвечы боку.
Для Украіны галоўнай справай у двухбаковых адносінах у апошнія гады з'яўляецца пытанне бяспекі (а дакладней, каб не Беларусь не дазволіла выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для магчымых ваенных дзеянняў Расеі супраць Украіны). Для Беларусі ж найбольш актуальным пытаннем ва ўзаемаадносінах з паўднёвым суседам з'яўляецца эканамічная выгада і нарошчванне гандлю. І вось па гэтых – ключавых - пытаннях, сустрэча не прынесла канкрэтыкі і практычнага напаўнення.
У справах бяспекі Беларусь для Украіны надалей з'яўляецца сумнеўным партнёрам. Украінскія эліты не хаваюць занепакаення запланаванымі на восень вучэннямі “Захад-2017”, што маюць прайсці ў Беларусі. У прыватнасці, міністар абароны Украіны Сцяпан Паўтарак у дзень сустрэчы Лукашэнкі з Парашэнкам напісаў у фэйсбуку, што гэтыя вучэнні "могуць быць выкарыстаныя для пачатку агрэсіі не толькі супраць Украіны, але і любой іншай краіны Еўропы, якая мае агульную мяжу з Расеяй". Гэта паказвае ступень падазронасці з боку Украіны ў дачыненні да Беларусі ў такой істотнай справе, як бяспека.
Што тычацца гандлю, то Лукашэнка заявіў аб планах па нарошчванню яго аб'ёму спачатку да $ 5 млрд, а потым - да $ 8 млрд (пры цяперашніх $ 4 млрд). Аднак, па выніках сустрэчы не былі заключаныя якія-небудзь буйныя кантракты. І сёння вышэйназваныя інтэнцыі больш падобная на дэкларацыю аб намерах, а не на штосьці адчувальнае і рэальнае.
Не абышлося без сімвалічных падзеяў. Кіраўнік Беларусі наведаў мемарыял ахвярам Галадамору, які афіцыйна не прызнаецца Расеяй. Гэта яскравы рэверанс у бок Украіны. Сімвалічная падтрымка Украіны ў дыскусіі з Расеяй вакол гістарычнай памяці.
Такім чынам, заяўляць аб паспяховасці візіту Лукашэнкі ва Украіну заўчасна. Можна тут хіба што толькі казаць аб сімвалічнай значнасці гэтай падзеі: Беларусь падмавацавала свой імідж як «нейтральнай» дзяржавы, а Украіна прадэманстравала сваю здольнасць выбудоўваць добрыя адносіны нават з саюзнікамі свайго «агрэсара».