Майстар інсцэнізацый

theatre

photo: @kyleunderscorehead

Лукашэнка - майстар інсцэнізацый*. Яго прэзідэнцкая кар'ера пачалася пад Лёзнам у чэрвені 1994 года, яшчэ да фармальнага яго абрання, калі быў інсцэнізаваны замах на яго жыццё. Неймаверны поспех той інсцэнізацыі задаў каляіну для ўсёй яго прэзідэнтуры.

Нядаўна Аляксандр Фядута** паказваў занатоўкі Лукашэнкі, дзе апошні - ужо будучы прэзідэнтам - уласнаручна пісаў сцэнар прэс-канферэнцыі, падчас якой з дапамогай лаяльных яму журналістаў трэба было публічна апусціць аднаго чыноўніка, які пераступіў яму дарогу.

Выбары, душэўныя спатканні з народам, высыланні топ-чыноўнікаў (напр. Качанава) для выслухоўвання турботаў людзей, гнеўныя наезды на чыноўнікаў за "абас*аную карову", афёра з Белым Легіёнам, лаянне Крамля, затрыманне Ціханоўскага, байцы Вагнера... - усё гэта няспынны цыкл інсцэнізацый і перформансаў.

Захапленне інсцэнізацыяй тлумачыць таксама яго паранаідальную схільнасць паўсюль бачыць "куклаводаў", усемагутных паліттэхнолагаў і медыя-маніпулятараў. Многія праціраюць вочы і не могуць уцяміць: які сэнс жорсткага затрымання такіх асоб, як Шкляроў (паліттэхнолаг) ці Гарэлік (навуковец, якія спецыялізуецца ў пратэстах)?

Адказ такі: Лукашэнка такім чынам вырашае свае кагнітыўныя праблемы. Ён хоча верыць, што ўсё, што адбываецца - гэта інсцэнізацыя, а не рэальнасць. Шкляроў ды Гарэлік - гэта для Лукашэнкі прадстаўнікі "касты куклаводаў". Можа, яны і не датычныя да падзей, але напэўна існуюць тыя, хто датычныя. І калі я не магу дастаць да "тых", то дай я стукну вось гэтым. Як мінімум гэткім чынам адпомшчу за стварэнне праблем у маёй вотчыне. А мо і спалохаю тых - нябачных, схаваных дзесь у патаемных пакоях Белага Дома, Крамля або Ватыкана...

Гэта - устойлівы элемент мыслення нашага баценькі, ад якога ён наўрад ці калі-колечы вызваліцца. Трэба быць гатовымі да таго, што ён і яго гадаванцы будуць працягваць у тым жа духу: па-першае, самі будуць спрабаваць рабіць новыя інсцэнізацыі (нягледзячы на тое, што гэта ўжо абсалютна ім не аплочваецца), па-другое, надалей будуць намякаць на куклаводаў і маніпулятараў (нягледзячы на неэфектыўнасць такога прыёму).
___

* У форме зноскі скарэктуем: "былы майстар".

** У ліпені - снежні 1994 г. кіраваў інфармацыйнай палітыкай у Адміністрацыі прэзідэнта.