У кастрычніку 2019 выйшла новая кніга Джорджа Сораса, 89-гадовага мільярдэра, фінансіста, мецэната і заснавальніка Фонда «Адкрытае грамадства». Кніга называецца «У абарону адкрытага грамадства» і складаецца пераважна з ранейшых яго тэкстаў, найноўшым з якіх з'яўляецца яго прамова падчас Давосаўскай канферэнцыі ў студзені 2019 года.
Сорас пакінуў свой след і ў Беларусі.
У шушкевічаўскую эпоху, пад канец 1992 года, быў заснаваны «Беларускі фонд Сораса». Ён праіснаваў нядоўга: у верасні 1997, на трэцім годзе панавання Лукашэнкі, улады прымусілі гэты фонд зачыніцца.
Але за чатыры з паловай гады фонд паспеў ажыццявіць пару сотняў праграм і ініцыятыў, спасярод якіх асабліва каштоўнымі з'яўляюцца інцыятывы інтэлектуальна-адукацыйнага характара. Такія кнігі, як «Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі», «Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі», «Уводзіны ў палітыку» – класіка заходняй думкі – наўрад ці з'явіліся б па-беларуску без Сорасавай падтрымкі.
Трыумф дзевяностых
90-ыя гады – гэта не толькі перыяд плённай працы фонда Сораса ў Беларусі. У глабальным плане гэта быў час неймавернага прагрэсу тзв. трэцяй хвалі дэмакратызацыі. Гляньма на графік:
- Крыніца: V-DEM Annual Democracy Report 2019.
Уявіце сабе адчуванні ліберальных дэмакратаў тых часоў (або прыгадайце свае ўласныя). Вось, літаральна на вачах «рэшткі аўтарытарызму» адступаюць, а ліберальная дэмакратыя ідзе па свеце сямімільнымі крокамі.
Цяжка было не паверыць, што сама гісторыя пусціла ў ход свае патаемныя законы і вядзе чалавецтва да канчатковага трыумфу свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека. «Канец гісторыі» – трыумфальна абвесціў тады Фрэнсіс Фукуяма.
Наколькі дзейнасць Сораса паўплывала на поспех трэцяй хвалі дэмакратызацыі? Ці без яго ўкладу гэты поспех быў бы меншы?
Думаю, дзейнасць гэтага магната не мела тут асаблівага значэння. Дый сам Сорас не схільны прыпісваць сабе ключавое значэнне ў гэтым працэсе. Яго роля палягала, хутчэй, у суправаджэнні і ўзмацненні некаторых элементаў гэтага працэсу.
Але вось што магло мець значэнне: адчуванне, што ты – на «правільным баку» гісторыі. Свет дэмакратызуецца і ты спрыяеш гэтаму працэсу, прыспешваеш яго. А гэта ў сваю чаргу магло спарадзіць перакананне, што тая міжнародная сетка, якая паўстала ў 90-ыя гады пад маркерам «Адкрытае грамадства» – гэта і ёсць авангард дэмакратыі, правоў чалавека і міжнароднага ліберальнага парадку. Гэтае перакананне, хутчэй за ўсё, і прадвызначыла палітыку Сораса ў нулявыя і дзясятыя гады бягучага стагоддзя.
У аснове адкрытага грамадства – прынцып памыляльнасці
Вядомы амерыканскі філосаф-эканаміст Насім Талеб наведаў у 2017 годзе Менск і ўзяў удзел у Дзелавым форуме-2017. Падчас форума паважаны госць скіраваў да беларускіх бізнэсоўцаў такі пасыл:
- «Вучыцеся памыляцца, а не бізнэс-планам!»
Кажучы гэта, Талеб не рабіў нічога іншага, а проста знаёміў з базавай ідэяй адкрытага грамадства, прадстаўленай калісьці Карлам Поперам.
Вось жа ў аснове канцэпцыі адкрытага грамадства ляжыць ідэя фалібілізму (памыляльнасці). Фалібілізм – вольна тлумачачы – гэта мастацтва плённага выкарыстання памылак (сваіх і чужых). Замест змагацца з памылкамі – казаў Попер – давайце лепш падумаем, як можам зрабіць з іх добры ўжытак для сябе і для грамадства.
Менавіта ў тэзе пра памыляльнасць месціцца адказ на пытанне, што азначае прыметнік «адкрытае», дададзены да назоўніка «грамадства»: адкрытае таму, што наяўны ў ім стан рэчаў можа падлягаць крытыцы і перагляду.
Незадавальненне наяўным станам рэчаў можа выражацца ў ірацыянальным бунце, а можа выражацца ў рацыянальнай крытыцы.
Адкрытае грамадства прадугледжвае другі варыянт. Такім чынам, другім базавым яго атрыбутам ёсць крытычнае мысленне. Пра гэта слушна нагадаў Джорж Сорас у сваёй Давосаўскай прамове і ў выдадзенай нядаўна кнізе.
Крытычнае мысленне азначае аддаванне перавагі логіцы і аргументацыі ў ходзе вырашэння задач грамадскай значнасці. Альтэрнатывай крытычнаму мысленню з'яўляюцца розныя формы ірацыяналізму: утапізм, суб'ектывізм, містыцызм, канфармізм, эстэтызм, абсалютызацыя аўтарытэтаў і інш.
Апроч пералічаных двух (памыляльнасць і крытычнае мысленне) ёсць яшчэ некалькі іншых ключавых прынцыпаў адкрытыга грамадства. Абмяжуемся тут іх пералікам, а падрабязнае тлумачэнне пакінем на іншую нагоду: індывідуалізм, прызнанне залежнасці гісторыі ад чалавечых дзеянняў, пакрокавае рэфармаванне і ідэя аб'ектыўнай праўды.
Нулявыя і дзясятыя: вера ў канец гісторыі страціла грунт
Вернемся цяпер да найноўшай гісторыі і месца ў ёй Джорджа Сораса. Мы маглі пабачыць, што, пачынаючы з другой паловы 70-ых і аж да канца 90-ых, ліберальная дэмакратыя прагрэсавала, прычым у 90-ых яна займела неймавернае паскарэнне. Набліжэнне міленіяльнай даты «2000» яшчэ больш узмацняла перакананне, што вось, маўляў, надыходзіць сапраўды новая эра – эра свабоды і прагрэсу.
Мала хто памятаў аналітычную працу Карла Попера пад назвай «Галеча гістарыцызму», у якой аўтар выкрываў ірацыянальнасць пераканання, што гісторыя нібыта развіваецца водле аўтаномных законаў. Але – вось іронія – разгортванне гісторыі пасля 2000 года паказала, што Попер меў рацыю: няма чагось такога, як законы гісторыі. Давайце паглядзім, што сталася з ліберальна-дэмакратычным «канцом гісторыі»:
- Крыніца: V-DEM Annual Democracy Report 2019.
На ўсякі выпадак варта падкрэсліць, што графік не азначае, што колькасць дэмакратычных краін зменшылася больш чым на палову. Азначае ўсяго толькі, што рэзка знізілася колькасць краін, якія працягваюць удасканальваць ліберальна-дэмакратычныя інстытуты. Сярод іх – частка краін, якія ўжо на папярэднім этапе дасягнулі ўмоўнага «піку» дэмакратыі (напр. скандынаўскія краіны, Новая Зеландыя), таму адсутнасць дэмакратызацыі ў гэтых выпадках нічога кепскага не азначае.
Але ўсё ж такі большая частка краін – гэта краіны з заганнай дэмакратыяй або гібрыдныя рэжымы, якія, замест ісці ў напрамку ўдасканалення, спыніліся або пачалі рэгрэсаваць. Найбольш ва ўсім гэтым насцярожвае дынаміка аўтакратычных тэндэнцый: за апошнія 8-9 год колькасць краінаў, дзе гэтыя тэндэнцыі праявіліся, узрасла больш чым удвая.
Рэакцыя на крызіс: мэйнстрым становіцца ўсё больш «беспамылковым»
Такім чынам, наіўны лібералізм, заснаваны на ірацыянальнай веры ў гістарычнае наканаванне, атрымаў балючы ўдар. Крызіс ліберальнага парадку, які выразна праявіўся цягам апошняга дзесяцігоддзя, павінен быў стаць штуршком для прыгадання базавых прынцыпаў адкрытага грамадства і перагляду палітычна-светапогляднага кансэнсусу, які склаўся ў 90-ыя гады.
Магчыма, эмансіпацыйны канон, з акцэнтам на мультыкультуралізм, правы LGBT ці секулярызм, быў занадта вузкі або занадта прэтэнцыёзны. А можа, ён быў слушны, але спосабы яго пашырэння і ўкараненння былі заганнымі. Можа, нешта трэцяе.
Аднак, замест падыйсці да справы ў духу адкрытага грамадства, заходнія эліты абралі тактыку тыповых рэакцыянераў.
Усялякую спробу паставіць пад сумнеў кансэнсус 90-ых яны пачалі клеймаваць як «папулізм», «ўльтраправы ўздым», «(ультра)нацыяналізм», «гамафобія», «антыфемінізм», «цемрашальства» і г.д. і т.п. Фактычна ўсе прыведзеныя выразы не маюць апісальнай вартасці, а іх функцыя прыблізна такая ж, што функцыя такіх выразаў, як «варварства» ў старажытнай Грэцыі, «ерась» у сярэднявечным хрысціянстве або «буржуазная філасофія» ў краінах сацыялістычнага блоку.
Такім чынам, маем цяпер дачыненне не столькі з бітвай паміж адкрытым і закрытым грамадствам, колькі з сутыкненнем закрытых грамадстваў.
Упэўненыя ў сваёй беспамылковасці прамоўтары мультыкультуралізму, правоў LGBT і гендэрных тэорый высылаюць анафему за анафемай на кожнага і кожную, хто сумняецца ў слушнасці іх ідэй.
Новыя ж рухі нярэдка апаніруюць у падобным стылі, замыкаючы здабытую імі публічную прастору перад альтэрнатыўнай думкай і ўсталёўваючы светапоглядную дысцыпліну ў сваіх шэрагах. А ў аснове адкрытага грамадства – нагадайма – ляжыць ідэя памыляльнасці.
Сорас вялікі тады, калі яго не трактуюць як божышча
Ці Джордж Сорас здолеў узняцца па-над бітвай закрытых грамадстваў? І так, і не. Што ж, ён не перастае нагадваць, што ў аснове адкрытага грамадства ляжыць крытычнае мысленне – і за гэта рэспект яму. Ён таксама трапна заўважыў маніпулятыўны патэнцыял новых інфармацыйных тэхналогій і пачаў гучна пра гэта гаварыць. Гэта таксама плюс.
У дзясятках краін Сорас праспансіраваў тысячы праектаў па крытычным мысленні, даследаваннях у сферы сацыягуманітарных навук, адукацыі. Значная частка гэтых праектаў праводзілася/праводзіцца без прывязкі да канкрэтнай ідэалагічна-палітычнай опцыі. Гэта, зноў жа, рэальны ўклад у прасоўванне адкрытага грамадства.
З другога боку, Сорас моцна ўцягнуўся ў бітву закрытых грамадстваў у якасці аднаго з бакоў. У ходзе свайго супрацьстаяння з Джорджам Бушам ён пасунуўся да такіх нізкапробных прыёмаў, як reductio ad hitlerum.
І калі настаў час рэальнага выпрабавання для ліберальнага парадку (нацыянальны паварот многіх краін, перагляд эмансіпацыйнай дактрыны 90-ых гадоў), голас Сораса быў проста голасам аднаго з варагуючых бакоў: мэйнстрыму, які зрабіў стаўку на захаванне status quo.
Такім чынам, Сорас адной рукой абараняе адкрытае грамадства, а другой... забараняе яго? Можа быць, «забараняе» – замоцнае слова, але пакінем яго як стымул для рэфлексіі. Ясна адно: самы лепшы спосаб змарнаваць спадчыну Сораса – гэта ператварыць яго ў божышча, у беспамылковы аўтарытэт. А самы лепшы спосаб захаваць і памножыць гэту спадчыну – глянуць на яго дзейнасць праз прызму базавага прынцыпу адкрытага грамадства: памыляльнасці.
Першакрыніца: Arche: Мысьлі крытычна