Палітычны медыябарометр BISS №9: штыль у сферы палітычнай камунікацыі (красавік – чэрвень 2014 г.)

Друкаваная версіяPDF версія

 BISS прапаноўвае асноўныя вынікі даследавання “Палітычны медыябарометр BISSза другі квартал 2014 г. У ім мы прааналізавалі ключавыя змены ў колькасных і якасных характарыстыках сферы камунікацыі незалежных палітычных сіл, а таксама зрабілі высновы, якія галоўныя чыннікі паўплывалі на яе структуру.

Найважнейшымі асаблівасцямі аналізаванага перыяду з гледзішча прысутнасці палітыкаў і палітычных сіл у інфармацыйнай прасторы былі:

  • зніжэнне колькасці паведамленняў;
  • істотнае скарачэнне згадак пра кааліцыі;
  • падзенне рэйтынгу палітычных сіл, для якіх у папярэднім квартале “лакаматывам” служылі кааліцыі.

Найвялікшы ўплыў на сферу палітычнай камунікацыі зрабілі падзеі ўва Украіне і правядзенне традыцыйнай акцыі “Чарнобыльскі шлях” 26 красавіка 2014 г.

Асноўнымі інфармацыйнымі нагодамі былі не палітычная і электаральная дзейнасць, а рэпрэсіі, падзеі культуры і каментарыі да ўкраінскіх падзей.

Красавік – чэрвень 2014 г. вызначаецца рэзкім скарачэннем агульнага ліку згадак пра палітычныя сілы і асобных палітыкаў у інфармацыйнай прасторы. Цягам папярэдніх трох кварталаў колькасць паведамленняў узрастала – ад 3 217 у ліпені – верасні 2013 г. да 6 550 у студзені – сакавіку 2014 г. Аднак у красавіку – чэрвені 2014 г. агульны лік згадак пра палітычныя сілы і асобных палітыкаў упаў да 3 818.

На фоне гэтага падзення яшчэ больш заўважнае скарачэнне згадак пра кааліцыі. Напрыклад, кампанія “Народны рэферэндум”, якая ў першым квартале 2014 г. атрымала 2.070 пунктаў колькаснага рэйтынгу, у гэтым квартале набрала толькі  344 балы. Такім чынам, яе індэкс знізіўся больш як у 6 разоў. Амаль у 6 разоў скараціўся і колькасны індэкс альянсу “Талака” – ад 603 да 109 пунктаў.

Табліца 1. Агульная прысутнасць палітычных сіл у інфармацыйнай прасторы

Скарачэнне актыўнасці кааліцый, у сваю чаргу, істотна адбілася на рэйтынгу тых палітычных сіл, якія ў папярэднім квартале значна ўзмоцнілі свае пазіцыі пераважна за кошт згадак у складзе кааліцый. З гэтай прычыны знізіліся пазіцыі ў рэйтынгу ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” і Грамадскага аб’яднання “За справялівыя выбары”. З другога боку, украінскія падзеі сталіся адной з найважнейшых інфармацыйных нагод і для беларускай палітычнай сферы. За кошт абмеркавання расійска-ўкраінскага канфлікту ўзмацнілі сваё становішча ў рэйтынгу грамадзянская кампанія “Еўрапейская Беларусь”  і Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ. Аднак лідары рэйтынгу захавалі свае пазіцыі – з тым выняткам, што партыя БНФ апярэдзіла Аб’яднаную грамадзянскую партыю, адсунуўшы яе на другое месца.

Калі разглядаць рэйтынг асобных палітыкаў, яго змены ўвогуле адлюстроўваюць тэндэнцыі, характэрныя для палітычных сіл. У большасці выпадкаў лідары рэйтынгу захавалі свае пазіцыі – з тым выняткам, што на першае месца з вялікім адрывам выйшаў Зміцер Дашкевіч.

Заўважна ўмацавалі свае пазіцыі Станіслаў Шушкевіч і Зянон Пазьняк, якія актыўна выказвалі сваё  стаўленне да падзей ува Украіне. Разам са зніжэннем рэйтынгу партыі “Справядлівы свет” і ГА “За справядлівыя выбары” ўпаў і рэйтынг іх лідараў Сяргея Калякіна і Віктара Карняенкі. Гэткая дынаміка тлумачыцца скарачэннем актыўнасці кааліцый, якія былі для іх “лакаматывам” у папярэднім квартале.

Табліца 2. Агульная прысутнасць асобных палітыкаў у інфармацыйнай прасторы

Апроч зніжэння актыўнасці кааліцый, на колькасны індэкс палітычных сіл адмоўна ўплывае і тое, што досыць часта ключавыя палітыкі выступаюць у СМІ як не прыналежныя да палітычных сіл асобы: эксперты, дзеячы культуры і г. д., – а  не як прадстаўнікі сваіх палітычных арганізацый. Напрыклад, лідар рэйтынгу Зміцер Дашкевіч выступае ў ролі прадстаўніка “Маладога Фронту” толькі ў 46% выпадкаў.

Каб прадэманстраваць уплыў пазначэння палітычнай прыналежнасці лідараў рэйтынгу сярод асобных палітыкаў на прысутнасць іхных палітычных сіл у інфармацыйнай прасторы, ніжэй мы прыводзім рэйтынг асобных палітыкаў, у якім улічваюцца толькі “эфектыўныя паведамленні” з гледзішча прасоўвання палітычных структур. Рэйтынг “эфектыўных паведамленняў” улічвае толькі тыя згадкі пра палітыкаў, дзе яны выступаюць як прадстаўнікі сваіх палітычных сіл.

Розніца паміж агульным індэксам палітыка і ягоным індэксам як прадстаўніка палітычнай сілы паказвае, які аб’ём прысутнасці ў інфармацыйнай прасторы страчвае палітычная сіла, калі ў паведамленнях не пазначаецца палітычная прыналежнасць яе лідараў.

Дынаміка набірання колькаснага індэкса палітычнымі сіламі – лідарамі рэйтынгу дазваляе ацаніць, якія канкрэтна падзеі і інфармацыйныя нагоды вызначылі структуру сферы палітычнай камунікацыі ў красавіку – чэрвені 2014 г. Увогуле індэкс назапашваўся досыць роўна. Аднак у партыі БНФ вылучаецца перыяд падрыхтоўкі і правядзення “Чарнобыльскага шляху”, пасля якога яе тэмпы набірання індэкса рэзка  ўпалі. Для АГП важнай падзеяй з гледзішча медыяпрысутнасці быў з’езд партыі 31 траўня. Тым не менш, імклівы скачок у дынаміцы набірання індэкса не дазволіў АГП захаваць першае месца ў рэйтынгу, на якое гэтая партыя выйшла ў першым квартале 2014 г.

У асобных палітыкаў – лідараў рэйтынгу дынаміка набірання колькаснага індэкса выглядае менш аднароднай. Разам з тым, яе характар дазваляе зрабіць выснову, якія канкрэтна падзеі атрымалі найбольшае асвятленне ў інфармацыйным полі. Значная колькасць паведамленняў пра Змітра Дашкевіча звязаная з ягоным арыштам на 25 дзён за невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду і супраціў супрацоўнікам міліцыі і з судом 25 красавіка 2014 г. Далей усплёск згадак пра З. Дашкевіча суадносіцца з затрыманнем чатырох актывістаў “Маладога фронту” 4-5 траўня. Гэта сведчыць, што асноўным рухавіком цікавасці СМІ да сферы незалежнай палітыкі застаюцца рэпрэсіі. Для Анатоля Лябедзькі значнай інфармацыйнай нагодай стаўся з’езд АГП і ягонае пераабранне на пасаду старшыні партыі. Увогуле на рэйтынгу большасці палітыкаў, у тым ліку Уладзіміра Някляева, Змітра Дашкевіча і Паўла Севярынца, моцна адбілася развітанне з Генадзем Бураўкіным 31 траўня 2014 г. Рост згадак пра Уладзіміра Някляева прыпадае на 21 чэрвеня ў сувязі з узнагароджаннем прэміяй ім. В. Быкава “За свабоду думкі”. (У адпаведных публікацыях яго называюць як аднаго з лаўрэатаў.)

Такім чынам, ключавыя інфармацыйныя нагоды звязаныя не з палітычнай ці электаральнай дзейнасцю. Тэма выбараў заканамерна саступае першае месца шырокай тэматычнай катэгорыі, датычнай жыцця грамадства (сюды ўваходзяць падзеі культуры і спорту, экалагічная праблематыка, падзеі асабістага ўзроўню і г. д.). Увогуле зніжаецца тэматычная разнастайнасць, як і іншыя якасныя характарыстыкі сферы палітычнай камунікацыі.

Напрыклад, у паведамленнях досыць рэдка згадваецца практычная дзейнасць палітыкаў і палітычных сіл. Напрыканцы 2013 г. узровень асвятлення практычнай дзейнасці перавышаў 40%, у лютым 2014 г. ён склаў 29%, а цягам другога квартала 2014 г. не дасягаў і 25%.

Чытайце кароткую версію "Палітычнага медыяборометра" у фармаце PDF