Паўгадавы маніторынг асноўных тэндэнцый у развіцці беларускай дзяржавы і грамадства BISS-Trends (чэрвень – снежань 2014 г.)

Дадзены выпуск «BISS-Trends» прадстаўляе сабой паўгадавы маніторынг асноўных тэндэнцый у развіцці беларускай дзяржавы і грамадства ў другой палове 2014 года.

Маніторынг прысвечаны асноўным тэндэнцыям у наступных галінах: палітычная дэмакратызацыя / палітычная лібералізацыя; эканамічная лібералізацыя; якасць кіравання і вяршэнства закона; геапалітычная арыентацыя; культурная палітыка.

У сферы палітычнай дэмакратызацыі / палітычнай лібералізацыі ў другім паўгоддзі працягваўся рэгрэс, а таксама былі зафіксаваныя негатыўныя якасныя змены. Асноўнымі падзеямі, якія паўплывалі на фарміраванне трэнду дэлібералізацыі, сталі абмежаванне свабоды слова, абумоўленае новай рэдакцыяй закона «Аб сродках масавай інфармацыі», а таксама блакаванне шэрагу інфармацыйных рэсурсаў і СМІ ў інтэрнэце без уліку ступені іх палітычнай ангажаванасці. Другое паўгоддзе таксама было адзначана ростам рэпрэсій супраць праваабаронцаў і журналістаў; у сферы свабоды асацыяцыяў і свабоды сходаў маштаб рэпрэсій захаваўся.

Эканамічная сфера характарызавалася нарастаннем макраэканамічных дысбалансаў і адсутнасцю структурных рэформаў для іх ліквідацыі. Ва ўмовах пагаршэння кан’юнктуры на знешніх рынках і змянення знешнепалітычнай сітуацыі намеціліся скарачэнне гарызонту планавання і тэндэнцыя да прыняцця супярэчлівых эканамічных рашэнняў. Дзяржаўнае рэгуляванне рынку працы і падатковай сферы ўзрасло.

У сферы якасці кіравання і вяршэнства права стаў заўважны прыкметны пералом пазітыўнага трэнду і рух у бок пагаршэння. Станоўчыя рашэнні прымаліся толькі ў вельмі вузкіх галінах, такіх як рэгістрацыя нерухомасці і ўмовы функцыянавання Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку (КБІП). Пры гэтым выпадак КБІП – хутчэй выключэнне, а не рашэнне, якое ўплывае на інвестыцыйны клімат у цэлым. У шэрагу абласцей адбыўся пераход да «ручнога рэгулявання»: значна ўзрасло дзяржаўнае ўмяшальніцтва ў галіне працы СМІ і інтэрнэту, а таксама рынку працы.

У сферы геапалітычнай арыентацыі назіраецца нармалізацыя ў адносінах з Еўрасаюзам. Адначасова з гэтым, адносіны Беларусі з Расіяй уваходзяць у фазу напружанасці, абумоўленую, у першую чаргу, адсутнасцю падтрымкі расійскай пазіцыі ў дачыненні да Украіны, а таксама адрозным ад расійскага бачаннем еўразійскай інтэграцыі. Расія ўвяла санкцыі ў дачыненні да беларускіх вытворцаў прадуктаў харчавання, а прэзідэнт Беларусі неаднаразова рабіў крытычныя выказванні ў дачыненні да ўсходняй суседкі. У той жа час, Беларусь правяла некалькі раўндаў кансультацый па спрашчэнні візавага рэжыму і па пытаннях мадэрнізацыі з Еўрасаюзам. Акрамя таго, афіцыйны Мінск змог палепшыць свой міжнародны імідж за кошт атрымання статусу перамоўнай пляцоўкі па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне.

У сферы культурнай палітыкі ў перыяд, які разглядаецца, назіралася паляпшэнне з пазітыўнымі якаснымі зменамі. Практыка выкарыстання «чорных спісаў» выканаўцаў практычна сышла на нішто, а ўлады не перашкаджалі рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў, накіраваных на «мяккую беларусізацыю». Многія ініцыятывы дасягнулі значнага поспеху. Афіцыйная культурная палітыка, аднак, застаецца ў фазе стагнацыі, празмерна палітызаваная і ідэалагізаваная. Нязменным застаецца і кадравы крызіс у сферы культуры.

BISS-Trends (чэрвень – снежань 2014 г.) у фармаце PDF