BISS заняў першае месца ў рэйтынгу даследчых цэнтраў Беларусі

 Месцы ў верхняй тройцы занялі Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS), Даследчы цэнтр ІПМ і экспертная супольнасць «Наша меркаванне». Сярод 12 арганізацый яны паказалі лепшыя вынікі па ўзроўні развіцця тэхнічнага і метадычнага патэнцыялу, інфармацыйнаму ахопу, а таксама аб'ёму і якасці аналітыка-даследчай працы.

Рэйтынг праводзіўся па ініцыятыве Міжнароднай некамерцыйнай арганізацыі Pact. Ён закліканы ўзмацніць матывацыю даследчых цэнтраў Беларусі да павышэння якасці сваёй працы, а таксама палепшыць дасведчанасць грамадства пра працу даследчага сектара.

Рэйтынг беларускіх даследчых цэнтраў заснаваны на вывучэнні міжнароднага досведу падобных ацэнак, у прыватнасці, Global Go To Think Tank Rating (Універсітэт штата Пенсільванія) і Index of Public Profile (Цэнтр глабальнага развіцця). Пілотны рэйтынг, праведзены для даследчага сектара Беларусі ў 2014 г., дазволіў адаптаваць замежны досвед і зрабіць метадалогію інклюзіўнай і аб'ектыўнай.

Метадалогія беларускага рэйтынгу прымяняльная як для буйных цэнтраў, так і для даследчых ініцыятыў. Удзельнікі даследавання падаюць дадзеныя адносна тэхнічнага і метадычнага патэнцыялу свайго даследчага цэнтра, інфармацыйнага ахопу і аналітыка-даследчай дзейнасці. Атрыманая інфармацыя апрацоўваецца і ацэньваецца па балах паводле адзінай зададзенай шкалы. Работа па апрацоўцы і ацэнцы прадстаўленых даследчымі цэнтрамі звестак ажыццяўляецца незалежным знешнім спецыялістам, затым усе звестки правяраюцца і вынікі рэйтынгу зацвярджаюцца калегіяльна Камітэтам з ліку незалежных беларускіх і міжнародных экспертаў.

Упершыню вынікі рэйтынгу даследчых цэнтраў Беларусі былі прадстаўлены 1 кастрычніка 2015 г. у рамках штогадовага Кангрэса даследчыкаў Беларусі ў Каўнасе (Літва).

Даведка. Беларуская даследчая Рада (Belarusian Research Council) – гэта сетка аналітычных цэнтраў, даследчых арганізацый і донараў, якія падтрымліваюць даследчыя праекты ў Беларусі. Рада была ініцыявана міжнароднай некамерцыйнай арганізацыяй Pact у маі 2012 г. з мэтай паляпшэння каардынацыі ўсіх зацікаўленых бакоў, а таксама павышэння якасці, даступнасці матэрыялаў даследаванняў і больш эфектыўнага выкарыстання наяўных дадзеных. У рамках Рады даследчыкі атрымоўваюць адукацыйныя магчымасці для свайго прафесійнага развіцця, збіраецца база даследаванняў па Беларусі, арганізуюцца дыскусіі «Што думаюць беларусы», праводзіцца рэйтынг даследчых цэнтраў і г.д.