“Адмовімся ад іранцаў на карысць кітайцаў”(с). Выпадкавае даследаванне беларуска-іранскіх стасункаў у 1993-2012 гг.

Адносіны з Іранам падаюцца беларускім кіраўніцтвам як важны напрамак міжнародных зносінаў краіны. Разам з тым, гучная рыторыка беларускага ўрада мала звязаная з канкрэтнымі вынікамі супрацоўніцтва. Гэтаксама мала звязаныя з канкрэтнымі вынікамі спробы пэўных палітычных колаў у Беларусі падаць адносіны з Іранам як небяспечны крок у міжнароднай палітыцы.
Гучныя кан’юнктурныя заявы, а таксама некрытычная ідэалагічная перадузятасць і з боку беларускай улады, і з боку апазіцыі моцна пашкодзілі самой ідэі супрацы з краінамі, якія развіваюцца, і ў прыватнасці з Іранам.
Для супрацоўніцтва існуюць аб’ектыўныя перадумовы. Па-першае, геаграфічна краіны даволі блізкія адна да адной, а адлегласць паміж Беларуссю і Іранам прыблізна роўная адлегласці паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй. Па-другое, Беларусі ёсць што прапанаваць Ірану ў тэхналагічнай галіне, а таксама ў межах гандлёвага абмену.
У сваю чаргу, Іран можа не толькі стаць крыніцай інвестыцыяў, але і пакласці канец нафтагазавай манаполіі Расіі ва Усходняй Еўропе. Гэта магчыма цягам не больш як 8—10 гадоў пры ўмове зняцця амерыканскіх санкцыяў за супрацу з Іранам. Варта нагадаць, што газаправодная сетка Ірана яшчэ ў часы шаха была дацягнутая да Азербайджана, а вядомы нафтаправод «Адэса—Броды» адпачатку быў задуманы для паставак якраз блізкаўсходняй нафты. Вядома, мелася на ўвазе паўночнаіракская нафта, але геаграфічна гэта не вельмі вялікая розніца.
Зрэшты, гэтыя патэнцыйныя магчымасці вымагаюць усведамлення беларускімі элітамі нацыянальных інтарэсаў краіны, экспертнай базы і стварэння адпаведнай інфраструктуры ажыццяўлення знешняй палітыкі. Ва ўмовах санкцыяў гэта азначае неабходнасць выпрацоўкі стратэгіяў прасоўвання праектаў без правакавання ЗША і Ізраіля, напрыклад, шляхам пазбягання гучнай і ваяўнічай рыторыкі, якой беларускія афіцыйныя асобы суправаджаюць беларуска-іранскія праекты. Праблемай з’яўляюцца не міжнародныя санкцыі ААН, а, перш за ўсё, амерыканскія санкцыі, якія фактычна могуць выкарыстоўвацца для спынення любых праектаў супрацоўніцтва.

Тэкст даследавання ў фармаце pdf