Беларускі знешнепалітычны індэкс № 11 (лістапад–снежань 2012 г.)

Друкаваная версіяPDF версія

BISS прадстащляе чарговы выпуск Беларускага знешнепалітычнага індэкса, у якім аналізуюцца пяць накірункаў знешняй палітыкі Беларусі ў лістападзе–снежні 2012 г.

Паколькі гэты выпуск з’яўляецца выніковым за 2012 г., таму аналітыкі BISS, з аднаго боку, ацанілі знешнепалітычныя вектары ў іх гадавой дынаміцы, а з другога – зрабілі  прагноз знешняй палітыкі Беларусі на 2013 год.

Асноўныя высновы 

У беларуска-расійскіх адносінах працягваецца пошук кампраміснай мадэлі адносін, якая дазволіла б Расіі скараціць субсідаванне беларускай эканомікі пры захаванні безумоўнага палітычнага ўплыву на Беларусь, а таксама пры паўнавартасным удзеле Мінска ў праекце Еўразійскага саюза і пры пранікненні расійскага капіталу. На еўрапейскім напрамку, нягледзячы на «замарожаныя» палітычныя адносіны, назіралася пэўная актывізацыя кантактаў на ўзроўні Міністэрства замежных спраў і іншых дзяржаўных ведамстваў, аднак гэтая тэндэнцыя пакуль не прывяла да паляпшэння палітычных адносін. Пашырылася пранікненне Кітая ў беларускую эканоміку, у тым ліку, у фінансавы сектар. Кітай паступова займае месца Еўрасаюза ў «палітыцы лавіравання» афіцыйнага Мінска. На Блізкім Усходзе Беларусь канчаткова ссоўвае свае прыярытэты ў бок багатых кансерватыўных манархій. У палітычнай плоскасці двухбаковыя беларуска-украінскія адносіны дэ-факта засталіся замарожанымі. Няма ніякіх зрухаў у пытанні вырашэння праблемы ўкраінскага дзярждоўгу Беларусі і завяршэння працэсу ратыфікацыі Дамовы аб мяжы.

Прагнозы на 2013 г.

Захаваецца закулісная напружанасць у адносінах Беларусі і Расіі. Расія паспрабуе скараціць эканамічную падтрымку Беларусі, аднак гэта скарачэнне, у рэшце рэшт, будзе насіць дастаткова сімвалічны характар. Перакрыцце адных каналаў субсідавання будзе кампенсавана адкрыццём новых.

МЗС Беларусі будзе працягваць сваю працу па наладжванні адносін з партнёрамі з ЕС. Але калі палітычныя зняволеныя не будуць вызваленыя, то развіццё адносін Беларусі і ЕС у 2013 г. будзе нагадваць 2012 год. Спробы збліжэння будуць чаргавацца з узаемнай крытыкай і, магчыма, новымі скандаламі.

Кітай працягне ўмеранае крэдытаванне беларускай эканомікі на выгадных для сябе ўмовах, каб гарантаваць замацаванне ў цікавых для сябе сферах эканомікі. У канцы 2013 г., верагодна, можна чакаць пэўнага астуджэння беларуска-кітайскіх адносін.

У выпадку змянення ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Венесуэле (што верагодна ў сувязі з пагаршэннем здароўя прэзідэнта Чавеса), адносіны могуць аслабнуць не толькі з гэтай краінай, але і з некаторымі іншымі дзяржавамі рэгіёну, кантакты з якімі Беларусь наладжвала з дапамогай Венесуэлы. У 2013 г. кантакты з новымі партнёрамі – Індыяй, Бангладэш, Інданезіяй і Малайзіяй – маюць нядрэнныя шанцы стаць асновай для ўдалых праектаў.

Беларуска-украінскія адносіны стабілізуюцца на цяперашнім спакойна-прахалодным узроўні. Аднак змены ва ўкраінскім урадзе і дыпкорпусе могуць негатыўным чынам паўплываць на двухбаковыя адносіны і стаць прычынай нечаканых канфліктаў.

Чытайце тэкст маніторынга ў фармаце pdf