Артыкул Стэфана Малерыюса да гадавіны смерці Віталя Сіліцкага.
Віталь Сіліцкі быў адначасова цвярозым навукоўцам і вельмі эмацыйным і адданым прыхільнікам дэмакратыі. І інтэлектуальна, і маральна ён быў адным з найбольш чуллівых людзей, якіх я ведаў. Калі мы выпадкова сустрэліся на Кастрычніцкай плошчы 19 снежня 2010, Віталь, відавочна, быў апантаны палітычным момантам і маленькай, але надзеяй, што ў яго краіне могуць адбыцца змены да лепшага. Якім жа глыбокім было ягонае расчараванне на наступны дзень, пасля жудаснай ночы палявання на вядзьмарак і абсалютнага знішчэння ўсяго, на што Віталь спадзяваўся і дзеля чаго працаваў.
Дэмакратычная, незалежная і еўрапейская – такой Віталь бачыў Беларусь, краіну, якую ён любіў. Гэта была станоўчая апантанасць, якая прымушала яго без стомы пісаць свае аналізы і артыкулы ў аўтобусах, начных цягніках і ў аэрапортах, падчас пераездаў з канферэнцый на семінары, з воркшопаў на брыфінгі, як рэгіянальныя, так і міжнародныя. Віталь быў дасканалым і адданым, і ў той жа час дзейнічаў дакладна і наўмысна. Ён сышоў з жыцця тады, калі больш за ўсё быў патрэбным краіне. Сёння, па прашэсці года пасля яго смерці, відавочна, што пустэча, якая засталася пасля яго ў Беларусі і ў Еўропе, усё яшчэ балюча зеўрае. І гэта справа кожнага з нас – запоўніць яе праз ушанаванне памяці Віталёвай спадчыны і падтрымку ягонай місіі і ідэй.
Называючы Беларусь апошняй дыктатурай Еўропы, заходнія журналісты і палітыкі памятаюць, што ў адрозненні ад многіх іншых аўтарытарных лідэраў посткамуністычнага свету, Лукашэнка здолеў не толькі перажыць хваляванні 2003-2005 гадоў з усімі каляровымі рэвалюцыямі, але і мясцовы і глабальны эканамічны фінансавы крызіс. Паколькі Лукашэнка сёння знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта даўжэй за ўсіх на еўрапейскай пост-савецкай прасторы, толькі за рэдкім выключэннем гэты феномен тлумачаць інакш, як дыктатура. У сваёй працы “Выпярэджваючы дэмакратыю: выпадак Беларусі”[1] Віталь Сіліцкі прапануе адзін з найбольш трапных аналізаў сістэмы Лукашэнкі. Ідэя выпярэджвання падаецца вельмі пасуючай да логікі, на якой базуецца гэты загадкавы рэжым. У той жа час, гэты тэкст дэманструе глыбокае разуменне Сіліцкім аўтарытарных рэжымаў агулам і сістэмы Лукашэнкі ў прыватнасці. Ідэя Сіліцкага аб прэвентыўным аўтарытарызме, якая базуецца на досведзе першай дэкады кіравання Лукашэнкі, усё яшчэ актуальная ў 2012. Мяркую, Сіліцкі і сам быў вельмі засмучаны, калі прыйшоў да высновы, што папярэджванне можа разглядацца як механізм бясконцага кіравання Лукашэнкі:
“Выпярэджванне служыць як інструмент падтрымання як стабільнасці аўтарытарнага кіравання, так і вобраза Лукашэнкі як усенародна абранага лідэра. Падчас рэферэндума 1996, калі бескантрольная прэзідэнцкая ўлада была фармалізаваная, Лукашэнка быў вельмі папулярным, і без сумневу, здольным перамагчы апазіцыю ў сумленным змаганні. Лукашэнкаўская прывентыўная палітыка змяніла правілы і заклала асновы бясконцага кіравання яшчэ да таго, як аўтакраты пачылі губляць папулярнасць”.
Дадатковая вартасць падыхода Сіліцкага ў тым, што ён выводзіць прэвенцыю не як абстрактную тэорыю, а складае яе з вельмі дакладнага і комплекснага апісання таго, як гэты метад быў ужыты ў рэчаіснасці: пачынаючы з высвятлення функцыі канстытуцыйных рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў, якія прывялі да канчатковай інстытуцыяналізацыі персаналісцкай улады ў Беларусі, “ліквідавалі любую значную палітычную канкурэнцыю і выцеснілі апазыцыю з працэсу прыняцца рашэнняў” – да вельмі падрабязнага апісання таго, як Лукашэнка ўзяў кантроль над сацыяльным плюралізмам, які ўсё яшчэ існаваў да 2002/2003 гадоў. Закрыццё ці прымусовая самаліквідацыя недзяржаўных арганізацый, ціск на незалежную прэсу, абсалютная ідэалагізацыя сістэмы адукацыі, пакаранне свабоднага і незалежнага мастацкага мыслення і ўвядзенне абавязковай аднагадовай кантрактнай сістэмы для бюджэтнікаў. Пры вызначэнні таго, якім чынам лукашэнкаўская сістэма працуе, становіцца зразумелым, што выпярэджванне ў разуменні Сіліцкага не столькі механічны інструмент абароны ўласнай улады альбо забеспячэння аўтарытарнага кіравання, колькі сталы і даволі складаны комплексны аналіз сацыяльных, унутрыпалітычных і міжнародных пераўтварэнняў, здзейсненых рэжымам і падмацаваных далейшым удасканаленнем захадаў, якія маглі б прадухіліць і змякчыць патэнцыйны негатыўны ўплыў на кіроўчую эліту:
“Выпярэджванне накіраванае на палітычныя партыі і гульцоў, якія яшчэ не набралі моцы. Яно выдаляе з палітычнай арэны нават тых апазіцыйных лідэраў, якія наўрад ці ўяўляюць сур’ёзную небяспеку на наступных выбарах. Яно атакуе незалежныя выданні, нават калі тыя дасягаюць толькі маленькія сегменты грамадства. Яно разбурае арганізацыі грамадзянскай супольнасці, нават калі тыя сканцэнтраваныя ў вузкіх колах гарадской субкультуры.”
Паказальна, што механізм, які апісвае Сіліцкі, абапіраецца не толькі на канкрэтны перыяд кіравання Лукашэнкі, і не завязаны на ўвядзенне, кансалідацыю ці захаванне ягонага аўтарытарнага рэжыму. Большасць папераджальных захадаў былі паспяхова ўжытыя Лукашэнкам і пасля 19 снежня 2010. Закрыццё НДА ў 2003/2004, прыкладам, адбілася на арышце Алеся Беляцкага і спробе ліквідаваць праваабарончыя арганізацыі, якія аказвалі найбольш эфектыўную падтрымку рэпрэсаваным пасля падзеяў 2010 года. Ціск на незалежныя медыі ў сярэдзіне 2000-х эквівалентны закрыццю “Аўтарадыё” ў студзені 2011. Увесну 2011 г. улады вярнуліся да “чорных спісаў” беларускіх музыкаў, якім забараняецца граць альбо круціць свае кампазіцыі па радыё. Такія ж спісы існавалі і да 2008 года.
Выпярэджваць дэмакратыю значыць, паводле Сіліцкага, не проста кантраляваць і арганізоўваць унутранае жыццё краіны[2], але і рэагаваць на вонкавыя падзеі. Варта ўвагі тое, як дакладна Сіліцкі дэманструе, якім чынам рэжым Лукашэнкі падладоўваецца пад знешнія падзеі і іх магчымы ўплыў на сітуацыю ў Беларусі. З досведу сербскай рэвалюцыі Лукашэнка зразумеў, што трэба быць вельмі асцярожным з уласным акружэннем і караць любую (нават патэнцыйныю) апазыцыю ўнутры рэжыму. Гэта амаль класічны выпадак папярэджвання. І калі ўзгадаць незлічоныя прыклады прыхільнікаў, якіх то прызначалі, то здымалі з пасады, ад Навумава да Куляшова, зразумела, што адна з асноўных рысаў Лукашэнкі ўсё яшчэ ўласцівая яму і сёння...
Другі ўрок, які Лукашэнка вынес з падзення Мілошавіча, тычыцца назірання за выбарамі. Сіліцкі апісвае ўвесь арсенал маніпулятыўных механізмаў, якія фактычна выключаюць любую канкурэнцыю на прэзідэнцкіх выбарах 2001:
“Улады […] забаранілі экзіт-полы, […] зноўку быў ужыты […] механізм датэрміновага галасавання, […] у камісіі не ўключылі аніводнага прадстаўніка апазіцыі, падчас падліку галасоў назіральнікам было бачна толькі спіны тых, хто падлічваў, […] выбарчае права не ўтрымлівала дастатковых нормаў для забеспячэння чэснага галасавання”. Больш за тое, у лютым 2006 актывістаў “Партнёрства”, якія жадалі арганізаваць сетку незалежных назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах, арыштавалі і асудзілі на тэрміны. Зноўку спрацаваў лукашэнкаўскі прэвентыўны метад. Ні разу пасля ліквідацыі “Партнёрства” нікому ўнутры краіны не ўдавалася пабудаваць эфектыўную кампанію па назіранні.
Па ўзоры Сербіі 2001 года, Сіліцкі інтэрпрэтуе і ўкраінскія выбары 2004 з перспектывы лукашэнкаўскай прэвентыўнай стратэгіі. У раздзеле “Супрацьдзеянне памаранчавай рэвалюцыі” Сіліцкі апісвае, як падзеі ва Украіне дапамаглі Лукашэнку працягнуць і падладкаваць сваю тады ўжо дзесяцігадовую прэвентыўную палітыку. Асабліва адзін аспект, на які Сіліцкі звяртае ўвагу, і які быў хутчэй за ўсё ўдасканалены з улікам падзеяў у суседняй Украіне, меў скрайне важнае значэнне ў снежні 2010 і цягам месяцаў рэпрэсіяў, якія за ім паследавалі:
“Адразу пасля Памаранчавай рэвалюцыі і пры падрыхтоўцы да выбараў 2006 году, Лукашэнка ўжыў новыя прэвентыўныя меры […]: выкарыстанне новых тактык міліцыяй пры разгоне дробных дэманстрацыяў напачатку 2005 году сведчала, што ворганы бяспекі былі спецыяльна натрэніраваныя для разгону вулічных пратэстаў на самай іх ранняй стадыі.”
Менавіта ўмацаванне ворганаў бяспекі і асаблівая роля Шэймана, які быў прызначаны ў 2004 кіраўніком прэзідэнцкай адміністрацыі, адыграла сваю ролю ў “выключэнні магчымасці ўзнікнення ў Беларусі хоць чагосьці кшталту Памаранчавай рэвалюцыі”.
І найбольш займальная частка гэтага вельмі лаканічнага артыкула – кароткі агляд Сіліцкім выпадку Расіі, дзе ён заўважыў “падобныя прэвентыўныя элементы”, як і ў Беларусі. І хаця прыклады, якія ён прыводзіць: абыходжанне Пуціна з незалежнымі медыямі, перафармаванне верхняй палаты парламента і новыя выбарчыя правілы, якія дыскрымінуюць непраўладныя партыі, хутчэй гучаць як намёкі, а не грунтоўнае параўнанне, сама па сабе ідэя вельмі трапная. І хаця прадказанне Сіліцкага, што Пуцін мае намер “пайсці шляхам Лукашэнкі і працягнуць сваё знаходжанне на пасадзе па сканчэнні свайго другога тэрміну ў 2008 годзе” не спраўдзілася, сама ідэя Беларусі як лабараторыі для іншых аўтарытарных краінаў, у прыватнасці, Расіі, заслугоўвае больш дасканалага аналізу.
Такім чынам, апісваючы развіццё падзеяў у Беларусі ад моманту, калі Лукашэнка атрымаў уладу ў 1994 годзе і да 2005, мадэль прэвенцыі, прапанаваная ў ягоным артыкуле, бадай, ёсць асноўным прынцыпам, што дагэтуль забяспечвае функцыянаванне лукашэнкаўскай сістэмы.
Яшчэ адна перавага – Сіліцкі не спекулюе намерамі Лукашэнкі заставацца прэзідэнтам, а даследуе шлях, якім у яго атрымліваецца заставацца на пасадзе два дзесяцігоддзі.
“Выпярэджванне мае велізарнейшы псіхалагічны ўплыў як на палітычную, так і на грамадскую апазіцыю. Такія сістэматызаваныя рэпрэсіі селяць у ёй пачуццё бездапаможнасці і ствараюць адчуванне, што палітычных зменаў не дамагчыся.”
Гэтыя факты не здзіўляюць, яны нават чаканыя да пэўнай ступені. Сіліцкі тлумачыць, чаму яны маюць месца, і якая логіка рэжыма стаіць за імі.
Сіліцкі быў аналітыкам, навукоўцам – і нягледзячы на тое, што заўсёды пагаджаўся даць параду ці пракансультаваць, ён не з’яўляўся “паліт-тэхнолагам”. Гэта стала і ўсё яшчэ з’яўляецца адной з трагедыяў Беларусі – не знайшлося побач кагосьці, хто быў бы здольны пераўтварыць выбітны аналіз Сіліцкага ў канкрэтную стратэгію, якая стала б сур’ёзным выпрабаваннем для Лукашэнкі. Гэта дэманструе ўнікальнасць Сіліцкага, але ў той жа час выкрывае, чаму – пры ўсіх прэвентыўных захадах Лукашэнкі – не было ані шанцу для росту якойсьці надзейнай і бачнай дэмакратычнай альтэрнатывы ў Беларусі.
Апублікавана ў Belarus Headlines, нумар IX, ліпень 2012
Спампаваць выпуск цалкам
[1] Vitali Silitski, Preempting Democracy: The Case of Belarus, in: Journal of Democracy, 16 (2005) 4, S. 83-97. http://muse.jhu.edu/journals/jod/summary/v016/16.4silitski.html(29.05.2012).
[2] У 2008/2009 гг. Сіліцкі кірваў праектам па аналізу сацыяльных кантрактаў паміж рэжымам Лукашэнкі і рознымі слаямі грамадзтва Беларусі.