VI. BISS-АДУКАЦЫЯ

км

У адукацыйнай сферы прыярытэтам BISS з'яўляецца прасоўванне крытычнага мыслення.

Крытычнае мысленне можна акрэсліць як сукупнасць ведаў і навыкаў па рацыянальнай перапрацоўцы інфармацыі. Прыкладамі такіх ведаў і навыкаў з'яўляюцца: адрозніванне фактаў і меркаваннняў, выбудоўванне аргументацыйных стратэгій, распазнаванне псеўдааргументацыйных прыёмаў, інтэрпрэтацыя чужых выказванняў, выясненне фактаў і інш.

У аналітычнай запісцы Крытычнае мысленне значыць бізнэс (2013) эксперты з «TalentLens» канстатавалі ключавую важнасць крытычнага мыслення ў бізнэсе і прагназавалі, што ў будучым яна будзе яшчэ больш ўзрастаць. Крытычнае мысленне мае таксама ключавое значэнне ў многіх іншых сферах: адукацыя, акадэмічныя і экспертныя даследаванні, законатворства, законапрымяненне, мэнэджмэнт, медыя-пісьменнасць, ІТ, крыміналістыка, медыцына (спіс няпоўны).

У Беларусі крытычнае мысленне – і як элемент культуры, і як элемент адукацыі – знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні. Па вялікім рахунку, гэта ўсцяж для Беларусі terra incognita: мала хто ўвогуле ведае, што хаваецца за зваротам «крытычнае мысленне» і якія яго інтэлектуальныя вытокі. Адны асацыююць гэта з крытычнымі тэорыямі, іншыя – з барацьбой з аўтарытарызмам, яшчэ іншыя ўспрымаюць гэта выключна як эфектны слоган без яснага зместу. У адукацыйнай прасторы Беларусі, як дзяржаўнай, так і недзяржаўнай (уключаючы ЕГУ), крытычнае мысленне адсутнічае як прадмет навучання. Няма ў Беларусі ніводнага падручніка па крытычным мысленні.

Напрыканцы 2018 года ў партнёрстве з Цэнтрам Астрагорскага BISS правёў даследаванне па праблеме плагіяту сярод беларускіх студэнтаў. Было выяўлена, што распаўсюджанасць плагіяту сягае ажно 74% і уключае ўсе віды, спасярод якіх кампіляцыя і копіпаст найбольш папулярныя. Гэта вельмі трывожныя паказнікі. На думку як аўтараў даследавання, так і шэрагу ўдзельнікаў апытання, праводжанага ў межах гэтай працы, адным з найважнейшых фактараў паўсюднасці плагіяту ёсць слабасць навыкаў крытычнага мыслення. Студэнты часцяком прыбягаюць да плагіяту таму, што ім не стае інструментаў па перапрацоўцы інфармацыі, патрэбных у ходзе напісання пісьмовых прац.

Звернем увагу яшчэ на адзін феномен. Як вынікае з індэксаў Varieties of Democracy і Bertelsmann Transformation Index, у Беларусі самы горшы з усіх краін Еўропы паказнік дэлібэратыўнай культуры. У прыватнасці, тут нізкі ўзровень «аргументаванага абгрунтавання» і зусім кепска з «павагай да контраргументаў». Нічога дзіўнага, што паказнік «будавання кансэнсусу» таксама вельмі нізкі1. Улічваючы, што дэлібэрацыя і будаванне кансэнсусу – гэта ключавы элемент адкрытага грамадства, наяўны стан рэчаў вельмі насцярожвае. Нават калі наступіць лібералізацыя выбарчага працэсу, адсутнасць навыкаў аргументаванай дыскусіі не дазволіць нам перайсці да ліберальнай дэмакратыі. Ключавым жа фактарам павышэння дэлібэратыўнай культуры з'яўляецца крытычнае мысленне.

З улікам вышэй названых праблем і выклікаў нічога дзіўнага, што прасоўванне крытычнага мыслення BISS успрымае як адзін з найважнейшых прыярытэтаў на найбліжэйшыя 5-10 гадоў. Мы з задавальненнем канстатуем, што ў сферы грамадзянскай супольнасці ўжо існуюць арганізацыі і рухі, якія разумеюць важнасць крытычнага мыслення і ў межах сваіх магчымасцяў спрабуюць прасоўваць яго ў межах адукацыйных і медыйных праектаў. Вітаем таксама згадку пра важнасць крытычнага мыслення ў новым праекце Кодэксу аб адукацыі РБ, што стала магчымым перадусім дзякуючы рупнасці актывістаў Таварыства беларускай школы.

Для таго, аднак, каб крытычнае мысленне стала стратэгічнай ініцыятывай, яно мусіць быць «падключана» да інтэлектуальных традыцый і навуковых дысцыплін, унутры якіх яно паўстала і працягвае фармавацца: аналітычная філасофія, дэлібэратыўная дэмакратыя, тэорыя аргументацыі, тэорыя камунікацыі і інш. Без гэтага «падключэння» любыя адукацыйныя ініцыятывы па крытычным мысленні вельмі хутка «выдыхаюцца». Паколькі каманда BISS валодае адпаведным акадэмічным і экспертным патэнцыялам у абшары крытычнага мыслення, мы ставім сваёй мэтай не толькі «адукоўванне ў навыках», але таксама «адукоўванне ў асновах». Разлічваем на тое, што ўсе асобы і арганізацыі, як з дзяржаўнага, так і недзяржаўнага сектара, зацікаўленыя тэмай, будуць адкрыты на супрацу з BISS па запуску і рэалізацыі гэтага стратэгічнага адукацыйнага праекта.

1 Гл. У чым Беларусь пераўзыходзіць заходнія краіны, а ў чым – адстае ад афрыканскіх? Беларусь праз прызму міжнародных рэйтынгаў // «Аналітычны агляд BISS # 1», 11 сакавіка 2019 г.

Адобрана Радай BISS у красавіку 2019 года