Умяшанне Расіі?

зялёны

photo: Reuters

Шмат каго хвалюе расейскі фактар. Нават пажылыя спадарыні, што прыходзілі ўчора на ланцуг салідарнасці, з занепакаеннем пыталі мяне, ці Расея не ўмяшаецца. Некаторыя эксперты - бачыў - пачалі скланяць слова "Сірыя" ў гэтым кантэксце...

Што ж, пачнем з таго, што нулявых рызыкаў ніколі не бывае. Так, рызыка ўмяшання Расіі ёсць. Пытанне ў іншым: наколькі яно высокае?

Яно невысокае. Па-першае,

беларусы паўсталі супраць рэжыму не на хвалі антырасейскіх, пра-заходніх ці нацыяналістычных памкненняў, а ў адказ на беспардонныя фальсіфікацыі.

Беларускае грамадства надалей застаецца ў значнай ступені еўраскептычным і прыязным да Расеі. Само па сабе гэта можа быць прыкра для празаходніх актывістаў, але ў кантэксце рызыкаў інтэрвенцыі гэта акурат станоўчы момант (зніжае такое рызыка).

Па-другое, у выпадку адстаўкі Лукашэнкі найбольш імаверны пераможца (ці пасля паўгадовай паўзы, ці непасрэдна) - Віктар Бабарыка. Што ж, у крамлёўскіх аналітыкаў ёсць некаторыя апасенні наконт Бабарыкі - у тым плане, што гэтым чалавекам складана было б кіраваць і што ў яго атачэнні з'явяцца пра-заходнікі. Але ўсе ведаюць, што ні пры якім раскладзе Бабарыку не западозрыш у антырасейскасці. І ўжо тым больш не назавеш яго "агалцелым нацыяналістам".

Іншыя імаверныя сцэнары - перамога Цапкалы або Сяргея Ціханоўскага - таксама не выклікаюць у Крамля асаблівых апасенняў.

Калі ў 2004-ым Крэмль "пракаўтнуў" перамогу Юшчанкі (наскрозь празаходняга), то змірыцца з прыходам Бабарыкі, Цапкалы або Ціханоўскага ў яго не павінна выклікаць праблем.

Па-трэцяе, Лукашэнка апошнім часам проста нахальна гуляе на антырасейскіх сентыментах. Ну, крамлёўцы яго добра ведаюць, і ў курсе таго, што ўсё гэта - гульня, што гэтым чынам бацька вырашае праблемы з унутранай апазіцыяй. І да той пары, пакуль гэта апазіцыя насіла прыкметы нацыяналістычнай і празаходняй, цярпенне Крамля было апраўданым: баця пагуляе і зноў прыпаўзе.

Але цяпер сітуацыя іншая:

асноўныя апаненты Лукашэнкі (хоць у прыхільнасці да ідэі незалежнасці не прыходзіцца сумнявацца) прыязна настроеныя да Расіі, не маюць празаходніх памкненняў і не выводзяцца з нацыяналістычнага лагера.

Па-чацвертае, як паказваюць сацыялагічныя апытанні, большасць расіян не падтрымліваюць ідэю якой-кольвечы інкарпарацыі Беларусі (ні мірнай, ні тым больш узброенай). Апроч таго, расце крытыцызм адносна "подзвігаў" Расеі на ўкраінскім напрамку. Чарговая аванцюра кшталту грубага ўмяшання Крамля ў разборкі паміж Лукашэнкам і беларускім народам нясе больш рызыкаў, чым дывідэндаў.

Разгледзім цяпер два магчымыя контраргументы (то бок аргументы за тым, што Расія брутальна ўмяшаецца).

1. Аўтарытарны інтэрнацыянал. Так, ёсць нешта такое, як салідарнасць аўтарытарных кіраўнікоў. Ён можа гуляць нейкую ролю, але я б не пераацэньваў яго сілу. Вось ужо дзесяць год Крэмль нармальна суіснуе з неаўтарытарным Кыргызстанам і зусім не шкадуе, што ў 2010 не падтрымаў аўтакрата Бакіева.

2. Спакуса выкарыстаць беспрэцэдэнтную слабасць Лукашэнкі, каб прымусіць яго ўзамен за падтрымку прадаць у Беларусі ўсё, што Крэмль папросіць. Што ж, гэта рэальная крыніца рызыкі, прычым яе складана ацаніць з-за таго, што яна завязана на ірацыянальных фактарах: страх (з боку Лукашэнкі) і жаднасць (з боку Крамля).

Якія яшчэ фактары тут хутчэй за ўсё будуць уздзейнічаць:

(а) імаверна, што Лукашэнка паставіць сабе пытанне: А што потым? Распрадам Беларусь - і буду непатрэбны ні Расіі, ні народу. Праблема,аднак, у тым, што Лукашэнку не ўласціва мысліць у катэгорыях "Што пазней". Ён - майстар тактыкі, не стратэгіі. Яго крэда: выбраць опцыю, якая найлепшая цяпер, а пазней будзем глядзець па ходу.

(б) Крэмль, імаверна, улічыць, што брутальнае ўмяшанне азначае канфлікт з большай часткай беларускага грамадства.

Карацей кажучы, пытанне зводзіцца да таго, наколькі рацыянальна будуць паводзіць сябе акторы.

Падагульняючы:

А. Найбольш імаверны сцэнар паводзінаў Крамля: пастаяннае нагадванне Захаду і беларускім элітам, што Беларусь - гэта сфера інтарэсаў Расіі. Гэта будзе рабіццца ў форме дзяжурных фразаў, тыпу: "Умяшанне іншых дзяржаў (чытай: заходніх) у справы Беларусі непрымальнае", "Усякія санкцыі непрымальныя" ітп.

Не трэба баяцца такіх заяў.

Да той пары, пакуль усё круціцца вакол тэмы "Быць ці не быць Лукашэнку", "Быць ці не быць фальсіфікацыям" - няма асаблівай пагрозы.

Іншая справа, калі хтось унясе на парадак дня пытанне "Быць ці не быць у Еўразвязе", "Быць ці не быць у НАТО", або "Быць ці не быць беларускай мове як адзінай афіцыйнай" - вось тады Крэмль захоча актыўна ўдзельнічаць. І, магчыма, брутальна.

Б. У сувязі са сказаным у папярэднім параграфе - мая рэкамендацыя: не спяшаймася з акцэнтаваннем еўраінтэграцыі і беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. І перастаньма тэсціраваць публічных актораў пытаннем "Чый Крым". На гэта ёсць прычыны тактычнага характару.

Увогуле, гэта кепская ідэя - спрабаваць вырашыць усе глабальныя праблемы "адным махам". Задача на найбліжэйшы час - гэта дэмакратыя і верхавенства закону. Так, я разумею, што такая пастаноўка справы адбягае ад прывычнай многім парадыгмы палітычных трансфармацый: нацыянальны ўздым - праеўрапейскасць - дэмакратызацыя як неразлучная трыяда. Але хто сказаў, што прывычныя парадыгмы не трэба пераглядаць?

В. А што наконт "сірыйскага сцэнару", на які намякаюць некаторыя эксперты? Ну, калі пачынаецца нават найменшы ўзброены канфлікт, то заўсёды знойдуцца такія, якія скажуць: "Трэцяя сусветная пачынаецца!" І калі пачынаюцца пратэсты супраць аўтарытарызму, абавязкова мусяць знайсціся такія, хто скажуць: "Другая Сірыя!" "Другі Крым!" "Другі Судан!" Ці ў гэтай краіне ёсць аналаг супрацьстаяння сунітаў і алавітаў, ці ёсць аналаг племянных канфліктаў... - гэта іх мала цікавіць.

Рэч не ў тым, што сірыйскі сцэнар абсалютна немагчымы. Магчыма ўсё, уключна з тым, што на Менск можа ўпасці метэор. Рэч у наступным: якія падставы для яго прагназавання? А падставы вельмі слабыя.