Пратэсты ў Беларусі і Кыргызстане

ф

фота: https://images.csmonitor.com/

Шмат хто натхняецца апошнімі падзеямі ў Кыргызстане. І як тут не натхняцца: сілавікі пераходзяць "на бок народа", пратэстоўцы запарваюць гарбату ў будынку Адміністрацыі прэзідэнта, а з СИЗО пад ціскам пратэстоўцаў выходзяць на свабоду апаненты ўладаў на чале з экс-прэзідэнтам.

І дзеля гэтага дастаткова было аднаразовай 7-10-тысячнай дэманстрацыі. А ў нас, маўляў, адбылося ўжо восем 100-200-тысячных дэманстрацый і...

Вось менавіта: усё залежыць ад таго, што наступіць пасля гэтага трохкроп'я. Перамены могуць быць рознымі.

Уявіце сабе, што на змену прэзідэнцкай манархіі прыходзіць... фармальна дэмакратыя, а ў рэальнасці - вайна кланаў, грамадства жорстка падзелена па рэгіянальным, этнічным ды рэлігійным прызнаку. Няма ўжо ўсемагутнага Лукашэнкі, затое ёсць пяць-шэсць лакальна-магутных фігураў: (для ілюстрацыі) Шэйман, Вакульчык, Тэртэль, Карпянкоў... от, давайце яшчэ Макея сюды ўпішам. Паміж імі ідзе жорсткая барацьба за ўладу і рэсурсы. Кожны з іх мае сваіх людзей паўсюль: у сілавых структурах, у парламенце, урадзе, у Адміністрацыі прэзідэнта і, канешне, у бізнес-колах.

Наўпростыя фальсіфікацыі выбараў стала складаней рабіць, але кожная магутная фігура напоўніцу запускае іншыя сродкі: подкуп галасоў, "каруселі" ігд. ігд. Падчас кожных выбараў адзін ці некалькі кланаў застаюцца незадаволенымі. У іх няма праблем з тым, каб арганізаваць 5-тысячную дэманстрацыю (да якой далучацца яшчэ 5 тысяч ідэйных грамадзян). Паколькі кожны з кланаў мае сваіх людзей амаль ва ўсіх дзярж-структурах, няцяжка ажыццявіць "пераход сілавікоў/чыноўнікаў на бок народа". Звергнуць уладу становіцца нашмат лягчэй, але...

Вось менавіта: усё залежыць, ад таго, што месціцца пасля гэтага "але".

Паўторым: перамены бываюць розныя. У Кыргызстане ў 2005 г. зверглі Акаева, у 2010 - зверглі Бакіева. Магчыма, цяпер звергнуць Жээнбекава (на мой погляд, найбольш адэкватнага з усіх кыргызскіх прэзідэнтаў). У 2010 г. усталявалі парламенцкую рэспубліку. Індэкс дэмакратыі вось ужо цягам 10 год нашмат вышэйшы, чым у Беларусі.

Але кланавая сістэма, карупцыя, нізкі эканамічны ўзровень, а таксама этнічныя, рэгіянальныя ды рэлігійныя канфлікты не дазваляюць развівацца чалавечаму патэнцыялу.

Калі такі стан прадоўжыцца яшчэ 5-10 год, то высокая імавернасць таго, што стомлены такой "дэмакратыяй" народ Кыргызстана аддасць перавагу аўтарытарызму.

Пераход да стабільнай дэмакратыі і верхавенства закону заўсёды складаны. Немагчыма прадставіць якуюсь адну-адзіную формулу такога пераходу, але можна ўказаць на фактары, якія спрыяюць і якія не спрыяюць.

Спрыяюць: 1) вера ў сэнс празрыстых правіл (у процівагу ўстаноўкі на супер-героя або харызматычнага лідэра); 2) крытычнае мысленне; 3) культура дыялогу; 4) наяўнасць традыцый мірнага між-рэлігійнага ды між-этнічнага суіснавання; 5) прынамсі адносны матэрыяльны дабрабыт.

Не спрыяюць: 1) устаноўка на харызматызм, патрабаванне гераізму ад сваіх лідэраў (тыповая фраза: "Ён жа ведаў на што ішоў", "Яна ж ведала, на што ішла"); 2) раскол у грамадстве па этнічным, рэлігійным, рэгіянальным і інш. прызнаках + адсутнасць культуры дыялогу; 3) устаноўка выключна на раптоўны рэзультат (дэмакратыя - або цяпер, або ніколі! эканамічны бум - або цяпер, або ніколі!); 4) кровапралітны працэс звяржэння рэжыму.

У Беларусі ёсць шмат перадпасылак для пераходу да стабільнай дэмакратыі - нашмат болей, чым у Кыргызстане.

Няма сумневу, што беларускія пратэсты-2020 - гэта пачатак сістэмных палітычных трансфармацый. А да таго, як яны выбухнулі, як мінімум 10 год адбываліся яскравыя каштоўнасныя трансфармацыі (пра гэта сведчаць дадзеныя Сусветнага агляду каштоўнасцяў).

Беларускія пратэсты адбываюцца не на фоне кланавых, класавых, расавых, этнічных, рэлігійных, пакаленневых ці яшчэ якіх партыкулярных інтарэсаў. Гэта агульнаграмадскі рух, які закрануў літаральна ўсе сегменты грамадства.

Я не схільны да таннага аптымізму, але, маючы за сабой знаёмства з дзясяткамі кейсаў рознага роду перамен, магу сцвердзіць, што беларускі кейс - адзін з найбольш абяцаючых. Не ў плане хуткасці (хоць і гэта нельга выключаць), а ў плане рэзультату. Беларускія перамены адбываюцца па адным з найлепшых сцэнароў.

Адзіны іх мінус на дадзены момант - што яны яшчэ не завершыліся. Гэта спараджае зразумелае напружанне і робіць нас падатлівымі на дэпрэсіўныя параўнанні тыпу: "А вунь у Кыргызстане сілавікі ўжо перайшлі на бок народа..."

Пару слоў наконт тых самых сілавікоў або топ-чынавенства. Іх уяўная маналітнасць шмат каго прыгнятае і засмучае. Многім хацелася б назіраць рэзанансны раскол, напр. армія супраць КГБ, або частка арміі супраць іншай часткі арміі або Макей супраць Галоўчанкі, а Галоўчанка супраць Тэртэля... Ведаеце, шмат дзе перамены суправаджаліся падобнымі расколамі. Але рэдка яны заканчваліся нечым добрым.

Адсутнасць рэзанансных расколаў унутры дзяржструктур/сілавікоў можа азначаць розныя рэчы: 1) што амаль усе яны застаюцца вернымі Лукашэнку; 2) што частка застаецца вернай Лукашэнку, а частка - за перамены, але тыя, хто за перамены, разумеюць, што публічны выступ на гэтым этапе можа скончыцца кровапраліццем, таму аддаюць перавагу непублічным перамовам і не афішуюць свайго супраціву.

На дадзены момант складана адназначна сцвердзіць, ці маем дачыненне з сітуацыяй (1), ці (2). На базе ускосных дадзеных ёсць больш падставаў для (2).

Так ці інакш,

няма шанцаў ізаляваць дзяржструктуры ад пратэстнага руху.

Няма такіх тэхнічных ні прапагандысцкіх спосабаў, каб гэта зрабіць. Нават калі праўдай ёсць (1) (што менш імаверна), то ўсё-роўна дзяржструктуры знаходзяцца і будуць знаходзіцца пад грамадскім уздзеяннем. Дастаткова, калі пратэсты будуць разгортвацца ў цыклічным рытме (пад'ём - спад - пад'ём), чынавенства і сілавікі будуць паступова пераходзіць на бок народа - спачатку ментальна, пазней - адкрыта.

"Але гэта можа быць доўгі працэс!" - скажуць некаторыя. Адкажу цытатай з Талкена: "Short cuts make long delays".