З нагоды 103-яй гадавіны бальшавісцкага перавароту.
Няма такога рэжыму, які з такім піетэтам ставіўся б да бальшавісцкага перавароту (антыканстытуцыйнага1, гвалтоўнага, інспіраванага заходнімі дзяржавамі), як беларускі рэжым. У той жа час гэты ж рэжым упарта і навязліва паўтарае: Любая рэвалюцыя – гэта зло.
«Рэвалюцыя пачынаецца ў галаве» – казаў учора намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч падчас выхаваўча-пацыфікацыйнай сустрэчы са студэнтамі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Гэта, бадай, адзінае, у чым можна пагадзіцца з Казакевічам. Так, рэвалюцыя пачынаецца ў галаве. І – дадамо – пакідае там трывалы след.
Сёння – добрая нагода падумаць, які след у галовах – у спосабе мыслення – пакінуў антыканстытуцыйны пераварот бальшавікоў.
Эканоміка
У маі 1957 года Нікіта Хрушчоў кідае лозунг: «Дагнаць і перагнаць Амерыку!» У звязку з гэтым кіраўнік краіны прапануе за тры гады ў тры разы павялічыць вытворчасць мяса ў краіне. Звернем увагу на аргументацыйную складовую ў прамове Хрушчова:
«Среди экономистов есть скептики, которые не верят в возможности нашего сельского хозяйства утроить производство мяса. Но как они подошли к этому делу? Как водится, взяли карандашик и подсчитали, какой может быть прирост скота и за сколько лет. Товарищи, надо же понимать, какие сейчас силы накопились у советского народа. Это же политическое явление, результат долголетней работы нашей партии…» (пагрубленне дададзена).
Першы сакратар Разанскага абкома КПСС Аляксей Ларыёнаў вырашыў за адзін год патроіць дзяржаўныя нарыхтоўкі мяса. Дзеянні скіраваныя на дасягненне гэтай мэты прывялі да такіх наступстваў:
- забіты ўвесь прыплод за 1959 год, а таксама большая частка малочнага стада;
- было забрана пад распіску ўсё быдла, выгадаванае калгаснікамі ў сваіх прыватных гаспадарках;
- за кошт сродкаў з грамадскіх фондаў арганізаваны куплі быдла ў суседніх абласцях;
- мяса практычна знікла з крамаў гарадоў і сёлаў вобласці;
- пагалоўе, а таксама вытворчасць зярна і вытворчасць і іншых сегментах, рэзка ўпала ў 1960 годзе;
- сам Ларыёнаў, сутыкнуўшыся з крайне цяжкімі наступствамі валюнтарысцкага падыходу да эканомікі, пад канец 60-ага года застрэліўся.
Гэты кейс вядомы пад назвай "Разанскага цуду".
Навука
У 1938 годзе, у выніку бліскучай кампаніі супраць генетыкаў аграном Трафім Лысенка стаў кіраўніком Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя Леніна, якую да гэтага часу ўзначальваў выбітны вучоны Мікалай Вавілаў.
Ужо ў 1939 годзе пачалі адбывацца арышты і расстрэлы. Вавілаў быў арыштаваны, абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і пакараны смерцю (пакаранне, аднак, было заменена на 15 год лагероў). Расстраляны былі такія навукоўцы, як С. Левіт, І. Арол.).
Напрыканцы 40-ых, як піша гісторык марксізму Лешак Калакоўскі, «паводка прапагандыскай літаратуры праслаўляючай Лысенку і неміласэрна бічуючай зламысныя задумкі мендэлістаў-марганістаў заліла ўсю савецкую прасу». Філосафы-дыялектыкі адразу ж далучыліся да акцыі, «арганізуючы ўласныя паседжанні і прымаючы рэзалюцыі супраць буржуазнай генетыкі»2. Яны без асаблівых цяжкасцяў маглі растлумачыць і ўправамоцніць «геніяльныя адкрыцці» Лысенкі з дапамогай сваёй дыялектыкі.
Вось красамоўны прыклад «аргументацыі» лысенкаўцаў – аўтарства А. Дзяржавіна, намесніка дырэктара па навуковай частцы Варашылаўскай дзяржаўнай селекцыйнай станцыі:
"Лица, отстаивающие принципы формальной генетики, не в силах понять гениального указания Ленина о том, что „познание человека не есть… прямая линия, а кривая линия, бесконечно приближающаяся к ряду кругов, к спирали. Любой отрывок, обломок, кусочек в этой кривой линии может быть превращен (односторонне превращен) в самостоятельную, целую, прямую линию, которая (если за деревьями не видеть леса) ведет тогда в болото, в поповщину".3
Толькі ў 1956 годзе, калі ўдалося зняць Лысенку з пасады кіраўніка Акадэміі сельскагаспадарчых навук, савецкая біялогія змагла скінуць ярмо лысенкаўшчыны і паступова вярнуцца ў навуковае рэчышча.
Навука – яшчэ раз
Рэвалюцыйныя ідэолагі ўзяліся таксама за прыхільнікаў тэорыі Эйнштэйна. У 1949 быў выпушчаны зборнік Супраць ідэалізму ў сучаснай фізіцы, дзе былі паддадзены жорскай крытыцы савецкія паслядоўнікі ідэй Альберта Эйнштэйна. Тон і стылістыку савецкіх дыялектыкаў вельмі трапна перадаў цытаваны вышэй Лешак Калакоўскі:
"Эйнштэйн, Эдзінгтан, Гайсенберг, Шродынгер, а таксама ўсе вядомыя метадолагі навукі былі ў вачах дыялектыкаў прадстаўнікамі „буржуазнай” навукі, якая, як вядома, знаходзіцца на стадыі распаду, і поўнасцю аддалася ідэалізму, „паўзучаму эмпірызму” ды „лагічнаму фармалізму”. Да таго ж, ці сам Эйнштэйн не прызнаўся, што першыя ідэі ў абшары тэорыі адноснасці запазычыў ад Маха, чыю клерыкальную філасофію разграміў Ленін?"
Але... Калі Лаўрэнцій Берыя даведаўся, што без квантавай механікі і тэорыі адноснасці не ўдасца стварыць ядравай бомбы, заявіў: «Галоўнае – бомба, а ўсё астатняе – ерунда»4.
Ёсць нешта іранічнае ў тым, што не акадэмічная этыка і не метадалагічныя прынцыпы, а жарснае жаданне савецкага кіраўніцтва займець зброю масавага знішчэння ўратавала адну з галінаў прыродазнаўства.
* * *
Я прывёў тры кейсы з абшару эканомікі і навукі. Можна было б прывесці яшчэ багата кейсаў з абшару адукацыі, палітыкі, мастацтва, літаратуры, заканадаўчай і законапрымяняльнай практыкі, палітыкі... Але прыведзеных кейсаў дастаткова, каб зылюстраваць тое, што рабілася «ў галовах» спадкаемцаў бальшавісцкай рэвалюцыі.
Бальшавісцка-рэвалюцыйная культура пазначана была наступнымі рысамі:
1. Загання сістэма стымулаў. Ірацыянальныя паводзіны, скіраваныя на падтрыманне веры «ў сілы народа», «дух рэвалюцыі» фаварызаваліся, а рацыянальныя паводзіны, скіраваныя на разлік выгадаў і затрат, сустракаліся з негатыўнай стымуляцыяй.
2. Дэфіцыт стратэгічнага мыслення. Стратэгічнае мысленне палягае ў тым, што ясна ўсведамляем доўгатэрміновыя мэты і разлічваем імавернасці наступстваў дзеянняў з пункту гледжання гэтых мэтаў. Кейс «Разанскага цуду» паказвае, што камуністычная вертыкаль, за выключэннем сельскагаспадарчага аддзелу КПСС і асобных эканамістаў, нават не спрабавала задумацца пад рызыкамі і прааналізаваць магчымыя наступствы.
3. Скепсіс адносна аб'ектыўных заканамернасцяў. Лысенкаўшчына – гэта прадукт ігнаравання аб'ектыўнага стану рэчаў, культурнага коду, які прышчапіўся ў галовах расійскай (і не толькі расійскай) інтэлігенцыі задоўга да бальшавісцкага перавароту.
Адным з цэнтральных палажэнняў лысенкаўшчыны было тое, што няма чагось такога, як «субстанцыя спадкавання» і няма «штыўных і нязменных відаў». У звязку з гэтым, казалі лысенкаўцы, навука (асабліва савецкая навука) можа без асаблівых абмежаванняў ператвараць віды і ствараць новыя. Няма аб'ектыўных біялагічных заканамернасцяў, ёсць пралетарскі дух, рэвалюцыйная воля, ад якой у канчатковым плане і залежыць, якіх рэзультатаў мы даможамся.
Кейс Разанскага цуду тут таксама паказальны. Хрушчоў у пралетарскай манеры пасмейваецца з эканамістаў, якія спасылаюцца на заканамернасці: «взяли карандашик и подсчитали». Прыгадайма нашага Леаніда Анфімава, які да нядаўняга часу ўзначальваў Камітэт дзяржаўнага кантролю: «Экономические законы сами по себе — это не законы природы, а положенное на бумагу описание свершившихся фактов и событий, которым люди, прежде всего ученые–экономисты, пытаются придать магические свойства экономической неизбежности»5.
Сіла народа – гэта ўсё, вывучэнне заканамернасцяў – нішто.
4. Падвойнае мысленне. Прыведзеныя вышэй кейсы не ілюструюць гэтага наўпрост, але пры іх больш дакладным аналізе прасочваецца гэтая праблема: «падвойнае мысленне» (double think) і «падвойнае гаварэнне» (double speech). Найяскравей гэта праяўлялася ў законапрымяняльнай практыцы: законы законамі, але калі начальства кажа іначай, то трэба выконваць іх распараджэнні. Або: законы законамі, а нефармальные пагадненні важней.
5. Менеджмент страху. У бальшавісцка-рэвалюцыйнай сістэме кіравання асноўным рухавіком дзейнасці быў не рацыянальны падбор сродкаў да мэтаў, а пазбяганне гневу кіраўніцтва. Гэта можна назваць менеджментам страху.
Асноўны атрыбут менеджменту страху – расплывістасць заканадаўчых актаў і распараджэнняў.
Чым больш расплывістыя правілы, тым больш улады ў таго, хто іх інтэрпрэтуе.
А паколькі інтэрпрэтатарам заўсёды з'яўляюцца дзяржаўныя органы (таксама залежныя ад кантрольна-сілавых структур), то наяўнасць закону мала чым розніцца ад яго адсутнасці.
Расплывістыя правілы могуць быць наўмыснымі, а могуць быць і ненаўмыснымі – вынікаючымі з недахопу кампетэнцый у галіне логікі або юрыспрудэнцыі. Савецкая сістэма не стымулявала павышэння кампетэнцый у гэтых галінах, паколькі ўсталяванне ясных і празрыстых правіл не ўспрымалася ўнутры яе як важны фактар грамадска-эканамічнага або навуковага развіцця.
Выдатным увасабленнем гэтай рысы ў наш час і нашай краіне з'яўляецца прэзідэнцкі Дэкрэт № 7 ад 24 лістапада 2017. Нагадаю, што гэты дэкрэт з'яўляецца часткай «ліберальнага пакета» заканадаўчых актаў, скіраваных на паляпшэнне ўмоў для сярэдняга і малога бізнесу.
Пунт 6 прадугледжвае «ўзмацненне адказнасці кіраўніка» за рознага роду недахопы ў гаспадарчай дзейнасці. Пункт настолькі расплывісты, што ў канчатковым плане ўсё залежыць ад кантрольных органаў, на чыю карысць ён будзе прыменены.
Вусныя ж распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі з'яўляюцца сапраўднай скарбніцай менеджменту страху:
«Из этих помещений сделать дворец!».
«Умри но сделай!»
«Хотите — строем ходите, хотите —берите пистолеты и наводите здесь порядок».
«Президент публично поставил перед народом железобетонно задачу — решить, и точка! Все надо было бросить сюда, чтобы показать, что президент в стране есть, и он управляет страной, если уж на то пошло!»
«Менеджмент страху» – гэта фактар безініцыятыўнасці і бяздум'я. Як прыкмеціў вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук: «Урад глядзіць у рот Лукашэнкі і марыць толькі аб адным – каб не наклікаць ягоны гнеў»6.
* * *
Заганная сістэма стымулаў, дэфіцыт стратэгічнага мыслення, валюнтарызм, падвойнае мысленне і менеджмент страху – усё гэта несумяшчальна з эканамічным, навуковым або грамадска-палітычным развіццём. Тымчасам беларускі рэжым святкуе Дзень (антыканстытуцыйнай) Рэвалюцыі. Робіць гэта на фоне антырэвалюцыйнай рыторыкі, захавання статус кво і «абароны канстытуцыйнага ладу». Робіць гэта, кансервуючы і праслаўляючы культурныя ўстаноўкі, запушчаныя калісьці ворагамі розуму і свабоды – ленінскімі бальшавікамі.
1 У 1906 годзе ў Расійскай імперыі быў прыняты «звод асноўных дзяржаўных законаў», які меў характар канстытуцыйных палажэнняў, хоць не называўся «Канстытуцыяй».
2 Leszek Kołakowski. Główne nurty marksizmu. T. III (Rozkład). Poznań: Zysk i s-ka 2000. С. 165-166.
3 А. Державин. Ленинизм - мощная основа революционной науки, http://oldgazette.ru/pravda/21011939/text4.html
4 А. С. Барсенков, А. И.Вдовин. История России. 1917—2007. Москва: Аспект Пресс 2008. С. 418.
5 Леонид Анфимов. Какими нам быть? «Советская Белоруссия» 22 августа 2018 https://www.sb.by/articles/kakimi-nam-byt.html )
6 Практика без теории - минус $100 млрд. «БелГазета», №9 (1183) 12 марта 2019г. http://www.belgazeta.by/ru/1185/economics/38627/?fbclid=IwAR0XT1Hzlim55P-1Um6zOEPHOmqLgXqkytjLHYudlzGFX90PfvBqIJ44B7Q