Трэба прызнаць, што беларуская аўтакратыя мае ў сабе нешта ўнікальнае. Аўтакратыі апошніх 70 гадоў - гэта або ваенныя хунты, або партыйныя дыктатуры, або абсалютныя манархіі, якія сумарна складаюць каля 80% усіх пасляваенных аўтарытарызмаў.
Наша аўтакратыя належыць да персаналісцкага тыпу, які складае прыблізна 20% пасляваеннных аўтакратый. Але і тут ёсць адхіленне ад нормы: пераважная большасць такіх аўтакратаў маюць сваю партыю, а наш да гэтага часу - не. Такая партыя ёсць у Пуціна, у Назарбаева/Такаева, Рахмона, Аліева... у Чавеса/Мадуры, у Фідэля/Раула Кастраў, у дынастыі Кімаў у Паўночнай Карэі... Хто тут яшчэ на слыху? Вось, нябожчык Мугабе - таксама ж меў сваю партыю.
Карацей кажучы, куды вокам ні павядзі, паўсюль персаналісцкія аўтакраты мелі/маюць свае партыі. Спрабаваў з ліхтаром у руках знайсці менавіта "беспартыйныя" персаналісцкія аўтакратыі. І што ж - знайшоў. За ўвесь пасляваенны перыяд удалося налічыць такіх - ні многа ні мала - 20-25 штук (недаакрэсленасць лічбы звязана з тым, што некаторыя кейсы спараджаюць класіфікацыйныя цяжкасці).
Адсотак невысокі, бо ўсіх аўтарытарных рэжымаў за гэты перыяд было або ёсць больш за паўтысячы.
Характэрнай рысай "беспартыйных" персаналісцкіх аўтакратый з'яўляецца іх кароткі век -
у сярэднім 5-6 гадоў. І тут атрымліваецца адхіленне ад нормы: наша аўтакратыя на дадзены момант налічвае ўжо 26 гадоў.
Узяўшы ў рукі яшчэ большы ліхтар, пачаў шукаць такія аўтакратыі, якія былі б: (1) персаналісцкімі, (2) "беспартыйнымі" і (3) пратрымаліся хаця б 10 гадоў.
За ўвесь пасляваенны перыяд удалося адшукаць усяго толькі пяць такіх кейсаў:
- - рэжым Сукарна ў Інданезіі (17 гадоў),
- - рэжым Кадафі ў Лівіі (42 гады),
- - рэжым Акаева ў Кыргызстане (14 гадоў),
- - паў-аўтакратыя Качарана/Саргсяна ў Арменіі (у суме 20 гадоў),
- - рэжым Лукашэнкі ў Беларусі (26+ гадоў).
Але і ў гэтай малюсенькай групе не ўсё так адназначна. Сукарна быў стваральнікам і ідэолагам Нацыянальнай партыі Інданезіі. Пасля прыходу да ўлады ён то дыстанцаваўся ад яе, то зноў набліжаўся. Таму гэта не ёсць чысты прыклад "беспартыйнай" персаналісцкай аўтакратыі.
Нешта падобнае ў выпадку Качарана/Саргсяна. Іх падтрымлівала наменклатурная Рэспубліканская партыя, хоць функцыянавала ў значнай ступені аўтаномна ад іх.
Акаеў - вось гэта больш цікавы кейс. 12 год яго рэжым праіснаваў без уласнай партыі, але пазней ён і яго акружэнне прыйшло да высновы, што гэта не вельмі добра і трэба ствараць сваю партыю. Стварыў у 2003. Але гэта не памагло: трэшчыны ва ўладных структурах ужо былі глыбокімі, ну а само стварэнне партыі на 12 годзе панавання, калі ты і многія ў тваім акружэнні прывыклі функцыянаваць без партыі - рызыкоўная рэч. Праз два гады Акаева зверглі.
Што застаецца ў сухім астатку? Атрымліваецца, што за ўсю гісторыю пасляваенных аўтакратый, ёсць толькі адзін больш-менш адпаведны аналаг нашай аўтакратыі: джамахірыя Муамара Кадафі. Што праўда, у 70-ыя гады нават ён быў стварыўшы сваю партыю, але пазней ад яе адмовіўся і цягам 30 з лішнім гадоў Лівія была беспартыйнай персаналісцкай аўтакратыяй.
Калі Лукашэнка ў 2000 годзе падчас візіту ў джамахірыю запэўніваў, што ўважліва вывучаў рэвалюцыю Кадафі "па месяцах, па тыднях, па днях", то, хутчэй за ўсё, прыўкрашваў, як тое ён часта робіць. Але няма сумневу, што Кадафі быў і застаецца для яго самога важным пунктам аднясення.
Вось ужо неўзабаве споўніцца 10 год з дня забойства ("распяцця", як кажа Лукашэнка) Кадафі. А разам з яго смерцю памерла і яго мадэль аўтарытарнага кіравання. На дадзены момант
Лукашэнка з'яўляецца літаральна апошнім у свеце персаналісцкім аўтакратам, які трымае кантроль над наменклатурай і грамадствам без уласнай партыі.
Невядома, ці сёлета распадзецца беларуская аўтакратыя, але амаль няма сумневу, што цягам гэтага года скончыцца ў Беларусі эпоха беспартыйнай персаналісцкай аўтакратыі. Што гэта азначае для грамадства, для наменклатуры і для самога рэжыму? Падказку на гэта пытанне дае сам рэжым сваімі дзеяннямі, а дакладней, адсутнасцю некаторых дзеянняў. Больш за 10 гадоў "Белая Русь" так і праіснавала ў якасці "кандыдата на партыю ўлады". Больш як 10 гадоў топ-чыноўнікам так і не ўдалося ўгаварыць Лукашэнку даць дабро на стварэнне партыі ўлады.
Чаму не даваў дабро? Бо гэта азначае змену некаторых прывычак кіравання. Змена прывычак, дый некаторых правілаў кіравання - рызыкоўная рэч. Адна справа - стварыць сваю партыю на 2-ім, 3-ім, хай сабе 5-ым годзе кіравання. І ўсё далейшае кіраванне выбудоўваецца ўнутры гэтага фармату. Але зусім іншая сітуацыя, калі партыя ствараецца на 20-ым, 25-ым ці 27-ым годзе кіравання.
Здавалася б, от, што тут такога: паставіць на чале сваіх лаялістаў, будзе час ад часу "ператрахіваць" і ніякай пагрозы. Не ўсё так проста. Ізаляваныя адно ад аднаго лаялісты - гэта адно. А лаялісты, якія цесна камунікуюць паміж сабой у межах партыйнай дзейнасці, здабываюць вопыт каардынацыі дзеянняў - гэта другое. Не сёння дык заўтра ў такіх лаялістаў могуць з'явіцца свае ўласныя інтарэсы... Кантроль за новай структурай - гэта, зноў жа, дадатковыя выдаткі.
Але ўнутры рэжыму ёсць моцнае ўсведамленне, што без партыі ўлады яны могуць цалкам згубіць кантроль над грамадствам і наменклатурай. І партыя амаль напэўна будзе створана.
Вонкава ўсё гэта выглядае як "анты-перабудова". Але эфект можа можа быць прыблізна такі, што і гарбачоўская перабудова. Драматызм любога аўтарытарызму - што любая рэформа, нават касметычная, можа запусціць некантраляваны каскад пераменаў.