Хто яны?

в

Пару месяцаў таму выдавецтва Оксфардскага ўніверсітэта выдала кнігу пад назвай Ключавыя мысляры радыкальнай правіцы, якія стаяць за новай пагрозай для ліберальнай дэмакратыі. У кнізе вядучыя эксперты па тзв. радыкальнай правіцы прадставілі і апісалі шаснаццаць мысляроў ХХ і ХХІ стагоддзя, якія ўтвараюць інтэлектуальную падаснову для антыліберальнага ўздыму з крайне правых пазіцый.

Радыкальна правыя: назавіце імёны!

Гляньма на поўны спіс рухаў, якія рэдактар кнігі, Марк Сэджвік, трактуе як разнавіднасці «радыкальнай правіцы»: нацыяналісты, ідэнтытарыі, лібертарыянцы, палеакансерватары, нэакансерватары, анты-джыхадысты і неарэакцыянеры. Ці не занадта шырока? Але пакінем праблему дэфініцыі ўбаку.

Аўтары "Ключавых мысляроў радыкальнай правіцы", найвідавочней, вырашылі зламаць дагэтулеші наратыў пра ўздым правых рухаў.

Дамінавала ўяўленне, што правы ўздым – гэта прадукт фрустрацыі і фобій старых ды неадукаваных людзей.

Кніга паказвае, што згаданыя рухі маюць пад сабой доўгую інтэлектуальную традыцыю, а цягам двух апошніх дзесяцігоддзяў займелі саліднае падмацаваннае з боку прадстаўнікоў самай перспектыўнай індустрыі – інфармацыйных тэхналогіяў.

Чатыры з прадстаўленых у кнізе мысляроў – гэта «класікі»: Освальд ШпенглерЭрнст ЮнгерКарл Шміт і Юліюс Эвала. Сем наступных – мысляры, якія здабылі папулярнасць і ўплыў у другой палове ХХ стагоддзя (некаторыя з іх надалей актыўныя): Ален дэ БенуаГіём ФайПол ГотфрыдПат Б'юкэнанДжарэд ТэйларАляксандр Дугін і Бат Еар.

Пяць астатніх – гэта інтэлектуалы новай генерацыі, чые погляды фармаваліся на зломе стагоддзяў і якія займелі ўплыў у палітычных дэбатах цягам дзвюх апошніх дэкадаў. Іх уплыў, хутчэй за ўсё, захаваецца ў  бліжэйшай будучыні. Вось іх імёны: Менцый МолдбагГрэг ДжонсанРычард СпэнсэрДжэк Донаван і Даніель Фрыберг.

У гэтым спісе сем амерыканцаў, тры немцы, два французы, а таксама – па аднаму – італьянец, расіянін, габрэйка ды швед. Пятнаццаць мужчын і адна жанчына.

Левая рука ўсё ж ведае, што робіць правая

Абмяркоўваць кожнага з шаснаццаці мысляроў тут не будзем. Прапаную выбарачна і коратка звярнуць увагу на «класікаў» ды прадстаўнікоў старэйшага пакалення, каб больш увагі прысвяціць новым – і нечаканым – зоркам гэтай плыні.

Спасярод класікаў увагі заслугоўвае Карл Шміт, які прасоўваў адрозненне паміж «станам нармальнасці» (Normalzustand) і «надзвычайным становішчам» (Ausnahmezustand). Надзвычайнае становішча апраўдвае абмежаванне грамадзянскіх свабод і прынцыпаў дэмакратыі дзеля ратавання адзінства дзяржавы-нацыі і яе суверэнітэту. Пры адсутнасці ясных крытэраў, што трэба лічыць такой пагрозай, адкрываецца магчымасць для розных злоўжыванняў (вельмі лёгка спасылацца на яўную або прыдуманую «пагрозу для дзяржавы-нацыі»). Міжваенны перыяд у Еўропе запомніўся сумнавядомым «парадам надзвычайных становішчаў», якія надоўга скампраметавалі ідэю нацыянальнага суверэнітэту, а заадно і нацыянальнай тоеснасці.

З гэтай нагоды варта адзначыць, што Шмітава ідэя «надзвычайнага становішча» мае свой аналаг у левым інтэлектуальным лагеры. У 60-ыя гады вядомы неамарксісцкі інтэлектуал Герберт Маркузэ само існаванне правых сілаў характарызаваў як «яўную і актуальную небяспеку». А гэта, на яго думку, ёсць падставай для адмовы ад талерантнасці і абмежавання права на свабоду слова і сходаў. Такім чынам, паміж «крайняй правіцай» і эмансіпацыйный лявіцай няма сутнаснай розніцы ў плане гатоўнасці абмежаваць свабоды пад прэтэкстам «надзвычайнага становішча» або «крайняй небяспекі».

Перагуканне паміж правым і левым антылібералізмам заўважаюць таксама аўтары абмяркоўванай кнігі. Марк Сэджвік звяртае ўвагу на сваяцтва паміж французскімі новымі правымі і грамшыянскім марксізмам:

«Ідэі Антонія Грамшы, італьянскага неамарксіста міжваеннага перыяду, думка якога была дужа важная для пасляваеннага неамарксізму і Новай Лявіцы, мела таксама вялікае значэнне для французскіх Новых Правых, якія прынялі яго тэзу, што палітычная рэвалюцыя пачынаецца з інтэлектуальнай рэвалюцыі: калі спосаб мыслення людзей пра тыя ці іншыя рэчы мяняецца, то гэта непазбежна вядзе да палітычных і сацыяльных зменаў» (Уступ, стар. хviii).

Сярод «мысляроў радыкальнай правіцы» новай генерацыі фігуруе таксама Джэк Донаван – гомасэксуал, экс-сатаніст, які аддае перавагу гендару перад расавай і этнічнай прыналежнасцю. З 2006 года Донаван вядзе актыўнае грамадскае жыццё. У 2007 годзе стаў святаром Царквы Сатаны, а сатанізм апісваў як «рэлігію зрабі гэта сам у пытаннях асабістай этыкі». У 2009 ён сышоў з царквы. 31 кастрычніка 2015 года Донаван выступіў на штогадовай канферэнцыі Інстытута нацыянальнай палітыкі, кіраванага адным з гуру «альтэрнатыўнай правіцы» Рычардам Спэнсэрам. Падчас канферэнцыі Донаван заклікаў адмовіцца ад універсалістычнай маралі і вызваліць сваё племянное мысленне.

Якім цудам айцішнікі-лібертарыянцы апынуліся сярод «правых радыкалаў»?

Залічванне ШмітаСпэнсэра ці французскіх новых правых да «мысляроў радыкальнай правіцы» не выклікае, бадай, асаблівага здзіўлення. Спатканне Джэка Донавана сярод іх можа трошкі здзівіць, але няцяжка і гэта зразумець. А вось з'яўленне ў гэтым шэрагу такой персоны, як Менцый Молдбаг можа шмат каму падацца вельмі нечаканым.

Менцый Молдбаг (сапраўднае імя: Керціс Ярвін) – гэта інжынер-праграміст, чыё станаўленне як прафесіянала і мысляра адбывалася ў 1980-х і 1990-я гады ў Сіліконавай даліне ў асяроддзі праграмістаў і піянераў інтэрнэту. Палітолаг Джошуа Тэйт апісвае яго так: «(...) малады, секулярны мужчына, здатны да маніпулявання лічбавымі тэхналогіямі для прасоўвання антыпрагрэсіўнага парадку дня».

Антыпрагрэсіўнага? Той жа Тэйт некалькімі старонкамі далей піша:

«[Молдбаг выступае] за аднаполыя шлюбы, талерантнасць да прыватнай рэлігіі, [права на] прыватнае ўжыванне наркотыкаў і супраць законаў, якія дыскрымінуюць па расавай або гендарнай прыкмеце...».

Калі чалавек з такой аджэндай залічваецца да «антыпрагрэсіўных», то што ж тады такое «прагрэсізм»?

Што яшчэ характэрна гэтаму «радыкальна праваму» і «антыпрагрэсіўнаму» мысляру?

Вось жа Молдбаг

«...верыць у секулярную, сузіральную рэальнасць, якую можна спасцігнуць розумам; а яго асноўная прэтэнзія да прагрэсізму палягае ў нібыта скажэнні рэчаіснасці. Ён цвердзіць, што лявіца канструюе фальшывыя веды, якія зацямняюць сапраўдную рэчаіснасць».

Што ж, прааналізаваўшы вытокі левага прагрэсізму і каля дзясятка яго разнавіднасцяў, мушу прызнаць Молдбагу рацыю. Так, узяўшы на ўзбраенне сацыяльны канструктывізм, інтэлектуальная лявіца зрабіла вельмі шмат для таго, каб скажэнне рэчаіснасці стала нормай, а нават падставай для гонару.

У кнізе згадваецца таксама персона, якая – поруч з Менцыем Молдбагам – іграе важную ролю ў крытыцы «прагрэсіўнай» лявіцы. Гэта – інвестар-мільярдэр Пітэр Тыль, сузаснавальнік PayPal і Palantir Technologies, які, па словах Джошуа Тэйта, «здабыў магутны ўплыў у мэйнстрымных і лібертарыянскіх колах». 

Пасля прыходу да ўлады Дональда Трампа Тыль сур'ёзна разглядаўся як кандыдат на якую-небудзь пасаду ў Белым доме. Зараз з'яўляецца сябрам бордаў шэрагу буйных кампаній, уключаючы Facebook, а таксама з'яўляецца мажарытарным акцыянерам Palantir, кампаніі па распрацоўцы праграмнага забеспячэння, кліентамі якой з'яўляюцца пераважна спецслужбы, інвестыцыйныя банкі і хедж-фонды. Тыль сярод іншага інвеставаў у тэхналагічную кампанію Ярвіна aka Молдбага.

Як можна ахарактарызаваць свет, у якім жывуць такія людзі, як Молдбаг або Тыль? Паліна Борсук зрабіла гэта лаканічна і трапна: «...рацыянальны, заканамерны і вырашальны. Унутры гэтай субкультуры камп'ютэрнае праграмнае забеспячэнне – асноўная метафара грамадства».

Што яшчэ характэрна гэтай «субкультуры»?

Паліна Борсук: «Тэх-культура шануе навуку  і трактуе біялогію чалавека як вызначальную і пацвярджаючую механістычныя дапушчэнні пра чалавечую прыроду».

Молдбаг захапляецца прагматычным, рынкава арыентаваным аўтарытарызмам Дэн Сяопіна і высока ацэньвае Сінгапур як паспяховы аўтарытарны рэжым.

Цяпер можам лепш зразумець, наколькі сур'ёзным ёсць выклік для эмансіпацыйнай ідэалогіі, якая пад шыльдай «лібералізму» панавала на Захадзе цягам апошніх 20-30 гадоў. Гэта ідэалогія займела праціўнікаў не толькі ў лагеры хрысціянскіх кансерватараў або прыхільнікаў моцнай дзяржавы-нацыі. Сярод яе зацятых апанентаў – таксама рацыяналісты з ІТ-сферы, якія змагаюцца з левым прагрэсістам пераважна з ліберальных пазіцый.

Платформа «радыкальна правых» ўжо даўно перастала складацца са «старых, неадукаваных і спалоханых» абывацеляў (калі ўвогуле такое калі-небудзь было), а ўяўляе з сябе даволі маладую, энэргічную, дыферэнцыяваную, з высокім IQ плынь. Той самы Джошуа Тэйт, хоць часам паддаецца стэрэтыпным уяўленням, усё ж заканчвае свой артыкул важным напамінам:

«Да Молдбага трэба ставіцца сур'ёзна. Нягледзячы на некаторыя эксцэсы, сарцавіна яго крытыкі і базавыя прапановы ўзаемазвязныя, а яго прыбяганне да   перабольшання – гэта свядомая тактыка».

Так, пара пачаць ставіцца да новых трэндаў сур'ёзна. Свет мяняецца і будзе мяняцца. Пара адкінуць старыя шаблоны і глянуць на трэнды свежым, менш прадузятым вокам.

Першакрыніца: Arche