Мяжа на замку: Чаму забаранілі наземны выезд з Беларусі?

adm

У «Праскім акцэнце» з Юрыем Дракахрустам абмяркоўваюць блогер Сяргей Лаўрыненка і кіраўнік BISS Пётра Рудкоўскі.

Ці стала сапраўднай прычынай забароны пандэмія COVID-19? Чаму раней выезд не абмяжоўвалі, а нават заахвочвалі эміграцыю непажаданых асобаў? На якія наступствы забароны ўлады разлічваюць?

Гэтыя пытанні ў «Праскім акцэнце» з аглядальнікам Радыё Свабода Юрыем Дракахрустам абмяркоўваюць блогер Сяргей Лаўрыненка і кіраўнік BISS Пётра Рудкоўскі.

Дракахруст: З 20 снежня забараняецца наземны выезд з Беларусі. Спіс выключэнняў вельмі невялікі, выезды па іх не часцейшыя, чым раз на паўгода. Але самалётам вылецець будзе можна.

У сацыяльных сетках ужо шмат каментароў наконт таго, што гэта ператварэнне Беларусі ў Паўночную Карэю, як спявалі The Beatles — Back in the USSR.

Але вось на самалёце можна. З КНДР выехаць нельга ніяк. Якая ж Паўночная Карэя?

Абгрунтаванне спасылкай на каранавірус — даволі дзіўнае. Шмат краінаў уводзілі транспартныя абмежаванні. Але яны забаранялі ехаць да сябе, а сваім грамадзянам не забаранялі.

Пётра Рудкоўскі

Пётра Рудкоўскі

Рудкоўскі: Калі ў гэтым рашэнні існуе логіка, то гэта логіка ўмацавання кантролю. Гэта заўсёды было мантрай рэжыму. А ў сітуацыі крызісу паменела магчымасцяў пераконваць тых, хто нязгодны. Рэжым і раней не надта напружваўся ў пераконванні. А цяпер і пагатоў.

І тое, што адбывалася апошнія тры месяцы — гэта таксама было спробай узяць грамадзтва пад больш жорсткі кантроль.

Лукашэнка ўвесь час патрабуе ад падначаленых: прымусьце людзей працаваць. У 2017 годзе гэта прывяло да моцнага пратэсту. Такія метады контрапрадуктыўныя для самой улады. Тое ж тычыцца і закрыцця межаў. Гэта — малітва на «святы кантроль».

Дракахруст: Але рэакцыя на пачатку палітычнага крызісу, у жніўні, была не такой, а дакладней, адваротнай. Выезд не абмяжоўвалі, а нават заахвочвалі эміграцыю непажаданых асобаў. Ціханоўскую і Кавалькову выштурхнулі з краіны, Калеснікаву — спрабавалі выштурхнуць, Алексіевіч, Латушку і Дылеўскаму выехаць з краіны не перашкаджалі.

З высокіх трыбунаў адкрыта гаварылася, што калі некаму беларускія парадкі не падабаюцца — прэч з Беларусі, «валіце», маўляў, паветра без вас чысцейшае будзе.

Лукашэнка тлумачыў, што адным з чыннікаў пратэсту былі працоўныя мігранты, якія вярнуліся ў Беларусь з заробкаў падчас пандэміі.

Сяргей Лаўрыненка

Сяргей Лаўрыненка

Лаўрыненка: Адказ на пытанне — на Усходзе. Сёння ўступіла ў дзеянне дамова з Расеяй аб узаемным прызнанні візаў. Магчыма, закрыццё межаў неяк звязана з гэтым пагадненнем.

Памежны камітэт Беларусі на сваім сайце апублікаваў тлумачэнне гэтай пастановы ўраду. Паводле яго, закрываюцца наземныя межы з Латвіяй, Літвой, Польшчай і Ўкраінай. Але нічога не сказана пра мяжу з Расеяй. Там жа пунктаў пропуску няма. Хутчэй за ўсё, пропуск праз мяжу з Расеяй захаваецца.

Так што не выключаю, што гэтая забарона на выезд у трэція краіны — частка нейкіх пагадненняў паміж Беларусьсю і Расеяй.

Рудкоўскі: Увесну, падчас першай хвалі пандэміі, Расея забараняла ўезд да сябе з Беларусі. Што да гэтага рашэння беларускіх уладаў, я тут ня бачу ні наўпроставага, ні ўскоснага ўплыву Расеі. Што да супярэчнасці паміж цяперашнім рашэннем і папярэдняй рыторыкай, то цану рыторыкі Лукашэнкі і яго паплечнікаў мы ведаем.

Калі ўлады высылалі Ціханоўскую і Кавалькову, калі забаранялі вяртанне ў краіну Кандрусевічу — гэта яны вырашалі, каму дзе быць і жыць.

А калі былыя супрацоўнікі СК спрабавалі ўцячы, далёка не ўсім гэта ўдалося.

Дракахруст: У мяне ёсць дзве гіпотэзы, чаму ўсё ж адбылася змена не толькі рыторыкі, але і дзеянняў, практыкі.

Прэм’ер Раман Галоўчанка нядаўна заявіў пра небяспеку «выцеку мазгоў». На пачатку пратэстаў было не да гэтага. А цяпер, калі палічылі, то ацанілі, што сапраўды вялікія страты вынікаюць для эканомікі ад рэлакацыі многіх бізнэсаў, ад эміграцыі каштоўных спэцыялістаў.

І другая гіпотэза — улада палічыла, што яна перамагла пратэст, здушыла «бунт». У жніўні, калі было горача, быў падыход — чым менш пары, гаручага матэрыялу, будзе ў краіне, тым лепш. А цяпер, калі яны лічаць, што перамаглі, то наяўнасць гаручага матэрыялу іх ужо не палохае. Народ — гэта прыгонныя, павінны працаваць, і ніякага «Юрʼевага дня» ім ня будзе.

Рудкоўскі: Мы прыпісваем уладам занадта лагічную карціну свету. Многія рашэнні прымаюцца спантанна, нелагічна, без аналізу сітуацыі. Гледзячы з усяго, яны шчыра вераць, што большасць на іх баку. А ў выніку разлік на тое, што ўлада прыцісьне «пратэстуноў», і большасць за гэта будзе ўладу яшчэ больш любіць.

Лаўрыненка: Тыя ж ІТ-шнікі, калі з'яжджаюць з краіны, то хутчэй за ўсё карыстаюцца самалётамі. А аўтатранспартам ці чыгункай карыстаюцца пераважна звычайныя рабацягі. І па іх гэтая забарона ўдарыць найбольш. Хаця мо не так і моцна. Шмат якія суседнія дзяржавы забараняюць уезд да сябе. Таму забарона выяжджаць з Беларусі ня вельмі паўплывае на сітуацыю, калі забаронена ўяжджаць у краіны, куды беларусы імкнуцца.

Нават калі ўлады палічылі, што яны гэтым разам перамаглі, яны ўсведамляюць, што тых, хто супраць, — як мінімум дзясяткі адсоткаў. Таму тэарэтычна ўладам было б выгадней, калі б ядро пратэсту зяжджала. А менш актыўныя, хай сабе і не згодныя з уладай — хай застаюцца, хай працуюць.

З іншага боку, вельмі шмат палітычна актыўных людзей ужо выціснулі з краіны. Хаця мы не ведаем, ці будзе выконвацца гэтая пастанова.

Дракахруст: Пасля праваслаўнага Раства ці пасля «старога Новага году» ўлады абвесцяць: найвастрэйшая фаза пандэміі прайшла, цяпер мы скасоўваем забарону, аднаўляем дазвол на выезд. Калі так адбудзецца, ці вельмі гэта вас здзівіць?

Лаўрыненка: Не, я не буду здзіўлены. Ходзяць чуткі, што пад Новы год могуць увесці карантынныя меры, нават пэўны локдаўн. Забарона на выезд будзе выглядаць як частка гэтых мераў. А потым, магчыма, хутка скасуюць.

Дракахруст: Пётра, вы сказалі, што забарона на выезд — гэта частка ідэалагічнага канцэпту ўлады наконт умацавання кантролю. Тады тэарэтычна адкручваць назад не павінны. Але тым не менш — а ці вас вельмі здзівіць, калі праз пэўны непрацяглы час гэтую забарону скасуюць?

Рудкоўскі: І мяне таксама гэта не здзівіла б. Наадварот, мяне здзівіць, калі гэтую забарону не скасуюць — раней ці пазней. Асэнсаванасць, стратэгія — не пра гэты рэжым. Кантроль — гэта не ідэалогія, гэта хутчэй псіхалагічная ўстаноўка.

Доўгі час гэта працавала, Лукашэнка меў інтуіцыю, палітычны інстынкт і шмат разоў выйграваў. Але цяпер гэта не працуе.

Крыніца: Радыё Свабода

Снежань 10, 2020
33
4
min read