Паведамленне дырэктара BISS

ф

Прыкра і балюча – бачыць, як плён пяцігадовай працы вандруе ў архіў гісторыі. Але гэта не быў страчаны час

У чэрвені 2007 года групай выбітных навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў, пры падтрымцы міжнароднай арганізацыі «Pact», быў заснаваны Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS). Пад кіраўніцтвам першага дырэктара Віталя Сіліцкага інстытут стаў месцам высакаякаснай грамадска-палітычнай экспертызы. BISS займеў тады рэпутацыю аўтарытэтнага і ўплывовага think-tank'а еўрапейскага ўзроўню.

Пасля прадчаснай смерці Віталя Сіліцкага ў чэрвені 2011 годзе ў арганізацыі пачалі ўзнікаць канцэпцыйныя і персанальныя спрэчкі, тым не менш, інстытут надалеў меў інстытуцыйнае фінансаванне і меў магчымасць паўнаспраўна функцыянаваць як арганізацыя.

У 2012 годзе Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі на пазаконкурснай аснове прызнала BISS вялікі грант на трохгадовы праект пад назвай «Мадэрнізацыя Беларусі: у напрамку канкурэнтнага грамадства. Экспертнае шматгалоссе на тэму рэформаў», вядомы пад скарочанай назвай «Рэфорум». Рэалізацыя праекта пачалася ў лістападзе 2013 года і завяршылася ў лютым 2017 года.

Незадоўга пасля старту гэтага праекта традыцыйныя донары прыпынілі інстытуцыйнае фінансаванне арганізацыі, а ў грантавай дамове Прадстаўніцтва з BISS не абгаворваўся варыянт дзеянняў у выпадку страты інстытутам якога-кольвечы фінансавання пасля заканчэння Рэфорума.

Нягледзячы на шчодрае фінасаванне праекта Рэфорум, пад канец яго рэалізацыі BISS апынуўся ў глыбокім фінансавым і арганізацыйным крызісе. Ад сакавіка 2017 да сакавіка 2018 года ў інстытуце практычная ніякая дзейнасць не вялася.

У міжчассі ў арбіце BISS апынулася мая персона. Пасля абароны PhD дысертацыі ў Варшаве ўвосень 2016 года я пачаў шукаць магчымасці рабіць нешта для Беларусі і – у ідэале – унутры Беларусі. Паралельна Рада BISS, спрабуючы знайсці хоць нейкае выйсце з крызісу, пачала пошукі новай асобы, якая фармальна або нефармальна стала б «новым тварам» арганізацыі. Нашы шляхі перасякліся і з траўня 2017 года я пачаў – без якой-кольвечы фармальнай пасады – спрабаваць разабрацца з сітуацыяй.

Пасля некаторых ваганняў у сакавіку 2018 года я пагадзіўся стаць дырэктарам-валанцёрам BISS і падпісаў кантракт з інстытутам. Валанцёрскае дырэктарства азначала, што ў мяне не было зарплаты, суадносна, і набор абавязкаў быў вельмі абмежаваны, а фактычна змяшчаў толькі адзін акрэслены абавязак: Удзел у напісанні праектных заявак і рэалізацыі праектаў.

Па стане на 12 сакавіка 2018 года, калі была мной падпісана валанцёрская дамова, сітуацыя ў BISS была наступнай:

  • На банкаўскіх рахунках BISS было 158 еўра і 49 долараў; ніякага кэшу.
  • Вялікая задоўжанасць: яна складала каля 22 300 еўра.
  • Не было офісу (ні ў Беларусі, ні ў Літве), ані кампутараў, ані прынтараў, ні якіх-кольвечы іншых інфраструктурных каштоўнасцяў, акрамя банэра і некалькіх дзясяткаў асадкаў.
  • Адсутнасць доступу да дамена сайта BISS (на той момант гэта быў belinstitute.eu).
  • Састарэлы і непрактычны дызайн сайта BISS.
  • Не было персаналу і экспертнай каманды, акрамя трох валанцёраў (апрача мяне, гатовы былі па магчымасці памагаць арганізацыі тэхнічны адміністратар сайта і былая бухгалтар).

Стартавыя ўмовы былі крайне кепскімі, але дзякуючы маральнай, а часам і матэрыяльнай, падтрымцы добрых людзей, а таксама гатоўнасці некаторых экспертаў супрацоўнічаць без гарантыі заробку – цягам аднаго года арганізацыя практычна выйшла з крызісу і ўступіла на этап развіцця. Хоць інстытуцыйнага фінансавання надалей не было, а адміністрацыйная праца вялася на валанцёрскай аснове, інстытут паспяхова вяртаўся ў сваю нішу і адкрываліся новыя перспектывы.

Па стане на сакавік 2019 года (то бок, год пасля прызначэння мяне дырэктарам-валанцёрам), сітуацыя ў BISS выглядала ўжо наступным чынам:

  • Пагашаны або скасаваны ўсе даўгі арганізацыі.
  • Сфармавана новая каманда экспертаў.
  • На рэгулярнай аснове вялася аналітыка і даследаванні.
  • Пачынаючы з кастрычніка 2018 BISS займаў сярод аналітычных цэнтраў моцныя пазіцыі ў рэйтынгу па медыя-актыўнасці (за перыяд верасень — лістапад 2018 года BISS па наведвальнасці сайта апынуўся на 7 месцы з 20, апярэджваючы «Мінскі Дыялог», «Sympa-Bipart» або «Ліберальны клуб»).
  • Падрыхтавана доўгатэрміновая стратэгія развіцця BISS.
  • Падрыхтавана і выслана 6 праектных заявак.
  • Зменены дамен сайта і распрацаваны план па рэформе сайта (план быў рэалізаваны ў наступным, 2020 годзе).

BISS станавіўся прывабным месцам для маладых і амбітных людзей. Пачынаючы з 2018 года, у арганізацыю звярнулася каля 20 маладых людзей з просьбай аб стажорстве або іншай форме супрацы. Часткова з мераў бяспекі, а часткова з-за абмежаваных магчымасцяў каманды BISS, на стаж у выніку было прынята ў суме каля васьмі чалавек.

Па стане на лета 2020 года ў BISS было ўжо шмат перадпасылак для таго, каб трансфармавацца ў паўнаспраўную інстытуцыю, з аплочванымі стаўкамі, офісам і рэгулярна функцыянуючай Радай. Працэс аднаўлення арганізацыі быў спынены ў кастрычніку 2020 года, калі Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі пастанавіла правесці вонкавы аўдыт па праекце «Рэфорум». Паколькі я ніколі не ўдзельнічаў у гэтым праекце, а мая праца ў якасці дырэктара была надалей валанцёрскай, нават пры ўсім жаданні і намаганнях у мяне не было б шанцаў вывучыць дакументацыю па трох-з-паловай-гадовым праекце. Дадаць варта, што дакументацыя месцілася ў Вільні, а частка яе, імаверна, у колішніх адміністратараў праекта, а я не жыў у Вільні і не валодаў інструментамі прымусу ў дачыненні да былых адміністратараў.

На працягу 2021 – 2023 гадоў з рэгулярнасцю прыблізна раз на паўгода пытанне аўдыту то ўсплывала, то знікала. З-за той неакрэсленасці, якая паўстала ў сувязі ў аўдытам, інстытут перайшоў у «інерцыйнае» існаванне. У такой сітуацыі не было сэнсу запускаць маштабныя праекты, каб не ствараць рызыкаў для партнёраў і выканаўцаў. Не было таксама мэтазгодным працягваць пошукі інстытуцыйнага фінансавання.

Паколькі Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі настойвае на тым, каб цяперашні BISS разлічыўся за імаверныя недахопы ў рэалізацыі праекта Рэфорум, я не бачу магчымасці працягваць сваю працу ў BISS. Думаю, што я зрабіў усё, што мог, каб адбудаваць арганізацыю, але зараз я падышоў да мяжы сваіх магчымасцяў. Адшуканне іншага кандыдата на валанцёрсткае дырэктарства ўяўляецца нерэалістычнай перспектывай. Таму, пасля кансультацый з чальцамі Рады BISS і абмеркавання з членамі экспертнай каманды, прынята рашэнне прыпыніць дзейнасць арганізацыі.

Гэта прыкра і балюча – бачыць, як плён пяцігадовай працы вандруе ў архіў гісторыі. Але гэта не быў страчаны час. Дзякуючы прыгодзе з BISS давялося сустрэць шмат светлых і выдатных людзей, пазнаёміцца з мноствам цікавых праектаў і ўдзельнічаць у стварэнні дзясяткаў важных інтэлектуальных прадуктаў.

Выражаю глыбокую ўдзячнасць усім супрацоўнікам, партнёрам і донарам, якія ў свой час паверылі ў магчымасць адраджэння BISS і падтрымалі яго. Спадзяюся, што будзем і надалей перасякацца ў іншых фарматах і на іншых пуцявінах жыццядзейнасці.

Запрашаю паглядзець слайд-шоў BISS in 2018—2023.

...а таксама чытаць нашы аналітычныя прадукты, многія з якіх яшчэ доўга будуць захоўваць актуальнасць.

Пётр Рудкоўскі

Дырэктар-валанцёр

чэрвень 16, 2023
479
4
min read