Вярнуцца да статус-кво немагчыма

новы год бчб

Ілюстрацыя: hannamurajda (Instagram)

Дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі аналізуе перамены, якія адбыліся ў беларускім грамадcтве і тлумачыць, чаму менавіта мірны пратэст найбольш эфектыўны.

Гутарку вядзе Віталь Цыганкоў.

Сцісла:

  • Амаль у 4 разы павялічылася колькасць беларусаў, якія лічаць, што людзі самі павінны браць адказнасць за сваё жыццё ў свае рукі.
  • Статыстыка паказвае, што 3,5 працэнта насельніцтва — удзельнікаў акцыяў пратэсту — той парог, які запускае незваротныя працэсы
  • Рэпрэсіі могуць добра працаваць, калі іх стасуюць да ізаляванай групы грамадства, якая знаходзіцца ў меншасці
  • Пераход да гвалтоўных формаў пратэсту ў сярэднім у 4 разы зніжае колькасць удзельнікаў акцыяў
  • Можа наступіць пэўная паўза ў пратэстах, магчыма, з псіхалягічнага гледзішча яна апраўданая і нават пажаданая

— Сацыёлагі, палітолагі кажуць пра кардынальныя змены ў светапоглядзе і каштоўнасцях, якія адбыліся за апошнія гады ў беларускім грамадстве, што і прывяло да нечаканых для многіх масавых пратэстаў. Якія з гэтых зменаў, на вашую думку, самыя прыкметныя і важныя?

— Я б назваў тры асноўныя змены ў мысленні і каштоўнасных устаноўках беларусаў, якія і стварылі перадумовы для сёлетніх пратэстаў.

Па-першае, звузіўся феномен “вывучанай бездапаможнасці”. Як паказвае Сусветнае апытанне наконт каштоўнасцяў, за апошнія 10 гадоў удвая вырасла колькасць прыхільнікаў пераканання, што яны маюць свабоду выбару і самі ўплываюць на сваё жыццё. Гэта надта важна, калі людзі перастаюць мысліць у катэгорыях “ад мяне нічога не залежыць” і пачынаюць думаць у кірунку “я шмат на што ўплываю ў сваім і ў грамадскім жыцці”.

Па-другое, знізілася колькасць асобаў з патэрналісцкімі чаканнямі. Амаль утрая зменшылася колькасць людзей, упэўненых, што добраўпарадкаванне жыцця чалавека — выключна задача дзяржавы. Разам з гэтым амаль у 4 разы пабольшала тых, хто лічыць, што людзі самі павінны браць адказнасць за сваё жыццё ў свае рукі.

Таксама стала больш перакананых у тым, што канкурэнцыя — добрая рэч. Тыя, хто верыць у сэнс канкурэнцыі, будуць таксама настроены на празрыстыя правілы, бо нармальная канкурэнцыя можа быць тады, калі функцыянуе закон і ёсць больш-менш прадказальныя правілы гульні.

Іншы момант — паболела тых, хто талерантна альбо пазітыўна ставіцца да няроўнасці ў даходах. На пачатку дэкады толькі 8 працэнтаў беларусаў лічылі гэта нечым станоўчым, у канцы 2010-х — ужо 23 працэнты. Карацей кажучы, каштоўнасныя змены адбываюцца даволі актыўна.

— Грамадства змянілася, але беларуская ўлада не пажадала рэагаваць на гэтыя зрухі ў светапоглядзе беларусаў. Але чаму? Раней, як падаецца, улада імкнулася хаця б у нейкай ступені адпавядаць настроям большасці.

— Цягам усяго існавання лукашэнкаўскага рэжыму ўлада рэагавала на грамаскія настроі “з горам напалам”. Некаторыя рэчы бралі пад увагу, былі эканамічна спрыяльныя ўмовы ў нулявых гадах, “сацыяльны кантракт” функцыянаваў. І гэта прывяло да самазаспакаення аўтарытарнай дзяржавы. І гэта заканамерна, бо аўтарытарная дзяржава не хоча рэагаваць, калі з'яўляюцца новыя выклікі. Выклікі пачыналі нарастаць, акумулявалася незадавальненне.

Апрача гэтага, наклаўся шэраг пераменных абставінаў — ковід адзін з такіх чыннікаў, які вельмі моцна падштурхнуў грамадства. Яшчэ да ковіду назіралася эканамічная стагнацыя. Потым у якасці патэнцыйных канкурэнтаў Лукашэнкі з'явіліся асобы з вельмі моцным сацыяльным капіталам — Бабарыка, Цапкала.

Але ўсяго гэтага было б недастаткова, калі б унутры грамадства ў каштоўнаснай сферы не адбыліся кардынальныя змены.

— І цяпер мы назіраем карціну, адваротную 1991 году. Тады імклівыя палітычныя і эканамічныя змены абганялі змены ў каштоўнасцях, якія так хутка не маглі адбыцца. А цяпер, як выглядае, усё наадварот — грамадства змянілася, але ўлада засталася тая самая, з тымі ж прынцыпамі, далёкімі ад сучаснасці. Як доўга гэта можа адбывацца — калі грамадства і ўлада не супадаюць?

— Так, гэта вельмі трапнае супастаўленне. Аналіз некалькіх сотняў гістарычных выпадкаў, які праводзіўся амерыканскімі даследніцамі Чэнавет і Стэфан, паказвае, што перыяд, калі “грамадства актыўна не супадае з уладай”, можа трываць ад некалькіх месяцаў да 10 гадоў. Калі грамадскі ўздым вельмі магутны і калі да гэтага дадаецца спрыяльная знешнепалітычная абстаноўка — то перамены могуць быць даволі хуткімі.

У беларускай сітуацыі грамадскі ўздым вельмі выразны і магутны. Гістарычна статыстыка паказвае, што 3,5 працэнта насельніцтва — удзельнікаў акцыяў пратэсту — той парог, які запускае незваротныя працэсы. У Беларусі гэты парог быў перакрочаны. То бок вярнуцца да статус-кво немагчыма.

Тым не менш, гэта яшчэ аўтаматычна не азначае, што перамены хутка павінны наступіць. Тут вельмі важны знешнепалітычны чыннік, тое, што Беларусь гэтак моцна прывязаная да Расеі, а Расея займае пазіцыю якую займае. Але пэўныя сігналы, якія паступаюць з Масквы, паказваюць, што і там разумеюць немагчымасць захавання статус-кво.

Таксама застаецца пытанне, што прыйдзе на змену старой сістэме. Гэта можа быць нейкі гібрыдны рэжым, але можа быць і паўнацэнная дэмакратыя.

— Зараз нярэдка цытуюць славутую фразу, што “на штыхах доўга сядзець немагчыма”. І сапраўды, раней беларускі рэжым быў папулісцка-аўтарытарным, абапіраўся на пэўную падтрымку насельніцтва. А ўжо ў дні перад выбарамі 9 жніўня, як мы памятаем, Лукашэнка наведваў амаль толькі вайсковыя і міліцэйскія часткі. Там былі ягоныя “выбарнікі”.

— Так, гэтае выказванне пра штыхі — не проста крылатая фраза. На базе даследаванняў гістарычных выпадкаў можна паказаць, што стаўка на рэпрэсіі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве ў разы падвышае імавернасць калапсу сістэмыРэпрэсіі могуць добра працаваць, калі іх стасуюць да ізаляванай групы грамадства, якая знаходзіцца ў меншасці. Тады большасць альбо падтрымлівае рэжым, альбо пасіўна назірае.

Але калі рэпрэсіі вельмі шырокія і закранулі ў Беларусі 30 тысячаў чалавек, а лічбу трэба памнажаць у дзясяткі разоў, бо гэта закранае родных, сяброў, знаёмых, — то гэты інструмент контрапрадуктыўны, нават у сярэднетэрміновай перспектыве.рэпр

— Людзі чытаюць і слухаюць такія даволі аптымістычныя ацэнкі палітолагаў, але многія прыхільнікі пераменаў не хочуць чакаць, а хацелі б як мага хутчэй убачыць перамогу. І некаторыя з іх пачынаюць думаць і заяўляць, што мірны пратэст не дае плёну, трэба спрабаваць іншыя шляхі. Што вы адкажаце на гэта?

— Нягледзячы ні на што, трэба адкінуць эмоцыі і ўключыць рацыянальнае мысленне і здаровы сэнс. У выпадку, калі б пратэст перайшоў ад мірнай да гвалтоўнай формы (калі б пачаліся захопы будынкаў, фізічныя расправы), то адбылося б наступнае.

Па-першае, радыкальна знізілася б колькасць удзельнікаў акцыяў пратэсту. Было прааналізавана каля 600 выпадкаў у свеце, і аналіз паказаў, што радыкалізацыя ў сярэднім у 4 разы зніжала колькасьць удзельнікаў акцыяў пратэсту. А калі колькасць пратэстоўцаў зніжаецца, тады лягчэй аддзяліць і ізаляваць пратэстоўцаў ад астатніх.

У выпадку гвалтоўнага пратэсту таксама адбудзецца кансалідацыя элітаў. Цяпер ёсць хістанні, ёсць дэзертырства, пераход на бок пратэстоўцаў, людзі сыходзяць з дзяржаўных структураў — можа быць, не так масава, як нам хацелася б. Але ў выпадку гвалтоўнага пратэсту людзі з наменклатуры і тым больш сілавых структураў увогуле перастануць вагацца — вернуцца да лаяльнасці дзеючай уладзе. Карацей, кажучы, гэта контрапрадуктыўна.

— Што можа стаць асноўным штуршком, якія канчаткова зменіць сітуацыю на карысьць пратэстоўцаў?

— Няма такога аднаго фактара, які б адназначна гарантаваў падзенне рэжыму і пераход да дэмакратыі. Можна назваць чыннікі, якія падвышаюць імавернасць гэтага. У нашым выпадку гэта пазіцыя Расеі. Калі яна пяройдзе ў фазу больш рашучага патрабавання ад Лукашэнкі сысці, то так, адстаўка і перамены вельмі імаверныя ў кароткатэрміновай перспектыве. Пасля гэтага я дапускаю этап гібрыднага рэжыму — паўдэмакратычнай, паўаўтарытарнай формы.

Іншы фактар — эканамічны крызіс, які, вельмі праўдападобна, будзе працягвацца і паглыбляцца.

І, вядома, шмат залежыць ад таго, як павядзе сабе пратэставы рух. Я не маю на ўвазе, што ён мусіць бесперапынна дзейнічаць. Можа наступіць пэўная паўза, з псіхалагічнага гледзішча яна можа быць апраўданай і нават пажаданай. Але дзеля таго, каб увесну выбухнуць з новымі сіламі, напрыклад, у ваколіцах 25 сакавіка.

Крыніца: Радыё Свабода

Снежань 15, 2020
94
5
min read