Андрэй ЕЛІСЕЕЎ: 20% палякаў блытаюць Літву з Беларуссю

Дачку сваю літовец з-пад Гервятаў
Паляку з-пад Друскенікаў засватаў.
На вясельлі гудзьба:
Język polski, kalbà,
І трасянка, і рускія маты!

Толькі 58% палякаў могуць дакладна паказаць Літву на геаграфічнай карце, астатнія блытаюць яе з суседнімі  краінамі. І больш за ўсё памылак прыпадае на Беларусь (так лічыць кожны пяты паляк). Цікава, дзе б гэтыя 20% рэспандэнтаў размесцілі ўласна Беларусь. Напэўна, на месцы Літвы ці Украіны.

Карта паказвае колькасць польскіх рэспандэнтаў паводле адказу на пытанне, дзе знаходзіцца Літва. Сацыялагічнае апытанне ладзілася летась агенцтвам TNS Polska, велічыня выбаркі - 1000 чалавек, ад 15 да 74 гадоў.

Гэта дадзеныя са свежага выдання польскага Інстытуту публічных адносін пад назвай "Побач. Палякі і літоўцы - адно ў вачах аднаго". Яно даследуе ўяўленні і стэрэатыпы літоўцаў і палякаў адно аб адных, з асобнай увагай да поглядаў нацыянальных меншасцяў (літоўцаў у Польшчы і палякаў у Літве) на палітычныя, гістарычныя і сацыяльныя пытанні ў краіне паходжання і пражывання.

Даследванне выявіла, што ажно палова літоўцаў хоць адзін раз былі ў Польшчы. У Літве хоць аднойчы гасцявалі толькі 9% палякаў.

70% літоўскіх палякаў адказалі, што ў сваёй сям'і размаўляюць пераважна па-польску, 20% - па-расійску, 6% - па-літоўску. Тут сама адзначаецца, што ў рэальнасці прадстаўнікі нацыянальнай меншасці ў сямейным коле могуць часта ўжываць польска-літоўска-беларуска-расійскую моўную мяшанку.

Само выданне (даступна па-польску і літоўску) змяшчае многа фактуры, карыснай для разумення ўзроўня ведаў і асаблівасцяў ўспрыняцця літоўцамі і палякамі адзін аднаго. Нажаль, у Беларусі пакуль бракуе падобных трывалых даследванняў што да нашых суседзяў.