Выйшаў рапарт The Economist Intelligence Unit, які змяшчае індэкс дэмакратыі ў 167 краінах за 2020. Што тут цікавае:
1. Беларусь упершыню ў гісторыі здабыла "0" (з 10 магчымых) балаў у катэгорыі "выбарчы працэс і плюралізм" (гл. графік).
Нават Поль Бія, аўтарытарны стаж якога налічвае 38 год, не змог дасягнуць такога рэзультату: у кіраваным ім Камеруне "выбарчы працэс і плюралізм" усцяж трымаецца на ўзроні "1,67" бала.
2. Важная рэч: Беларусь паднялася ў катэгорыі "палітычная культура", якая і да гэтага часу была на прыстойным узроўні: з "4,48" балаў у 2019 да "5" балаў у 2020.
Лэйбл "палітычная культура" можа некаторых уводзіць у зман. Гаворка ідзе не пра культуру дзяржаўных палітыкаў, і нават не пра культуру апазіцыйных дзеячаў. Тут гаворка ідзе перадусім пра тое, што я называю "попыт на дэмакратыю": наколькі шырока ў грамадстве распаўсюджана падтрымка для ідэі падзелу ўладаў, непрыняцце ўлады ваенных і пад.
Беларусь паднялася таксама ў плане "палітычнага ўдзелу": з "2,78" да "3,89".
Выходзіць, што па двух параметрах, пры вымярэнні каторых бяруцца пад увагу настроі ў грамадстве, Беларусь паднялася. А па трох параметрах1, якія вымяраюцца ў асноўным на базе дзяржаўнай палітыкі, сітуацыя пагоршылася або засталася такой жа. Прычым па ключавым параметры - "выбарчы працэс і плюралізм" - не проста пагоршылася, а літаральна дасягнула дна. Чаму гэты параметр ключавы? Бо выбарчы працэс - гэта як-ніяк важны элемент легітымацыі ўлады, нават у аўтакратыях.
Інакш кажучы,
індэкс EIU пацвярджае наяўнасць разрыву паміж грамадствам і рэжымам: грамадства рухаецца ў адным напрамку, рэжым - у адваротным.
Такія разрывы, як правіла, нічым добрым не заканчваюцца.
3. Адзін павучальны кейс: афрыканская краіна Малі трапіла ў адну групу з Беларуссю (аўтарытарызмы), але не па той прычыне, што там зусім кепска з выбарамі ці няма грамадзянскіх свабод. Акурат у гэтым плане Малі пераўзыходзіць не толькі Беларусь, і не толькі Расію, а нават Сінгапур, які зараз класіфікуецца як "дэмакратыя" (што праўда, "заганная"). Праблема Малі - у дысфункцыянальнасці дзяржаўнай улады. То бок, свабоды болей, чым у Сінгапуры, але ажыццяўляць публічную палітыку складаней, чым у Беларусі. Паказнік функцыянальнасці дзяржавы ў Малі - "0".
Гэта да таго, што адсутнасць відовішчнага расколу ўнутры беларускага рэжыму не абавязкова з'яўляецца кепскай навіной. Гэта можа азначаць, што рэфарматарская частка элітаў нясхільная да такіх дзеянняў, якія могуць паралізаваць функцыянаванне дзяржаўных інстытутаў. Ёсць у гэтым зерне рацыянальнасці. Мінус такога стану рэчаў - што працэс трансфармацыі можа зацягнуцца на гады. Але гэта ўсё ж не самы кепскі варыянт.
1 Апроч названага "выбарчага працэсу", ёсць яшчэ "функцыянаванне дзяржавы" (засталося на тым самым узроўні: "2" балы) і "грамадзянскія свабоды" (паказнік знізіўся з "2,35" да "2,06").