Шчодрасць еўрапейцаў

л

Ці стаў Мінскі форум праз дзве дэкады свайго існавання пляцоўкай для паўнавартаснага дыялогу? Возьмем ў якасці зыходнай агучаную на форуме рэфлексію яго сузаснавальніка праф. Райнера Лінднера, які прыгадаў, што напрыканцы 90-х гадоў, калі толькі быў заснаваны форум, нямецкія палітыкі адмовіліся сустракацца ў беларускім парламенце, бо ён быў з пункту гледжання нямецкіх палітыкаў тае пары нелігітымны.

І вось цяпер, кажа Лінднэр, мы маем зусім іншую сітуацыю – форум стаў агульнай пляцоўкай для удзелу і сустрэч розных людзей, матываваных да сумеснай супрацы, незалежна ад іх палітычных поглядаў. Тым самым праф. Лінднэр падвёў да думкі, што працэс наладжвання дыялогу паміж ЕС і РБ хоць і марудна, але ж ідзе, і яго вынікі асабліва прыкметны ў перспектыве вялікай адлегласці часу (праз 21 год). Наколькі гэта так, паспрабуем адказаць на аснове аналізу трох умоўных вымярэнняў форуму: палітычнага, эканамічнага і грамадскага.

Палітычны дыялог ці набор сімвалічных жэстаў?

На палітычным узроўні калі і ёсць падставы для аптымізму, то вельмі стрыманага. Аб гэтым сведчыць дысбаланс у ступені прысутнасці афіцыйных палітычных прадстаўнікоў з боку Беларусі і афіцыйных палітычных прадстаўнікоў з боку Нямеччыны і краін Еўрасаюзу (са значнай перавагай двух апошніх). Так, нямецкі і еўрасаюзаўскі бок быў прадстаўлены (сярод іншых):

- кіраўніцай Прадстаўніцтва ЕС у Рэспубліцы Беларусь Андрэа Віктарын,

- амбасадарамі або прадстаўнікамі амбасад Аўстрыі, Балгарыі, Злучанага Каралеўства, Нямеччыны, Ізраіля, Італіі, Казахстана, Кыргыстана, Літвы, Польшчы, Румыніі, Фінляндыі, Чэхіі, Швейцарыі і Швецыі,

- дэпутатам Бундэстага Дзіркам Візэ,

- упаўнаважаным па Усходняй Еўропе, Каўказе і Цэнтральнай Азіі Міхаэлем Зібертам.

Усяго з еўрапейскага боку узялі ўдзел больш за 30 афіцыйных прадстаўнікоў палітычных колаў высокага рангу. З боку афіцыйных палітычных прадстаўнікоў Беларусі было не больш за дзесяць чалавек, сярод іх: 

- намеснік Міністра замежных спраў Алег Краўчанка,

- кіраўнік Галоўнага упраўлення Еўропы і Паўночнай Амерыкі МЗС Андрэй Бушыла,

- намеснік кіраўніка Галоўнага ўпраўлення інфармацыі і аналізу МЗС Анатоль Глаз,

- кіраўнік Дэпартамента Еўропы МЗС Сяргей Маліноўскі,

- старэйшы дарадца спадара Маліноўскага Аляксей Жбанаў,

- дзве дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Наталля Клімовіч і Ганна Канапацкая,

- старшыня Зельвенскага раённага Савета дэпутатаў Валянцін Семяняка.

Пленарныя выступы – з якіх чатыры былі зроблены еўрапейцамі і адно беларусам – значна адрозніваліся па стылі. На фоне вельмі разнастайных выступаў еўрапейскіх калег (ад рэал-палітычнай прамовы Дзірка Візэ да філасофскага “мыслення ўслых” амбасадара Дэтмара), якія дыпламатычна заклікалі Беларусь да супрацоўніцтва, выступ спадара Краўчанкі, у якім падкрэслівалася, што Беларусі ад Еўропы фактычна нічога не трэба, гучаў надзвычай сціпла, суха, фармальна і насцярожана.

Сёлета ў цэнтры увагі былі тры галоўныя праблемы: адмена смяротнага пакарання, праблема рэадмісіі і правы чалавека. Што да першай з беларускага боку быў выказаны Анатолем Глазам толькі адзін стандартны аргумент – трэба браць пад увагу вынікі рэферэндуму 1996 года. Па другім пытанні Алег Краўчанка выказаў спадзяванне на вырашэнне ў бліжэйшы час, але ніякіх канкрэтных дат і вынікаў перамоў з эўрапейскімі калегамі названа не было. Трэцяе пытанне традыцыйна не знаходзіла ніякіх адказаў з беларускага боку, нават тады, калі адна з прадстаўніц праваабарончых арганізацыяў звярнула ўвагу прадстаўнікоў МЗС на выпадкі саджання бізнэсоўцаў у турмы і брання іх сем'яў у закладнікі з мэтай адабраць бізнэс або атрымаць хабар. Адзін с прадстаўнікоў МЗС змог толькі сказаць, што гэта не уваходзіць ў кампетэнціі МЗС Беларусі. Паколькі ніводнага прадстаўніка профільных сілавых і судовых ведамстваў на Форуме не было, прадстаўнік МЗС такім чынам удала закрыў небяспечную тэму. Пры гэтым трэба аддаць належнае прафесару Лінднэру, які ўважліва выслухаў праваабаронцу і, нягледзячы на вастрыню пытання, прызнаў яго правамернасць і дарэчнасць на дадзеным форуме.

Эканамічны “дыялог еўрапейцаў з самімі сабой”

Але нават у выпадку менш палітызаваных пытанняў на форуме не знайшлося нікога з прадстаўнікоў беларускай улады, хто мог бы падтрымаць абмеркаванне істотных або/і спрэчных пытанняў і узяць адказнасць за праблемныя моманты. Характэрным у гэтым плане быў казус, калі сустаршыня нямецка-беларускага Савета прадпрымальнікаў і дырэктара «Сувязі з грамадскасцю ва Ўсходняй Еўропе» REMONDIS SE Фэлікс Цымерман паскардзіўся на неверагодна доўгія тэрміны прастою цягнікоў на мяжы ў Брэсце: з 14 дзён, якія патрэбны на праезд нямецкага цягніка з Кітая, толькі 5 дзён патрэбна на дарогу з Кітая да Брэста. Далей спадар Цымерман распавёў, што REMONDIS SE – глабальны бізнес па арганізацыі збору, вывазу і ўтылізацыі адходаў КГО з аб’ёмам капітала больш за 4,5 млрд. даляраў ў год, які плануе ў сувязі з праектам Новага шаўковага шляху значна павялічыця колькасць і тэмп правоза цягнікоў ў бліжёйшы час. У гэтым кантэксце ў мадэратара круглага стала праф. Лінднэра ўзнікла занепакоенасць, ці не сапсуе Беларусь з гэтай нагоды свой імідж добраго транзітнага шляху і не страціць такога добрага карыстальніка беларускай дарогі? Але ва ўсёй зале не знайшлося ніводнага чалавека, які б мог ад імя дзяржавы даць хоць які-небудзь каментар. Супрацоўнікі МЗС таксама сядзелі моўчкі. Вытрымаўшы паўзу, спадар Лінднэр вымушаны быў звярнуцца па адказ да самаго спадара Цымермана, які супакоіў ўсіх дыпламатычным выказваннем аб безальтэрнатыўнасці беларускага шляху, якім бы праблемным ён ні быў.

Падобная сітуацыя «размовы еўрапейцаў з самімі сабой» атрымалася і ў выпадку абмеркавання пытанняў фінансавання і праблем супрацоўніцтва паміж беларускімі і нямецкімі банкамі з кіраўніком аддзела фінансавых інстытутаў ЦУЕ/СНД Commerzbank спадаром Хольгерам Каўцкім. Мяркуючы па рэгістрацыйным лісце форума, беларускае прадстаўніцтва ўладаў, адказных за эканамічныя пытанні, абмяжоўвалася двума чалавекамі – членам камітэта па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай і кіраўніком Дэпартамента замежных эканамічных адносінаў Адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны горада Брэста Аляксеем Лачымавым. Па ўсіх эканамічных пытаннях за дзяржаву вымушана была адказваць... прадстаўніца апазіцыі Канапацкая. Гэта рэзка кантраставала з шырокім еўрапейскім прадстаўніцтвам з колаў бізнэсу і эканомікі Нямеччыны і краін ЕС. Акрамя дзвюх вышэйназваных персон на форуме удзельнічалі: 

- аташэ па камерцыйных і палітычных адносінах амбасады Нямеччыны П. Херр,

- прадстаўнік офіса нямецкай эканомікі ў Беларусі В. Літвінаў,

- упаўнаважаны па міжнародных адносінах Тэхналагічнага парка Уроцлава Бартломей Астроўскі,

- дырэктар Koopmans LTD Х. Купмансон,

- генеральны дырэктар ITM-Investment Trade Marketing GmBH Д. Трондле,

- праект-менеджэр BVVG German AgriForest Privatisation Agency К.К. Гільген. 

Крыху больш беларускі бок быў прадстаўлены на круглым стале III "Электроннае кіраванне і адкрытыя дадзеныя: найлепшыя практыкі і магчымасці супрацоўніцтва". На ім ўсе удзельнікі даведаліся ад дырэктара Нацыянальнага кадастравага агенцтва Рэспублікі Беларусь Андрэя Філіпенкі аб сапраўды значных поспехах ў дыгіталізацыі кадастравых дадзеных. Але, на жаль, не удалося ўбачыць заяўленых Сяргея Руднева (яго прадстаўляла адна з супрацоўніц Цэнтра) і Максіма Бардовіча (першы - намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг, другі - дырэктар Цэнтра электронных паслуг Мінгарвыканкама "115.bel"). Найбольш цікавую інфармацыю аб узроўні і якасці дыгіталізацыі дзяржаўных паслуг Беларусі і электроннага кіравання ў цэлым па краіне прадставіў незалежны беларускі даследчык, дырэктар Baltic Internet Policy Initiative Міхаіл Дарашэвіч. Вельмі сціплыя спробы прадстаўнікоў беларускага бізнэсу ўдзельнічаць ў "дыялозе" абмяжоўваліся парай пытанняў і некалькімі скаргамі.

Грамадскі дыялог без абавязкаў?

Парытэт нямецкага/еўрапейскага і беларускага прадстаўніцтва на форуме быў бадай што толькі ў выпадку грамадскага і эксперцкага сектару. З нямецкага боку, акрамя значнай колькасці НДА і эксперцкіх груп, былі прадстаўлены найбольш буйныя фонды:

- Friedrich Naumann Foundation for Freedom,

- New Eurasia Foundation,

- Konrad Adenauer Foundation,

- Fund for American Studies,

- Friedrich Ebert Foundation,

- German Marschall Fund of the USA,

- Heinrich Böll Foundation.

З беларускага боку грамадскі, палітычна-апазіцыйны і эксперцкі сектар быў таксама шырока прадстаўлены. Менавіта на гэтым узроўні атрымаўся даволі змястоўны дыялог паміж прадстаўнікамі незалежных грамадскіх супольнасцяў Беларусі і краін ЕС, афіцыйных і апазіцыйных палітыкаў, адміністрацыі і грамадства, што асабліва было бачна на круглым стале «Удзел грамадзян і мясцовае самакіраванне: праблемы і механізмы супрацоўніцтва».

Найбольш цікавай і сімптаматычнай была завяршальная дыскусія па тэме "Стратэгіі нацыянальнага брэндынгу і (сама-)пазіцыянаванне Беларусі ў міжнародных адносінах". Пасля агульна-аптымістычных тэзаў намеснік старшыні фонда “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Анатоль Котаў распавёў аб грандыёзных планах прагляду відэатрасляцый II Еўрапейскіх гульняў 2019 ў 160 краінах свету (прагляд першых гульняў атрымаўся ў больш за 140 краінах свету). Аднак пытанне аб прагназуемай эканамічнай рэнтабельнасці гульняў засталося без адказу. Пры гэтым бюджэт фонда "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" згодна адкрытым дадзеным бюджэта Беларусі на 2019 год, на 24 млн. рублёў больш тых грошай, якія прызначаны для ўсёй сістэмы адукацыі Беларусі (без уліку кансалідаванага бюджэту).

Старшыня праўлення арганізацыі “Адпачынак ў вёсцы” Валерыя Кліцунова распавяла пра поспехі развіцця сваёй арганізацыі і прапанавала на гэтай падставе развіваць стратэгію нацыянальнага брэндынгу Беларусі ў якасці краіны з прывабнай вясковай культурай адпачынку, якая, па яе словах і прыведзеных ёй ацэнак турыстаў з-за мяжы, значна цікавей, чым Эрмітаж ў Санкт-Пецярбурзе. На пытанне, што рабіць з тымі з гасцей, хто, нягледзячы на ўсю прывабнасць вёскі, усё ж застанецца ў горадзе, было прапанавана захаваць ўсю нэасталіністскую архітэктуру і помнікі, пашырыць дыяпазон турыстычных дыстынацыяў за кошт архітэктуры і помнікаў савецкай эпохі і нават зрабіць экскурсіі па радыяктыўна небяспечных рэгіёнах Беларусі з мэтах антырэкламы атамных электрастанцыяў ў свеце. Тым часам еўрапейскія калегі акцэнтавалі ўвагу на каштоўнасным складніку брэндынгу і неабходнасці інтэграцыі еўрапейскіх каштоўнасцяў ў нацыянальны брэндынг і (сама-)пазіцыянаванне Беларусі. Так, дырэктар media consulta International Holding AG Харальд Цулаўф адзначыў каштоўнасны складнік як адзін з істотных фактараў поспеху, разам з неабходнасцю сістэмнай, а не толькі спартыўна-кан’юнктурнай працы над іміджам краіны ў масс-медыя. У сваю чаргу намеснік дырэктара Цэнтра польска-расійскага дыялогу і паразумення Лукаш Адамскі падкрэсліў, што кожны помнік у Польшчы мае сваю каштоўнасць у тым ліку ў агульнаэўрапейскім палітычным кантэксце. Цікава, што на пытанне з залы “чаму так атрымоўваецца, што беларусы адносяцца да сваёй краіны значна больш скептычна і горш, чым іншаземцы”, кіраўнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС А. Глаз знайшоў толькі адзін кароткі адказ: “Радзіму трэба любіць”.

Высновы

Вяртаючыся да пытання сфармуляванага на пачатку артыкула, трэба адзначыць, што на палітычным узроўні дыялогу не атрымалася па прычыне недастатковай прадстаўленасці беларускага боку. Хутчэй за ўсё менавіта гэты, XVI беларуска-нямецкі Мінскі форум можна назваць месцам нямецка/еўрапейска-беларускага палітычнага прывітання (сімвалічнага жэсту), дзе ініцыятыўнасць, шчырасць і дакладнасць з боку еўрапейцаў кантраставала са "сціпласцю" беларускіх уладаў.

Не атрымаўся і дыялог на эканамічным узроўні, дзе ўсе дастаткова спрыяльныя умовы і багатыя магчымасці не былі выкарыстанымі прадстаўнікамі беларускай дзяржавы нават на камунікацыйным узроўні: з беларускага боку размаўляць не было з кім. Спадзявацца застаецца толькі на адзінкі беларускіх бізнэсоўцаў, якія знайшлі час і магчымасць атрымаць новыя сувязі і ўсталяваць партнэрскія адносіны. Магчымасці форуму як пляцоўкі дыялогу і супрацоўніцтва - агромністыя, а іх выкарыстанне (асабліва з боку беларускага афіцыёзу) - мінімальнае.

Беларуска-нямецкі XVI Мінскі форум меў асаблівае значэнне для беларускіх незалежных грамадскіх арганізацыяў і эксперцкіх супольнасцяў, якія ва ўмовах зніжэння ўвагі з боку Еўропы да неафіцыйнай грамадскасці Беларусі як ніколі раней маюць патрэбу ў фінансавай і маральнай падтрымцы. Наколькі гэты запыт знойдзе водгук ў еўрапейскіх калег ва ўмовах “пацяплення” афіцыйных адносінаў паміж Беларуссю і ЕС, невядома, але ясна тое, што форум быў і застаецца істотнай падзеяй для ўсіх незалежных грамадскіх і эксперцкіх арганізацый.