Захаваецца прыхільнасць да савецкай спадчыны, няўпэўненасць наконт ролі БНР і працягнецца асвойванне «даўняй гісторыі» (Полацкага княства і ВКЛ).
На 2018 год выпала 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У гэтым жа годзе быў выдадзены першы том «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці» і адбыўся шэраг мерапрыемстаў прысвечаных праблемам нацыянальнай ідэнтычнасці.
Як на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі, так і на ўзроўні грамадскай думкі назіраецца, аднак, няўпэўненасць наконт ролі БНР. Захоўваецца прыхільнасць да савецкай спадчыны спалучаная са спробамі перагляду асобных яе элементаў і замацоўваецца кансэнсус наконт ідэнтыфікацыйнай функцыі беларускай мовы.
Тэндэнцыі:
-
у дзяржаўнай палітыцы працягваецца трэнд «мяккай беларусізацыі»: умацоўванне нацыянальнай тоеснасці шляхам прасоўвання «доўгай гісторыі» беларускай дзяржаўнасці і культывавання ідэнтыфікацыйнай ролі беларускай мовы;
-
на ўзроўні грамадскай думкі назіраецца рост «пра-савецкіх» настрояў: гэта, хутчэй за ўсё, часовая з'ява, звязаная з геапалітычнымі падзеямі і зменай пакалення;
-
заўважаецца трэнд да «беларусацэнтрычнага» асэнсоўвання савецкай спадчыны, як на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі, так і на ўзроўні грамадскай думкі;
-
успрыманне БНР пераходзіць са стадыі «ацэньваю адмоўна» ў стадыю «не ведаю»: і гэта таксама тычыцца як грамадскай думкі, так і дзяржаўнай палітыкі.
___________________________
Грамадская думка Беларусі адносна рэдка вывучаецца на прадмет стаўлення да тых ці іншых элементаў нацыянальнай ідэнтычнасці. Але ў 2018 годзе ажно дзве сацыялагічныя службы – Беларуская аналітычная майстэрня і кампанія МІА Research – у межах нацыянальных апытанняў задалі рэспандэнтам шэраг пытанняў па ідэнтычнасці, у прыватнасці пра гістарычны наратыў, нацыянальныя сімвалы і беларускую мову. У выніку мы займелі дастатковую колькасць дадзеных, каб магчы абнавіць нашы веды наконт фармавання кансэнсусу сярод беларусаў адносна нацыянальнай ідэнтычнасці1.
У гэтым артыкуле будуць спачатку прадстаўленыя «фонавыя падзеі» 2018 года, якія маглі мець уплыў на грамадскую думку і дазволяць займець уяўленне пра дзяржаўную палітыку ў сферы ідэнтычнасці. Затым будуць абмеркаваны вынікі сацыялагічных апытанняў па трох аспектах нацыянальнай ідэнтычнасці: БНР, савецкая спадчына і беларуская мова. Напрыканцы будуць сфармуляваны высновы наконт бягучых трэндаў і прагнозы наконт будучых.
Фонавыя падзеі: 100-годдзе БНР і абнаўленне ідэалагічнага наратыву
На 2018 год выпала стагоддзе БНР, таму ён прайшоў пад знакам шэрагу мерапрыемстваў прымеркаваных да гэтага юбілею. Найбольш вядомым такім мерапрыемствам стаў шматтысячны мітынг і канцэрт ля Тэатра Оперы і Балета 25 сакавіка, які хоць і не быў афіцыйна падтрыманы ўладамі, але прайшоў пры негалосным спрыянні з боку істаблішмэнту.
15 і 16 сакавіка Нацыянальная Акадэмія Навук Беларусі арганізавала канферэнцыю на тэму «Беларуская Народная Рэспубліка ў гісторыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці». Падчас канферэнцыі ключавыя выступоўцы сышліся на тым, што абвяшчэнне БНР было адназначна пазітыўным крокам у напрамку беларускай дзяржаўнасці. Акадэмія Навук таксама стварыла мабільнае прыкладанне аб маршруце «слядамі БНР» па Мінску. Не ўдалося, аднак, грамадскім актывістам дамагчыся усталявання шыльдаў у гонар БНР у Гродне і Мінску: пазіцыя ўладаў застыла ў форме «забараніць нельга дазволіць»: ані не далі катэгарычнай адмовы, ані не дазволілі.
Іншай важнай падзеяй мінулага года стаў выхад ёмістага, амаль 600-старонкавага, першага тома па гісторыі беларускай дзяржаўнасці2, які можна лічыць пачаткам новагу суб-этапу дзяржаўнай палітыкі ідэнтычнасці. У сваю чаргу грамадскае аб'яднанне «Белая Русь», сумесна з Інстытутам гісторыі НАН, запусціла праект «Беларуская дзяржаўнасць: гісторыя і сучаснасць». Удзельнікі праекту сходзяцца на тым, што БНР – гэта адна з «нацыянальных формаў беларускай дзяржаўнасці»3.
Пяройдзем цяпер да дадзеных па грамадскай думцы: якім чынам беларусы ўспрымаюць БНР і іншыя фактары ідэнтычнасці. Там, дзе гэта магчыма, будзем супастаўляць дадзеныя з дадзенымі за 2009 год.
БНР: яшчэ не «за», але ўжо і не «супраць»
Падчас апытання, якое праходзіла незадоўга пасля святкавання 100-годдзя БНР, на пытанне пра стаўленне да даты 25 сакавіка пераважала пазіцыя «не маю меркавання». Спасярод тых, хто мелі акрэсленае меркаванне, доля праціўнікаў устанаўлення 25 сакавіка святочнай датай выразна пераважала долю прыхільнікаў (32, 8% і 21,1% адпаведна). У адказ на менш катэгарычнае пытанне: Якое Ваша стаўленне да гэтай даты? доля прыхільнікаў і праціўнікаў размеркавалася прыблізна аднолькава: 18,5% выказалася за шанаванне гэтай даты, 17,5% - супраць (гл. табліцы 1 і 2).
Табліца 1. «Некаторыя беларусы адзначаюць 25 сакавіка (Дзень Волі), дзень, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918 г. Некаторыя беларусы лічаць гэта важным днём для Беларусі, іншыя – не. Якое Ваша стаўленне да гэтай даты?» (БАМ-1)
|
2018 |
Гэта важная дата ў гісторыі нашай краіны. Яна павінна адзначацца |
18,50% |
Гэта дата звязаная са спрэчнай падзеяй. Яна не павінна адзначацца |
17,50% |
Занадта мала ведаю пра гэта, каб меркаваць аб гэтым |
61,10% |
НА/ЦА |
2,80% |
Табліца 2. «Ці павінен дзень заснавання БНР (25 сакавіка) быць нацыянальным святам і адзначацца штогод?» ((БАМ-1)
|
2018 |
Так |
21,10% |
Не |
32,80% |
Не маю меркавання на гэты конт |
44,30% |
Адмова ад адказу |
1,80% |
Калі рэспандэнтам задавалі пытанне пра вытокі беларускай дзяржаўнасці, то БНР апыналася на апошнім месцы па колькасці прызнаўшых яе такім вытокам, прычым такая сітуацыя была як у 2009, так і ў 2018 г. (гл. табліца 3). Гэта не значыць, аднак, што ўсе астатнія ацэньваюць негатыўна ролю БНР. Вельмі імаверна, што значная частка тых, хто пазначылі «Полацкае і Тураўскае княства» або «ВКЛ», успрымаюць БНР таксама станоўча, проста вытокі дзяржаўнасці яны бачаць на ранейшых этапах гісторыі.
Табліца 3. «На Вашу думку, што ёсць вытокам беларускай дзяржаўнасці?»
|
2009 (Нов) |
2018 (БАМ-2) |
Полацкае і Тураўскае княства |
17,70% |
15,90% |
ВКЛ (Вялікае Княства Літоўскае) |
38,10% |
30,40% |
БНР (Беларуская Народная Рэспубліка) |
5,00% |
7,00% |
БССР (Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка) |
12,40% |
21,80% |
РБ (Рэспубліка Беларусь) |
9,20% |
9,30% |
НА/ЦА |
17,70% |
15,70% |
Такім чынам, у справе БНР сярод беларускіх грамадзянаў дамінуе пазіцыя «не ведаю», што не дзіўна, зважаючы, што сфармаванне ўласнай пазіцыі па такім пытанні патрабуе часу, гістарычных ведаў і навыкаў па пера-працоўцы гістарычнай інфармацыі. Колькасная вага «прыхільнікаў» і «праціўнікаў» БНР прыблізна роўная, з эпізадычнай перавагай «праціўнікаў».
Савецкая спадчына: «за», але не дзвюма рукамі
Кур'язальным можа быць тое, што – як відаць з табліцы 3. - у 2018 годзе выявілася ледзь не ўдвая больш прыхільнікаў «саветацэнтрычнага погляду» на беларускую дзяржаўнасць у параўнанні з 2009 годам. Гэта выглядае тым больш дзіўна, калі зважым, што колькасць прыхільнікаў тэзы пра «ВКЛ» і «Полацкае/Тураўскае княства» як вытокаў дзяржаўнасці зменшылася, хоць і нязначна. «Паварот да саветызму» – гэта, хутчэй за ўсё, часовы прадукт салідарнасці з Расеяй на фоне яе канфлікту з Украінай і Захадам, а таксама таго, што падрасло пакаленне, якое выхоўвалася ў 1995—2010 гг. – перыяд падкрэсленай варожасці да адраджэнскага наратыву ў адукацыйна-ідэалагічнай палітыцы дзяржавы.
Захоўваецца таксама прыхільнасць да памятных датаў, звязаных з гісторыяй БССР. У параўнанні з 2009 годзе нязначна зменшылася колькасць энтузіястаў 3 ліпеня (з 57% да 53%), але вырасла колькасць энтузіястаў гадавіны ўтварэння Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі – з 4,5% да 8% (што праўда, тут трэба браць папраўку на тое, што многія маглі асацыяваць 1 студзеня з Новым годам) – гл. табліца 4.
Табліца 4. «Каторы дзень, на Вашу думку, з'яўляецца галоўным святам для беларусаў?»
|
2009 (Нов) |
2018 (БАМ-2) |
1 студзеня (Новы Год і дзень утварэння ССРБ) |
4,50% |
8,10% |
25 сакавіка (Дзень Волі) |
1,20% |
10,40% |
3 ліпеня (дзень вызвалення Мінска ад нямецкіх нацыстаў) |
56,90% |
52,60% |
27 ліпеня (дзень прыняцця дэкларацыі аб суверэнітэце БССР) |
21,80% |
— |
7 лістапада (дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі) |
1,20% |
— |
19 верасня (дзень перайменавання БССР у РБ) |
— |
7,30% |
Іншае |
1,40% |
3,90% |
Няма такога |
0,30% |
— |
НА/ЦА |
11,60% |
17,70% |
Высокім таксама застаецца ўзровень прыхільнасці да афіцыйнага (з 1995 года) чырвона-зялёнага сцяга і герба «з каласкамі» – сімвалаў родам з БССР. Тым не менш, у параўнанні з 2009, заўважна вырасла колькасць прыхільнікаў сімволікі БНР: з 8% да 13%. Варта прыкмеціць, што ў 2018 годзе, калі рэспандэнты не мелі магчымасці заняць «паяднаўчую» пазіцыю (пазначыць «абодва ў аднолькавай ступені»), частка з іх «уцякла» ў катэгорыю «цяжка адказаць», але частка, хутчэй за ўсё, зрабіла выбар на карысць бел-чырвона-белага сцяга і «Пагоні» – гл. табліцу 5.
Табліца 5. 2009: «Які нацыянальны сімвал Вы лічыце сваім?» (Нов) 2018: «Калі заўтра адбыўся б рэферэндум па нацыянальных сімвалах Беларусі, катораму варыянту Вы б аддалі перавагу»? (БАМ-2)
|
2009 |
2018 |
Чырвона-зялёны сцяг і герб РБ |
72,60% |
69,40% |
Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» |
7,70% |
13,20% |
Абодва ў аднолькавай ступені |
11,20% |
-- |
Іншы |
0,40% |
1,00% |
НА/ЦА |
8,20% |
16,50% |
Пра ўзровень прыхільнасці да савецкай спадчыны сведчыць шырокая падтрымка захавання савецкіх назваў вуліц, плошчаў і іншых аб'ектаў – гл. табліцу 6. Увагі заслугоўвае тое, што выявіўся немалы адсотак (16%) прыхільнікаў «беларусацэнтрычнага» асэнсавання савецкай спадчыны: савецкія назвы – так, але толькі тыя, што звязаны з гісторыяй уласна Беларусі. Гэты трэнд мае свой аналаг у афіцыёзным дыскурсе, дзе таксама назіраюцца спробы такога асэнсавання4.
Табліца 6. «Ці трэба мяняць савецкія назвы гарадоў, вуліц, плошчаў і іншых аб'ектаў Беларусі?» (БАМ-2)
|
2018 |
Так, абавязкова трэба перайменаваць усе назвы, якія звязаны з КПСС |
7,40% |
Не, ні ў якім разе, бо савецкія назвы – гэта наша гісторыя |
44,40% |
Трэба, але выбарачна. Трэба перайменаваць месцы названыя ў гонар Леніна, Маркса, Энгельса і іншых асоб, якія наўпрост не звязаны з Беларуссю, але трэба захаваць назвы, якія звязаны з беларускай савецкай гісторыяй |
16,10% |
Трэба даць магчымасць выбару назваў жыхарам дадзеных мясцовасцяў і вуліц |
22,40% |
Савецкіх назваў павінна быць яшчэ больш. Тых, што на дадзены момант ёсць, недастаткова для патрыятычнага выхавання маладога пакалення |
2,60% |
Не ведаю |
6,50% |
Адмова ад адказу |
0,50% |
Такім чынам, беларускае грамадства надалей ставіцца да савецкай спадчыны або прыхільна або талерантна, што лёгка тлумачыцца «эфектам даступнасці»: тыя сімвалы і наратывы, якія паўсюль афішуюцца, успрымаюцца як нешта нармальнае і патрэбнае («ёсць, значыць павінна быць»).
Беларуская мова ў якасці нацыянальнага маркера: амаль кансэнсус
Мова можа выконваць як мінімум дзве функцыі – камунікацыйную і ідэнтыфікацыйную. У многіх краінах гэтыя дзве функцыі зліваюцца, але можа быць так, што – прынамсі на нейкі этапе – яны разыходзяцца.
Падчас як у Беларусі няшмат людзей актыўна валодае беларускай мовай і зусім мала карыстаецца ёй у штодзённай камунікацыі, то назіраецца даволі моцны кансэнсус наконт яе ідэнтыфікацыйнай ролі: ажно 86% лічаць гэту мову «найважнейшай часткай нашай культуры» – гл. табліцу 7.
Табліца 7. «Беларуская мова – гэта...» (МІА)
|
2018 |
Найважнейшая частка нашай культуры і павінна захавацца |
86,10% |
Паміраючая мова, якая павінна знікнуць |
13,90% |
НА/ЦА |
0,01% |
Варта заўважыць, што існуе таксама патэнцыял для пашырэння камунікацыйных функцый беларускай мовы ў будучыні (хутчэй за ўсё, аддаленай). Хоць няшмат ёсць людзей, якія гатовы інвеставаць час і энэргію ў засваенне гэтай мовы для сябе, то ўсё ж даволі вялікі адсотак дарослых – каля 66% – жадае, каб іх дзеці размаўлялі па-беларуску гэтаксама добра, як і па-руску (гл. табліцу 8).
Табліца 8. «Ці хацелі б Вы, каб Вашы дзеці размаўлялі на беларускай мове гэтаксама добра, як і на рускай?» (МІА)
|
2018 |
Так |
65,90% |
Не |
34,10% |
НА/ЦА |
0,01% |
Абодва трэнды грамадскай думкі супадаюць з дзяржаўнай палітыкай, якая цягам апошніх шасці-сямі гадоў паслядоўна ўмацоўвае ідэнтыфікацыйную функцыю беларускай мовы, а ў 2018-19 гг. пачынае ўключаць у парадак дня таксама пашырэнне камунікацыйных функцый. У прынятай у сакавіку 2019 года Пастанове Савета Бяспекі РБ «Аб Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі РБ» пастулюецца «пашырэнне сацыяльных функцый і камунікацыйных магчымасцяў беларускай мовы», а яе развіццё трактуецца як «гарант гуманітарнай бяспекі дзяржавы»5.
Высновы і прагнозы
У 2018 г. дзяржаўная палітыка ідэнтычнасці ў цэлым упісвалася ў парадыгму «мяккай беларусізацыі», якая пачалася прыблізна ў 2011-12 гадах6. Гэты трэнд працягнецца ў 2019 і наступных гадах, адкрытым застаецца толькі пытанне пра яго інтэнсіўнасць.
На ўзроўні грамадскай думкі (як і ніжэйшых эшалонаў чынавенства) дзейнічае сіла інэрцыі: ідэалагемы і аргументацыйныя стратэгіі, засвоеныя ў савецкую пару або/і 1995—2010 гады надалей моцныя і яны будуць даміноўнымі яшчэ шмат гадоў. Захаваецца прыхільнасць да савецкай спадчыны, няўпэўненасць наконт ролі БНР і працягнецца асвойванне «даўняй гісторыі» (Полацкага княства і ВКЛ).
Працягне замацоўваецца кансэнсус наконт ідэнтыфікацыйнай функцыі беларускай мовы. Што да яе камунікацыйнай функцыі, то мала імаверна, што ў бліжэйшай гады яна пашырыцца, а магчыма, што яна яшчэ больш звузіцца: у сітуацыі слабой сістэмы стымулаў зазвычай верх бярэ сіла інэрцыі. Магчымае пашырэнне камунікацыйнай функцыі беларускай мовы – гэта перспектыва аддаленай будучыні.
1 Апошняе комплекснае даследаванне наконт беларускай ідэнтычнасці на аснове сацыялагічных апытанняў мела месца ў 2008-2009 гг., калі Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў у партнёрстве з кампаніяй «Будзьма» і лабараторыяй «Новак» рэалізоўваў праект пад назвай «Нацыянальная ідэнтычнасць вачыма беларусаў: хто мы і кім будзем?»
2 «История белорусской государственности», в 5 т. Т. 1: «Белорусская государственность: от истоков до конца XVIII в.» ред. А. А. Коваленя [и др.]; отв. ред. тома: О. Н. Левко, В. Ф. Голубев. – Минск: Беларуская навука, 2018.
3 Гл. «Опираясь на многовековую историю...», Беларуская Думка, № 8, жнівень 2018. С. 12. Стром, Александра. «Идеология белорусского государства как ценностный ориентир и руководство к действию», Беларуская Думка, № 12, снежань 2018. С. 65.
4 Прыкладам можа быць артыкул Аляксея Елісеева: «Зміцер Жылуновіч: палітык, творца, чалавек», Беларуская Думка, № 2, люты 2019.
5 «Концепция информационной безопасности Республики Беларусь» Беларусь сегодня, 19 марта 2019.
6 Рудкоўскі, Пётр. «Ад хворага да здаровага нацыяналізму». Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS), 22 студзеня 2018 г. C. 4—7.
Умоўныя абазначэнні:
«(Нов)» – дадзеныя з нацыянальнага апытання, якое лабараторыя «НовАК» праводзіла ў перыяд з 27 жніўня па 11 верасня 2009. Памер выбаркі — 1011 чалавек.
«(БАМ-1)» – дадзеныя з нацыянальнага апытання, якое Беларуская аналітычная майстэрня (БАМ) праводзіла ў перыяд з 24 красавіка па 13 траўня 2018. Памер выбаркі — 1071 рэспандэнт.
«(БАМ-2)» - дадзеныя з нацыянальнага апытання, якое БАМ праводзіла ў перыяд з 15 чэрвеня па 18 ліпеня 2018. Памер выбаркі — 1051 рэспандэнт.
«(МІА)» – дадзеныя з нацыянальнага апытання, якое Кампанія MIA Research, па замове Кастрычніцкага Эканамічнага Форума, праводзіла ў траўні – чэрвені 2018. Памер выбаркі – 1016 рэспандэнтаў.
Перадрук з "Белорусский ежегодник-2019"