Вынікі анкетавання, статыстыка і прыватныя гісторыі
Паводле цяперашняй Канстытуцыі, дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі з’яўляюцца беларуская і руская. Але, нягледзячы на іх фармальна аднолькавы статус, руская мова дамінуе ва ўсіх сферах, а людзі, якія карыстаюцца беларускай мовай, штодзённа сутыкаюцца з дыскрымінацыяй. Па-беларуску немагчыма атрымаць адукацыю, аформіць картку ў банку, запісацца да лекара, скласці дамову, набыць прадукты, прачытаць важную тэхнічную інфармацыю.
Мы апыталі 482 чалавекі ва ўзросце ад 15 да 72 год, якія карыстаюцца беларускай мовай у Беларусі. У фокусе апытання была даступнасць адукацыі, інфармацыі і абслугоўвання на беларускай мове.
Сяргей:
Ой, нават, калі хто-небудзь кампліментарна каментуе тваю мову, адчуваеш сябе, нібы афрыканец, чарнатой скуры якога захапляюцца: “Ох, такая чорная!”
Гэнік:
На трэці дзень [арышту] суд дайшоў і да нашай камеры. Судзілі анлайн, суддзя ад балды дае камусьці 13 сутак, камусьці – 15. Мне далі 20. Я ведаю, за што: за беларускую мову.
Адукацыя і беларуская мова
Міністэрства адукацыі сыходзіць з таго, што беларускамоўныя школы і класы адкрываюцца па заявах бацькоў, але рашэнне пра адкрыццё ці закрыццё школ і класаў прымаюцца мясцовымі выканкамамі. У выніку заява ад бацькоў не гарантуе, што дзіця зможа навучацца на беларускай мове.
Нізкі працэнт школьнікаў, якія навучаюцца на беларускай мове, вядзе да змяншэння колькасці асобаў, якія валодаюць натуральным маўленнем і карыстаюцца беларускай мовай у побыце. Гэта наўпростава ўзмацняе пагрозу знікнення беларускай мовы з актыўнага ўжытку.
Валерыя:
Найбольш рэзка адчуваеш моўную дыскрымінацыю, калі пачынаеш выхоўваць дзіця. Па-першае, гэта вельмі дорага – кнігі, метадычны матэрыял. Вы не можаце проста пайсці ў краму і набыць, напрыклад, карткі са словамі ці нешта такое, як гэта робяць рускамоўныя маці. Па-другое, беларускамоўныя дзіцячыя садкі – гэта хутчэй прафанацыя і падман. Напрыклад, садок пазіцыянуецца беларускамоўным, але фактычна там толькі раз на тыдзень нешта па-беларуску адбываецца.
Алеся:
Аднойчы настаўніца па матэматыцы на кантрольнай рабоце пабачыла, што ў маім сшытку я напісала “кантрольная работа” па-беларуску, і пачала на мяне крычаць за гэта. Сказала: “Мы знаходзімся ў рускамоўнай школе”. Я ёй адказала, што мы ў Беларусі і я магу размаўляць па-беларуску, і тут нічога такога няма. Яна пачала казаць: “А што, калі якая-небудзь праверка прыйдзе і ўбачыць, што тут напісана па-беларуску?” У выніку яна мне сказала, каб я там усё закрэсліла і напісала па-руску.
Дар’я:
Чаму мы, юрысты, якія маюць стаць дзяржаўнымі службоўцамі і абавязаныя ведаць беларускую мову для камунікацыі і абслугоўвання, не можам атрымаць ва ўніверсітэце неабходных ведаў?
Інфармацыя і беларуская мова
Навіны
- З пачатку 2000-х гадоў у Беларусі пераважная большасць асноўных СМІ выходзіць на рускай мове.
- У 2011 г. ўсяго на каналах нацыянальнага тэлебачання перадачы вяліся па-беларуску 626 гадзін (4% эфіру), па-руску – 14 882 гадзін (96% эфіру).
- У 2018 г. з 501 газеты было 176 (35,1%) беларускамоўных. Пры гэтым варта адзначыць, што ўсе агульнанацыянальныя газеты, за выключэннем газеты “Звязда”, выдаюцца на рускай мове.
Інтэрнэт
Марыя:
Дыскрымінацыя ёсць на сайтах, калі запаўняеш форму, напрыклад для замовы. Бывае, што ў сайта няма беларускамоўнай версіі, але запоўніць заяўку я магу па-беларуску. Але бывае, што проста немагчыма запоўніць па-беларуску – сайт не прапускае беларускую мову, выдае памылку.
Крамы і аптэкі
Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза “Аб бяспецы ўпакоўкі” прадпісвае, што “інфармацыя павінна быць выкладзена на рускай мове і на дзяржаўнай(ых) мове(ах) дзяржавы-члена МС пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў у заканадаўстве(ах) дзяржавы(ў)-члена(ў) МС”. Але, слова “або” ў артыкуле аб маркіроўцы Закона “Аб мовах” зводзіць сітуацыю да наступнага: руская мова зараз у маркіроўцы азначанай прадукцыі абавязковая, а беларуская – не.
Прававая інфармацыя
У 2021 г. Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі паведаміў, што ў Эталоннай базе даных прававой інфармацыі размешчана 195 130 прававых актаў, з іх 2 729 – на беларускай мове. Такім чынам, толькі 1,4% прававых актаў маюць версію на беларускай мове. Пры гэтым абсалютная большасць беларускамоўных актаў маюць тэхнічны, нязначны з юрыдычнага пункту гледжання, характар і невялікія па аб’ёме.
Абслугоўванне ва ўстановах і беларуская мова
Ірына:
Я была адзіная цяжарная ў нашай кансультацыі, у каго была картка на беларускай мове, і праз гэта я сутыкнулася з шматлікімі непрыемнымі сітуацыямі. Жанчына ў рэгістратуры мяне проста ненавідзела, казала: “Боже! Я не учила никогда белорусский язык!” (“Божа! Я ніколі не вучыла беларускую мову!”) Пры афармленні абменнай карткі яна перапісвала дадзеныя з пашпарта і зрабіла чатыры памылкі, пасля чаго доўга выпраўляла напісанае карэктарам, запісвала зверху. Яшчэ такі момант: маё прозвішча па-рознаму гучыць па-руску і па-беларуску. І калі прыходзілі аналізы, увесь час былі нейкія праблемы з прозвішчам.
Таццяна:
Мы шпацыравалі ўздоўж вадасховішча Дразды і зайшлі выпіць кавы. Я папрасіла кавы і мне прынеслі “Каву” – іспанскае ігрыстае віно.
Барбара:
Я была ў гандлёвым цэнтры “Замак”, там ёсць крама касметыкі “Мissha”. Мы размаўлялі з кансультантам, і потым, калі яна мяне разлічвала на касе, такая: “Откуда вы приехали?” (“Адкуль вы прыехалі?”). Я спытала: “У сэнсе?”. Яна пачала казаць кшталту: “Ну, вы же на украинском языке разговариваете – наверное, из Украины?” (“Ну вы ж на ўкраінскай мове размаўляеце – напэўна, з Украіны?”)
Дзяніс:
Калі ладзілі вяселле і распісваліся з жонкай у ЗАГСе, папярэдне на бланку заявы мы падкрэслілі пункт, што абіраем цырымонію па-беларуску. На бланку ёсць такі пункт выбару мовы. І вось мы такія прыгожыя заходзім у ЗАГС, рэгістратар адкрывае рот і праводзіць усю цырымонію па-руску.